Людміла Браніславаўна Захарэвіч ужо 7 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але на звычайную бабулю яна зусім не падобна. Так, любіць займацца на прысядзібным участку кветкамі, вырошчвае гародніну, гатуе розныя смачныя стравы. А яшчэ вядзе свой YouTube-канал “Казкі на канапе”, прагляды якога ўжо лічацца тысячамі. Нічога сабе бабуля! Так-так, скажу больш. Чытае яна сучасныя беларускія казкі, загадзя атрымліваючы згоду ад саміх пісьменнікаў. А потым выкладае іх у сусветную павуціну.

Голас Людмілы Браніславаўны шыкоўны, мілагучны. Здаецца, слухала б і слухала. І самае галоўнае – падабаецца дзецям. Праверыла на 7-гадовым сыне. Ён, вельмі актыўны, халерычны папрыгунчык, пачуўшы гаворку Людмілы Браніславаўны, ды ячшэ на беларускай мове, замоўк і не варухнуўся ўсе 5 хвілін, пакуль слухаў казку.

Амаль 45 год жанчына працуе ў бібліятэчнай сістэме. І вельмі любіць беларускую літаратуру, асабліва сучасную. Яна знаёма і сябруе са многімі айчыннымі аўтарамі.

–     Калі прыйшла пандэмія і ўвесь свет “спыніўся”, нешта звысок падказала мне: прыйшоў твой час, – прызнаецца яна. – Мае ўнукі жывуць за мяжой, паехаць да іх не было магчымасці. Выручаў інтэрнэт і сацсеткі. Па ім я размаўляла з унукамі, а бывала, і чытала малодшым казкі. У падарунак ад сучаснага класіка дзіцячай літаратуры Уладзіміра Ліпскага атрымала яго новую кнігу “Памілуй і ўзвысь”. Захацелася пачытаць некалькі твораў на камеру. Вынік задаволіў. Паспрабавала прачытаць на камеру казку. Потым з падачы калег выставіла на свой канал у інтэрнэце.

Адкуль яна гэта ведала? Усё метадам проб і памылак. Дачка падарыла айпод, калегі – мікрафон і стойку, за што яна ім вельмі ўдзячная. Гаспадар дапамог абсталяваць “студыю”, дзе яна запісвае казкі. Гэта веранда, дзе шмат святла і цяпла. А на верандзе ёсць канапа. Адсюль і назва “Казкі на канапе”. Дарэчы, муж Анатоль падтрымлівае жонку. Зачастую чытае па асобах з ёй казкі.

– Алёна Масла, Уладзімір Ліпскі, Тамара Бунта, Наталля Бучынская, Кацярына Хадасевіч-Лісавая – паверце, у нас вельмі многа добрых беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць шыкоўныя павучальныя казкі і апавяданні. У кожную закладзены глубокі сэнс, – прызнаецца яна. – З 2014 года я была на заслужаным адпачынку. На пачатку вясны мяне запрасілі назад у бібліятэку – прапагандаваць беларускую діцячую кнігу. І, ведаеце, я згадзілася. Шмат праектаў рэалізуем, удзельнічаем у конкурсах, праводзім мерапрыемствы для дзяцей. І, шчыра скажу, мне гэта вельмі падабаецца.

На канале “Казкі на канапе” ўжо каля паўсотні казак. І ўсе яны карыстаюцца папулярнасцю сярод беларусаў. Незнаёмыя людзі пішуць ёй у сацыяльных сетках, дзякуюць. Ганарацца бабуляй і ўнукі.

– Спачатку старэйшы ўнук пасмейваўся з майго хобі, а зараз не проста падтрымлівае, але і дапамагае быць прасунутай у сусветнай павуціне бабуляй.

Ганна МЕРКУШЭВІЧ, фота гераіні публикацыі

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry