Падчас правядзення навукова-практычнай канферэнцыі «Нематэрыяльная спадчына — здабытак краіны» ў фае Палаца культуры імя М. Горкага раскінулася выстава «Нематэрыяльная спадчына Мінскай вобласці».

Зубра і лялек з саломы бачылі многія. А вось цэлы кошык садавіны, выкананай з гэтага матэрыялу, не ўсюды можна ўбачыць! Як і майстэрскія пано, якія літаральна свецяцца золатам. Гэтую прыгажосць прывезлі на выставу супрацоўнікі Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў.
— Акрамя саломапляцення, у нас у цэнтры шырока прадстаўлены такія напрамкі, як віцінанка, лозапляценне, вышыўка, — расказвае метадыст Ала Бажко. — Працуюць гурткі, майстры імкнуцца прыцягваць дзяцей, бо гэта нашы народныя промыслы, і мы павінны перадаць іх маладому пакаленню. Паглядзіце самі, хіба гэта не прыгажосць?

Маладзечанскую школу выцінанкі, якой надалі статус нематэрыяльнай спадчыны, прадстаўляе Наталля Чырвонцава, выкладчык адзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага:
— Прывезлі на форум выставу, каб прадставіць нас. Мы першыя ў краіне стварылі школу выцінанкі. Яе заснавальніцай стала Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава. Дзякуючы ёй мы не толькі захавалі традыцыі, але і зрабілі выцінанку больш папулярнай. Выразать няпроста. У старажытнаці ўсё рабілі вялікімі нажніцамі са звычайнай паперы, і зробленыя творы насілі сакральны характар. Нашы работы — ужо не абярэг, а прадмет графічнага мастацтва, упрыгожанне інтэр’еру. Працуем і нажніцамі, і разцом з паперай рознай таўшчыні. Ручная праца ніколі не параўнаецца з той жа лазернай рэзкай. У ёй жыве душа мастака.

У квяцістай акуратнай хустачцы за асобным столікам — народны майстар Рэспублікі Беларусь Наталля Рыгораўна Адзінец з аг. Рагачэнь Любанскага раёна. У яе руках літаральна пырхаюць нажніцы — традыцыйная выцінанка кладзецца на стол…
Гледзячы на гэты спрыт і шпаркасць, не скажаш, што майстысе ўжо 86 гадоў!
— Пасля вайны гардзін не было, і мама паказала, як выразаць упрыгожванні на вокны, — усміхаецца яснымі вачамі яна. — Так і навучылася. Памятаю, надумалі выразаць і пафарбаваць выраб, а потым накрылі паперу марляй і на кут, пад іконы павесілі. Такая прыгажосць атрымалася, нібы карункі! Папяровымі выразанымі сурвэткамі высцілалі палічкі, шафкі. Мама навучыла ўзорам простым: «сухарыкі», «кветкі» і «лялькі». А потым я ўжо стала прыдумляць свае. З паперай працаваць проста. З тканінай больш складана. Каб усё атрымалася хораша, трэба браць шчыльны цвёрды паркаль!

Клубы сучаснай вясковай кулінарыі “Кузьміцкія прысмакі” і “Кулітка” з Любанскага раёна здзівілі духмяным “свойскім” хлебам з печы і беларускім бутэрбродам з салам і агурком. Дарэчы, тэхналогія выпякання гэтага хлеба ў вёсках Кузьмічы і Жораўка з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю!
— Сакрэтных рэцэптаў няма, яны проста перадаюцца ў нас з пакалення ў пакаленне, — усміхаецца Таццяна Хацько, кіраўнік клуба “Кузьміцкія прысмакі”. — Я, напрыклад, пяку як маці вучыла, але і сёе-тое сваё ў рэцэпт дадала. Абавязкова стаўлю хлеб раз у тыдзень. Калі рыхтаваць не на заквасцы, на падрыхтоўку сыходзіць каля 5 гадзін, на заквасцы — каля 2 сутак. У вёсцы ў нас шмат хто з гаспадынь пячэ хлеб. Галоўны сакрэт адзіны — добрая мука, добры замес, добрая печ. І, вядома, добры настрой!


Вольга ЦЫБУЛЬКА,
фота Юрыя АБРОСЬКІНА