Зараз на рэспубліканскім узроўні распрацоўваецца Праграма патрыятычнага выхавання грамадзян Рэспублікі Беларусь на 2022-2025 гады. У ёй між іншым будуць занатаваныя механізмы кансалідацыі грамадства, а таксама сродкі яднання беларусаў. Мы паклікалі ў рэдакцыю “А” прадстаўнікоў розных структур, каб знайсці адказ на шэраг пытанняў, у ліку якіх наступныя: ці можна выхаваць патрыёта, а калі так, то якім чынам?
Станаўленне асобы пачынаецца ў сям’і, дзе закладваецца падмурак яе будучага развіцця. Часцей за ўсё дзіця пераймае тое, што чуе ад бацькоў. Мама і тата – прыклад для яго. Сталенне чалавека адбываецца пад уздзеяннем соцыуму: у моманты зносінаў з сябрамі, баўлення часу ў сеціве, уласных назіранняў за тым, што адбываецца навокал. Важны інстытут пры фарміраванні асобы – школа. Апошнім часам выхаваўчы складнік у школах Беларусі ўзмацняецца нават у параўнанні з навучальным. Адзін з цэнтральных накірункаў работы пры гэтым – патрыятычны.

Усё пачынаецца з малога
— Пачуццё патрыятызму само па сабе не з’яўляецца. Усё пачынаецца з малога: калі зусім малыя дзеці з дзяржаўнымі сцяжочкамі ў руках назіраюць за калонай людей. Сярод іх ваеннаслужачыя і ветэраны, якія ўскладаюць кветкі на Алеі герояў, – выказвае думку кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання сярэдняй школы №7 г. Барысава Уладзімір Валянцінавіч Іваноў. – У пачатковай школе з дзецьмі пачынаюць працаваць прадметна: кім былі продкі, ці ваявалі яны, якія маюць узнагароды? Пачаткоўцы складаюць гісторыю сям’і. Далей – болей. Многія становяцца навучэнцамі класаў патрыятычнай накіраванасці. Яны апранаюць ваенную форму, якая сама па сабе дысцыплінуе, да многага абавязвае. Сёлета патрыятычныя класы папоўнілі каля 60 школьнікаў.

На думку Уладзіміра Валянцінавіча, выток патрыятызму – у гістарычнай памяці. Калі чалавек памятае гісторыю свайго рода, сваёй дзяржавы, то ён будзе патрыётам.

У ліку запрошаных да дыялогу былі і вучні сярэдняй школы №7 г. Барысава – адзінаццацікласнік Уладзіслаў Паус і дзесяцікласніца Дар’я Шапецька.
Улад свядома збіраецца звязаць сваё жыццё са службай ва ўзброеных сілай, Даша імкнецца стаць медыкам. Абодва – навучэнцы патрыятычных класаў.
– Форму я нашу не проста так. На маю думку, гэта адзін са спосабаў выразіць сваю любоў і адданасць краіне. Лічу сябе патрыётам у тым ліку і таму, што мне вельмі прыемна прадстаўляць сваю краіну ў разнастайных конкурсах, спаборнічаць з прадстаўнікамі іншых дзяржаў, – падзялілася сваімі думкамі Даша. – Апошнія два гады мы ездзілі ў лагер “Зубраня”, удзельнічалі ў кадэцкай змене “За гонар Айчыны”, дзе паказалі годныя вынікі. Акрамя гэтага, я – салістка ансамля народнай песні “Медуніца”. У складзе калектыву наведала мноства краін, дзе мы займалі прызавыя месцы і праслаўлялі нашу мову і традыцыі.
Паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў 2021 годзе, а таксама аналітычных матэрыялаў: 58,3% беларусаў назвалі сябе патрыётамі; 24,6% – не змаглі адказаць на пытанне; 17,1% – не лічаць сябе патрыётамі Беларусі.
Значная роля патрыятычнага выхавання і ў сярэдняй школе №25 г. Барысава, дзе створаны міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

– Калі я пытаюся ў нашых вучняў, што для іх патрыятызм, большасць адказваюць – любоў да Радзімы. Аднак лічу, што кожны чалавек павінен ганарыцца ў першую чаргу сваёй сям’ёй, пасля – сваім класам і школай, далей – месцам, дзе ён нарадзіўся, і, канечне, сваёй краінай. І гэта ўсё складваецца ў вялікі ланцужок патрыятызму, – агучыла сваё меркаванне загадчыца міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Таццяна Мікалаеўна Журавель.
Педагог распавяла, што значную ролю ў выхаванні патрыятычнай моладзі адыгрывае цеснае ўзаемадзеянне школы і ваеннаслужачых. Тыя мерапрыемствы, якія ладяцца сумесна, не праходзяць бясследна і накладваюць свой след на светаўспрыманне вучняў. Неад’емнай часткай работы ў дадзеным накірунку, на думку Таццяны Мікалаеўны, з’яўляюцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Такая работа вядзецца і ў іншых школах.
Падчас адной сустрэчы ў СШ №2 запрошаная госця, якая перажыла блакадны Ленінград, кожнаму школьніку дала невялікі кавалачак хлеба (такія выдавалі блакаднікам) і папрасіла падчас гутаркі пакаштаваць яго і адчуць сапраўдны смак. Па меркаванні Таццяны Журавель, нават у такіх дробязях выхоўваецца патрыятызм.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Марыны Свірскай, вучняў тых устаноў, дзе значная ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню, бачна здалёк. Калі, да прыкладу, ладзяцца ваенна-спартыўныя святы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, гэтыя дзеці праходзяць этапы спаборніцтваў найбольш паспяхова. Такі момант таксама сведчыць пра многае.
Пра сапраўдных мужчын і берцы не па памеру
Служба ў арміі суіснуе ў цеснай сувязі з паняццем патрыятызму. Па словах начальніка групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Барысаўскага і Крупскага раёнаў падпалкоўніка Андрэя Балахонава, апошнім часам назіраецца наступная тэндэнцыя: шмат маладых людзей імкнецца служыць па кантракце.

Іншая справа – няпростая сітуацыя ў дачыненні здароўя маладых людзей:з сотні чалавек, якія ідуць на медыцынскую камісію, у лепшым выпадку 35 – годныя для праходжання тэрміновай службы і службы па кантракце.

Да гутаркі далучыўся намеснік начальніка цэнтра тэхнічнага забеспячэння па ідэалагічнай рабоце маёр Міхаіл Кумякоў. Зыходзячы з яго назіранняў, моладзь, якая толькі-толькі скончыла школу, – больш складаны кантынгент у арміі. Як правіла, гэта імпульсіўныя маладыя людзі з вялікімі амбіцыямі. Аднак і тыя, хто мае за плячыма значны жыццёвы вопыт, таксама маюць сваю сфарміраваную пазіцыю. Нярэдка яна ідзе ў разрэз з тым, што спрабуюць данесці да прызыўніка ва ўзброеных сілах.
У любым выпадку, дастаткова часта чуе Міхаіл Кумякоў ад бацькоў словы ўдзячнасці ў адрас прадстаўнікоў 72 АВЦ за перавыхананне іх дзяцей.
Сучасная армія значна адрозніваецца ад той, якой яна была некалькі гадоў таму. На думку ваеннаслужачага, так і павінна быць. Жыццё не стаіць на месцы, мяняюцца пакаленні, і варта рушыць у нагу з часам. Так, яшчэ некалькі гадоў таму той факт, што салдатам можна будзе мець у доступе тэлефон, хай сабе кнопкавы, быў неверагодным. Зараз – гэта звычайная рэч.
— А я супраць арміі, – унёс свой каментарый Георгій. Хлопец летась скончыў школу.
Патлумачыў наступнае: яго знаёмаму, які служыць у арміі, выдалі берцы не яго памеру. Як такое магчыма?!
Андрэй Балахонаў падрэсліў, што занадта часта падобныя выказванні могуць быць фэйкам. І сапраўды, лепш самому ўсё адзін раз убачыць.
Таму Міхаіл Кумякоў запрасіў маладога чалавека наведаць 72 АВЦ. Магчыма, хлопец крыху змякчыцца ў сваіх меркаваннях.
Лепшы прыклад – асабісты
Дырэктар Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Кацярына Ракіцкая глядзіць на тэму патрыятызму не толькі з боку работніка цэнтра, дзе вядзецца работа па захаванню гістарычнай памяці, але і як маці.

— Важна выхоўваць дзіця з маленства. Да прыкладу, калі едзем у Мінск, абавязкова спыняемся ля Кургана Славы. Лічым прыступкі, прагульваемся побач з устаноўленай там ваеннай тэхнікай. Дзецям вельмі важна ўсё ўбачыць, памацаць. Тады больш запамінаецца і ўсведамляецца.
Як дырэктар цэнтра, яна прапаноўвае больш актыўна выкарыстоўваць QR-коды на розных аб’ектах, якія дапамогуць мабільнай моладзі пры жаданні даведацца шмат цікавага.
— Адзін наш чытач нядаўна зноў закрануў тэму, што наяўнасць ля Вечнага агню танкаў – небяспечнасць, бо дзеці лазяць па іх, – уключылася галоўны рэдактар газеты “Адзінства” Кацярына Вараб’ёва. – Зыходзячы з такога меркавання, канечне, усё будзе дрэнна. Аднак, калі прыводзіць сваіх дзяцей і болей распавядаць ім пра тое, чаму ваенная тэхніка тут знаходзіцца, пэўна, вынік будзе больш карысны.

У сям’і барысаўчаніна Аляксандра Волкава дзве дачушкі. З маленства іх вучаць паважаць Радзіму, дзяржаўныя сімвалы, а таксама цаніць гістарычнае мінулае. Дзеці выхоўваюцца на тых традыцыях, якія некалі прывівалі Аляксандру і яго жонцы іх бацькі.
Скончылася сустрэча лірычна. Дар’я Шапецька выканала цудоўную песню на роднай мове “Белая ластаўка”. Падчас яе праслухоўвання, магчыма, хтосьці проста атрымліваў асалоду ад беларускай мовы, а хтосьці ўжо пачаў абдумваць тое, пра што ішла гутарка. А вы як думаеце, патрыятызм можна выхаваць?
Таццяна САКОВІЧ,
фота Юрыя АБРОСЬКІНА