1

Дню народнага адзінства беларусы прысвяцілі рэспубліканскі аўтапрабег. Да яго далучыліся і барысаўчане

Сёння Барысаўшчына прымала ўдзельнікаў рэспубліканскага аўтапрабегу «Сімвал адзінства».

Трынаццацідзённы марафон стартаваў 3 верасня ад мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Калона ў дарозе ўжо другі тыдзень — аўтамабілісты праехалі амаль 7000 км і наведалі больш за 100 населеных пунктаў нашай краіны.

Сімвалічна, што ўсе раёны перадаюць патрыётам імянныя мяшэчкі са збожжам новага ўраджаю, сабраным на палях краіны. Такім чынам кожная вобласць робіць свой унёсак у агульны каравай, які выпякуць да Дня народнага адзінства 17 верасня.

Машыны, упрыгожаныя нацыянальнымі сцягамі, праехалі праз ўсе вобласці нашай рэспублікі. Фінішуе калона 15 верасня ў Мінску. Аб’яднаць беларусаў у рамках Года і Дня народнага адзінства — галоўная мэта ўдзельнікаў прабегу.

Да «Барысаў-Арэны» патрыятычны аўтапрабег прыбыў а трэцяй гадзіне дня.

Яго ўдзельнікаў сустракалі барысаўчане на чале з намеснікам старшыні Барысаўскага райвыканкама Анастасіяй Копікавай.

— Мы рады вітаць вас на нашай гасціннай зямлі напярэдадні Дня народнага адзінства, — сказала яна. — Дата 17 верасня — сімвал перамогі для тых, хто хоча бачыць Беларусь мірнай, моцнай і незалежнай. Усіх нас, ад моладзі да ветэранаў, аб’ядноўвае любоў да Радзімы. І захаванне гістарычнай памяці мае выключнае значэнне для будучыні. Кожны з нас павінен ведаць простую ісціну: мы мацней, калі разам!

У кожным рэгіёне «Патрыёты Беларусі» дарылі прадстаўнікам сустракаючых дэлегацый сімвалічны крышталь з выявай контура Беларусі і надпісам: «Нас усіх аб’ядноўвае родная зямля». Не выключэннем стаў і Барысаўскі раён. Дарэчы, аналагічны сімвал, але вялікага памеру, будзе ўсталяваны 17 верасня ў «Мінск-Арэне», дзе пройдзе святочны канцэрт.

Каля спорткомплексу адбылася і ўрачыстая перадача сімвала акцыі — мяшочка са збожжам новага ўраджаю, які сабралі на нашай зямлі. Яго беражліва ўручылі старшыні РГА «Патрыёты Беларусі» Сяргею Рачкоўскаму і яго намесніку Ганне Харуце.

— Мы ўражаныя нашымі людзьмі. Вандруючы па краіне, пераканаліся, якая яна чыстая, прыгожая! Колькі на ёй розных памятных і цудоуных мясцінаў. Але галоўнае наша багацце — людзі. Шчырыя, добрыя, адкрытыя і гатовыя падставіць плячо у цяжкі момант. Нас вельмі цёпла сустракалі ў кожным кутку краіны. І гэта — безкаштоўна! — сказалi яны. — «Сімвал адзінства»  — маштабная акцыя, якую распачала наша арганізацыя. Прыемна, что да нас далучаюцца розныя людзі, якіх аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі, якія хочуць зберагчы яе незалежнасць. Менавіта гэта любоў да Радзімы робіць нас моцнымі.

Многія барысаўчане, прадстаўнікі працоўных калектываў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў далучыліся да аўтапрабегу (калона павялічылася на звыш за пяцьдзясят аўто). Сярод іх — намеснік ваеннага камісара-начальнік мабілізацыйнага аддзела ваеннага камісарыята Барысаўскага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці падпалкоўнік Міхаіл Хадасевіч:

— Мерапрыемства прыгожае, далучыўся да яго па закліку душы і сэрца, каб падтрымаць суайчыннікаў. У гэтым таксама адзінства нашага народа. Паедзем сямейным падрадам: жонка Анастасія і дзеці вырашылі паўдзельнічаць са мной. Разам з намі і іншыя прадстаўнікі камісарыята — нікога ўгаворваць не трэба было. Усе, толькі пачуўшы, што рэспубліканскі прабег пройдзе на Барысаўшчыне, адразу выяўлялі жаданне далучыцца таксама!

Георгій Шафраноўскі, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі завода «Белджы» перад пачаткам мерапрыемства правярае, ці надзейна прымацаваны да машыны нацыянальны сцяг.

— Далучаюся да калоны, таму што выказваю сваю грамадзянскую пазіцыю. Еду разам з дарослым сынам. Гэта вельмі важна для падрастаючага пакалення, бо сваю краіну, сваіх людзей трэба любіць!

Сярод барысаўскіх удзельнікаў аўтапрабегу — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Зяблікава: 

— Мая душа сёння побач з людзьмі. Я разумею, што павінна быць тут. Наперадзе нас чакае вялікае свята — Дзень народнага адзінства. І мы сапраўды разам і гатовыя даказаць, што беларусы — вялікая непераможная нацыя. Мы перадалі ў агульны каравай збожжа сёлетняга ўраджаю. Беларусь — аграрная краіна, і наш хлеб — яшчэ адна святыня, якая нас аб’ядноўвае, — зазначыла сенатар.

Пасля прывітання ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў Крупскі раён. З вясёлым настроем, пад дынамічную музыку і з заклікам «Па машынах!» кіроўцы паспяшаліся да сваіх аўтамабіляў. На развітанне Сяргей Рачкоўскі зазначыў:

— Шмат людзей прыядналіся да нас па дарозе, нават на запраўках пыталіся, ці можна праехаць разам у калоне. Мы ганарымся нашым народам! У наступным годзе абавязкова прыдумаем нешта новае і крэатыўнае. Але галоўнае, разам мы павінны рабіць усё магчымае, каб наша краіна стала яшчэ лепш. Наш аўтапрабег будзе завершаны заўтра на Кургане Славы. Далучайцеся!

Вольга ЛІСАВА, фота аўтара