За сваю гісторыю ПСГ «Чарневічы» ведала ўзлёты і падзенні, некалькі разоў мяняла назву і форму ўласнасці. Аднак, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і цяжкасці, здолела выстаяць і нарасціць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі. І ўжо колькі гадоў запар да свайго прафесійнага свята падыходзіць з добрымі вынікамі. Сёлета тут таксама ёсць чым ганарыцца.

Каля дзевяці дзясяткаў гадоў прайшло з таго часу, калі ў вёсцы Чарневічы, што за 25 км ад Барысава, былі створаны першыя калектыўныя гаспадаркі «Усход сацыялізму» і імя Розы Люксембург. Потым яны злучыліся ў адну, а ў 1957 годзе калгас быў ператвораны ў саўгас імя В.І. Чапаева. Праз 35 год гаспадарка ізноў стала калгасам, а ў 2003 г. рэарганізавана ў ПСГ «Чарневіцкі», які праз год быў далучаны да ААТ «Барысаўскі завод агрэгатаў».

У цесным звязку

У сельскагаспадарчага прадпрыемства, можна сказаць, з таго часу адкрылася другое дыханне. Дзякуючы дапамозе завода, тут праведзена рэканструкцыя кароўніка, зроблены праезд і агароджана ферма ў в. Шабынькі, пабудавана 7 сянажна-сіласных траншэй, з’явіўся будынак для часовага ўтрымання БРЖ, адрамантавана збожжасховішча, устаноўлены зернесушыльны комплекс і г.д.

Шмат увагі надаецца тэхнічнаму перааснашчэнню як машынна-трактарнага парку, так і жывёлагадоўчых аб’ектаў. За апошнія гады гаспадарка набыла 8 трактароў, з якіх два энерганасычаныя, тры збожжаўборачныя і адзін кормаўборачны камбайн, тры пагрузчыкі «Амкадор». Акрамя таго, ААТ «БЗА» перадало грузавыя аўтамашыны і аўтобусы для дастаўкі працаўнікоў з Барысава.

На жывёлагадоўчых фермах аднаўляецца абсталяванне сістэм даення, водапаення, гноевыдалення і іншае, набыты агрэгат для прыгатавання камбікармоў. Сучаснай тэхнікай забяспечаны спецыялісты, што не толькі аблягчае іх працу, але і дазваляе аператыўна вырашаць праблемы.

— За 17 гадоў, што гаспадарка далучана да завода, зроблена шмат, — заўважае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пулькач. — Таму хочам падзякаваць яго кіраўніцтву і спецыялістам за своечасова аказаную дапамогу ў вырашэнні любых нашых праблем.

Год на год не прыходзіцца

ПСГ «Чарневічы» спецыялізуецца на вытворчасці малака, вырошчванні БРЖ, збожжа і сурэпіцы. Сёлетні год выдаўся складаным для раслінаводчай галіны: з-за гібелі азімых і летняй засухі не ўдалося дасягнуць леташняй рэкорднай ураджайнасці збожжа — 40 ц/га.

— Пры невялікім бале ўрадлівасці сельскагаспадарчых земляў — 24,7 — сёлета мы атрымалі ўраджайнасць збожжа 27,7 ц/га, — тлумачыць эканаміст Людміла Ліпніцкая. — Таму і знізіўся паказчык валавой прадукцыі раслінаводства ў параўнанні з мінулым годам. Аднак жывёлагадоўля прырасла — 100,2%. На 1 лістапада ў гаспадарцы надоена 2231 т малака (удой на карову склаў 5188 кг), атрымана прадукцыі вырошчвання — 182,5 т (пры сярэднесутачным прыбаўленні ў вазе 658 г). Створаны паўтарагадовы запас кармоў.

За лічбамі і паказчыкамі

На двух фермах па вырошчванню і адкорму маладняку БРЖ, малочна-таварнай ферме, мехдвары і ў паляводчай брыгадзе сельгаспрадпрыемства працуе сто чалавек. Сярод іх і вопытныя аграрыі, і маладыя спецыялісты, якіх тут трое: галоўны аграном Дзмітрый Раёнак, ветэрынарны ўрач Уладзіслаў Ходараў і аграном Раман Дубадзелаў.

Дарэчы, у гаспадарцы ёсць дом з усімі зручнасцямі, жыллё ў якім прадастаўлена ў тым ліку і маладым спецыялістам.

— Зямля і людзі — вось галоўнае багацце нашай гаспадаркі, — упэўнены Уладзімір Іванавіч. — Усе вынікі дасягнуты дзякуючы людзям, што працуюць на гэтай зямлі, іх самаадданасці і прафесіяналізму.

У кожным падраздзяленні сельгаспрадпрыемства ёсць на каго раўняцца. Так, у паляводчай вытворчай брыгадзе Рыната Хасяневіча, дзе працуе пяць чалавек, гэта Аляксандр Мытнік. У МТФ «Шабынькі», на якой утрымліваецца 64% БРЖ сельгаспрадпрыемства, сярод лепшых Марыя Ключнік, Алена Завадская, Галіна Нетцель і Васіль Карпека. На добрым рахунку тут таксама Віктар Толкач, Галіна Чарняк, Ірына Цітавец і Аляксандр Чарняк. Узначальвае МТФ Сяргей Ільюшонак.

На ферме Осава лепшымі па вырошчванню маладняку БРЖ (брыгадзір Вера Дуброўская) прызнаны Сяргей Свірскі, Пётр Матусевіч, Леанід Дзюрагін і Вадзім Апарэвіч, а на адкорме БРЖ (брыгадзір Ганна Кудзіна) у перадавіках Аляксей Шабан і Максім Герасімчук.

Зразумела, іх поспехі немагчымы без работнікаў аўтатрактарнага ўчастка і рамонтна-механічнай службы гаспадаркі, якую ўзначальвае галоўны інжынер Мікалай Клімовіч. Слоў падзякі за бездакорную працу заслугоўваюць як вопытныя працаўнікі: Аляксандр Шышла, Леанід Паўловіч, Сяргей Саскавец, Юрый Куракевіч, Уладзімір Жызнеўскі, так і маладыя: Аляксандр Хількевіч, Васіль Балясны і Аляксандр Касцюкевіч, а таксама вадзіцелі ААТ «БЗА» Максім Валаховіч, Аляксандр Шутко і Леанід Мельнік.

— Паважаныя работнікі ПСГ «Чарневічы», а таксама ўсе працаўнікі сельскай гаспадаркі і ветэраны АПК, — з такімі словамі звяртаецца да калег Уладзімір Пулькач. — Прыміце самыя цёплыя віншаванні са святам! Дзякуй вам за тое, што паспяхова спраўляецеся з тымі няпростымі задачамі, якія стаяць перад калектывам гаспадаркі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, поспехаў у працы, заўсёды добрага надвор’я і падтрымкі блізкіх людзей!

Інга РАМАНОЎСКАЯ

УНП 601055566 ПСГ «Чарневічы» ААТ «БЗА»

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry