Янка Купала – асоба выбітная на небасхіле беларускай літаратуры. Яго творчасць вядомая ўсім нам з дзяцінства. А ці ведаеце вы, што лёс паэта звязаны з Барысаўскай зямлёй? Выстава «Плыве у свет рака Бяроза…», якая адкрылася ў Барысаўскім аб’яднаным музеі, прыадчыняе заслону для тых, хто не ў тэме. Тут можна пабачыць унікальныя асобнікі зборнікаў творцы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
На выставе, якая будзе працягвацца да 26 верасня, размешчаны арыгіналы першых зборнікаў Янкі Купалы «Жалейка», «Гусляр» і «Шляхам жыцця», тамы першага прыжыццёвага збору твораў, зборнікі «Песня Будаўніцтву» і «Беларусі ардэнаноснай». На іх старонках паэт змясціў творы, натхнёныя знаёмствам з Барысаўшчынай і яе людзьмі.

– Мы яшчэ летась звязаліся з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і дамовіліся аб супрацоўніцтве. Чаму менавіта гэты музей? Усё проста: жыццё паэта, сапраўднае імя якога Іван Луцэвіч, было звязана з Барысавам, але не многія пра гэта ведаюць. Тым больш сёлета Барысаў мае статус культурнай сталіцы Беларусі. Вось і вынік – сумесная работа. Вялікі дзякуй музею, што пайшлі насустрач, – паведаміла дырэктар Барысаўскага аб’яднанага музея Лілія Вязовіч.

Першымі выставу наведалі вучні сярэдняй школы №24 г. Барысава. З цікавасцю слухалі яны расповед Марыі Бартковай, загадчыцы аддзелам літаратурнага музея Янкі Купалы, пра жыццёвы шлях паэта, а таксама пра яго паездкі на Барысаўшчыну.
– Паэт прыязджаў у творчыя камандзіроўкі ў Барысаў , а таксама наведваў сям’ю сваёй сястры Марыі Аўлачынскай, якая жыла на Барысаўшчыне. Сустрэчы з людзьмі, падарожжы натхнялі яго на стварэнне вершаў, у ліку якіх паэма «Барысаў», – распавяла Марыя Мікалаеўна і прачытала радкі з твора.

Яна таксама пазнаёміла прысутных з вехамі творчасці паэта, з унікальнымі фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць моманты літаратурнай дзейнасці Івана Луцэвіча, а таксама з арыгінальным почыркам творцы.


Яшчэ ў 1920 годзе імя Янкі Купалы займела школа №1 г. Барысава, а ў школьнай бібліятэцы знаходзіліся тамы збору твораў, на адным з якіх быў дароўны надпіс аўтара «На памятку І школе горада Барысава. Янка Купала».

Падрабязнасці гэтай гісторыі прысутныя пачулі з вуснаў барысаўчанкі Ларысы Фёдараўны Белай, былой настаўніцы, а зараз краязнаўцы, якая піша падрабязную гісторыю той самай школы імя Я. Купалы, якая мае 90-гадовую гісторыю: адкрылася ў 1919 годзе і скончыла існаванне ў 2009 годзе. Яна размяшчалася на вул. Дзяржынскага насупраць кінатэатра «Летняга» паблізу парка.
На жаль, мала хто ведае, што да 1932 года школа насіла імя Янкі Купалы: пасля ўціску на яго і спробы скончыць жыццё самагубствам пачаліся ў грамадстве розныя пагалоскі, у школу прыязджаў крытык Лукаш Бэндэ, пасля чаго шыльда са сцяны школы была знятая. Пакрысе людзі пачалі забывацца на тое, што ўстанова адукацыі насіла імя першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.


Ларыса Фёдараўна паказала ўнікальныя фотаздымкі 30-х гадоў. На ім – тагачасныя школьнікі на фоне будынка ўстановы адукацыі.
У апошні раз пісьменнік пабываў на Барысаўшчыне ў 1941 годзе, напярэдадні ад’езду ў Латвію на з’езд пісьменнікаў, але яго дзейнасць на Барысаўшчыне засталася ў гісторыі, і ў яго творчасці.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара