Лепшыя юныя мовазнаўцы з розных куткоў Міншчыны з’ехаліся ў наш горад, каб паспрачацца за званне мацнейшага на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 10 студзеня адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Выпрабаванні па беларускай мове і літаратуры на працягу двух дзён пройдуць у Барысаўскім дзяржаўным каледжы, а па рускай — у Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі.

Каб трапіць на «вобласць», вучні 9-11 класаў павінны былі не толькі перамагчы на школьтных і раённых алімпіялах, але і атрымаць высокія балы ў рэйтынгу. Таму колькасць членаў раённых каманд была рознай. Барысаўшчыну на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове прадстаўляюць сем чалавек: па тры —вучні 9 і 10 класаў і адна адзінадцацікласніца.

На ўрачыстым адкрыцці алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, якое прайшло ў БДК, прысутнічаў начальнік Галоўнага ўпраўленя адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

— Сёння ў 14-ці кропках Міншчыны сабралася 919 вучняў, якія прымаюць удзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па 17-ці вучэбных прадметах, — паведаміў Мікалай Мікалаевіч, звяртаючыся да юных мовазнаўцаў і іх педагогаў. — Лічу, што кожны беларус павінен ведаць, размаўляць на сваёй роднай мове. Таму сёння невыпадкова прыехаў на адкрыццё менавіта гэтай алімпіяды. Кожнаму з вас хочацца пажадаць, каб вы думалі і дома размаўлялі па-беларуску. Жадаю усім поспехаў на ніве авалодання беларускай мовай і літаратурай, яе захавання і развіцця. Я перакананы, што сярод вас ёсць будучае нашай нацыянальнай літаратуры. Хачу пажадаць вам поспехаў у гэтыя дні і спадзяюся, што Мінская вобласць зноў стане лепшай у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Наперадзе ў  «алімпійцаў» два складаныя дні. Яны павінны будуць прадэманстраваць не толькі свае веды па прадмеце, але і творчыя здольнасці.

— У першы дзень вучні пішуць водгук, а ў другі — комплексную работу, — расказала упаўнаважаны прадстаўнік аргкамітэта трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды Святлана Казакевіч. — Па абодвум выпрабаванням уводзіцца агульны вынік, па якім будуць размеркаваны месцы. У водгуку ацэньваецца больш творчы падыход, а ў комплекснай рабоце — веды па арфаграфіі, граматыцы і г.д. Пераможцы трэцяга этапа маюць ільготы пры паступленні ў профільныя вну.

А каб перад такімі складанымі выпрабаваннямі ўдзельнікі алімпіяды змаглі крыху адпачыць і расслабіцца, сіламі БДК і СШ №2 для іх быў падрыхтаваны святочны канцэрт, у якім выступілі, як асобныя салісты, так і творчыя калектывы — пераможцы прэстыжных конкурсаў.

Закрыццё ж трэцяга этапу і ўзнагароджанне яго пераможцаў адбудзецца ў чацвер, 13 студзеня. Спадзяёмся, што гэта дата будзе ўдачнай для каманды Барысаўскага раёна.

                                             Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry