Сёлета пляцоўкай для правядзення Дня беларускага пісьменства стаў Капыль. Журналістка газеты “Адзінства” пераадолела каля 180 км, каб з галавой акунуцца ў святочны вір і распавесці чытачам пра тое, што адметнага было ў гэтым дні.

Прыкладна ў 10 гадзін на пл. Леніна колькасць гараджан і гасцей Капыля пачала павялічвацца.

Ад самага ўезду ў горад і да яго цэнтра расцягнуліся гандлёвыя і забаўляльныя рады, атракцыёны. Працавалі рамеснікі. Паўсюдна чуліся песні.

Аматары гісторыі і літаратуры сканцэнтраваліся ля выставы гістарычнай кнігі “Памяць”. З цікаўнасцю разглядалі наведвальнікі выставу-прэзентацыю выданняў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі “Слова пісьменніка”, гарталі старонкі кніг і нават слухалі песні. Некаторыя асабліва чакалі аўтограф-сесію, каб атрымаць запаветны подпіс ад аўтара.

Сярод гасцей Капыля я сустрэла намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Анастасію Копікаву і дырэктара Палаца культуры імя М. Горкага Ганну Жарыкаву. Яны з цікаўнасцю знаёміліся са шматлікімі пляцоўкамі, размешчанымі ў горадзе, разглядалі экспазіцыі, паглыбляліся ў культуру Капыльскага раёна.

Дваццаць першае стагоддзе цудоўнае тым, што побач са звычайнай папяровай кнігай мірна суседнічае свет віртуальнай літаратуры і разнастайных праектаў.

Усё гэта спалучылася на алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна. “Параскіданыя” па парку літары, на кожную з іх – прозвішчы пісьменнікаў капыльскай зямлі.

Разыначка алеі – QR-коды. Каб прасунутае пакаленне навяло на іх свае смартфоны і таксама пазнаёмілася з творцамі слова.

Крыху паводдаль выстава работ маладых мастакоў Міншчыны. Многія нацюрморты, партрэты і пейзажы сабралі шмат гледачоў. Вачэй было не адвесці.

Прагульваючыся па алеі, я праверыла і свой навык каліграфіі. Села за школьную парту і старанна вывела: “Са святам, Капыль!” Пісаць пяром, па шчырасці, не надта складана. Галоўнае, каб чарнілы былі. Іначай можна падрапаць паперу.

Пасля цырымоніі спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXVІІІ Дню беларускага пісьменства, кожны змог даслаць сваё прывітанне са сталіцы Дня пісьменства-2021 ў любы куток Беларусі. Зрабіла гэта і я.

На жаль, паштоўкі з каларытамі Капыля ў наяўнасці не было. Прыйшлося набыць канверт з арыгінальнай маркай і подпісам. І вось ён, заклеены, ляціць у паштовую скрынку. Сустракай, Барысаў!

Ля цэнтральнай сцэны ўбачылі знаёмыя твары: прадстаўнікоў цэнтральнай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева і харэаграфічнай школы. У кожнага – свая місія. І шмат зацікаўленых людзей побач.

– Сёння наша бібліятэка распачынае літаратурна-гістарычную алею. Мы прадстаўляем некалькі пляцовак, адна з якіх прысвечана геральдыцы. Выканаўшы ўмовы віктарыны, можна не толькі даведацца значэнне герба таго ці іншага горада Беларусі, але і атрымаць у падарунак стыкерпак, – распавяла Алена Капыток, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева.

Дзве вежы з выявай апостала Паўла ў шэрагу іншых гербаў я знайшла з лёгкасцю. Абяцаны падарунак – у кішэні.

Тут жа можна было пазнаёміцца з літаратурнай калекцыяй дзіцячых аўтараў, а таксама выйграць унікальную паштоўку з партрэтам аднаго са знакамітых пісьменнікаў, намаляванага барысаўскім мастаком А. Мірзаянам. З шэрагу выбітных літаратараў-юбіляраў, у ліку якіх былі Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Леанід Рашкоўскі і Максім Багдановіч, выбрала апошняга. Пасля невялічкай віктарыны, сутнасцю якой было адгадванне твораў паэта, паштоўка апынулася ў маіх руках. Затым метадыст бібліятэкі Таццяна Бардзілоўская пачаставала мармеладам, зробленым уласнаручна з соку ягад.

На пляцоўцы “Барысаўскі бібліятэчны фотахранограф” гаспадарыць бібліятэкар Валянціна Сакалова. Яна і пазнаёміла з экспазіцыяй аўтографаў, якія клапатліва захоўваюцца ў сценах бібліятэкі. Сярод іх ёсць і подпісы капыльчан: Скрыгана, Хведаровіча, Зайцава, Каржанеўскай.

Было шмат жадаючых сфатаграфавацца з дзяўчатамі з барысаўскай харэаграфічнай школы, апранутымі ў сярэднявечныя строі. Па словах канцэртмайстра Ігара Клімко, мэта – перадаць прыгажосць мінулага і сучаснасці. Лічу, што ў іх гэта атрымалася.

Тым часам людзі пачалі сцякацца да галоўнай сцэны. З хвіліны на хвіліну там павінна было адбыцца ўрачыстае адкрыццё свята.

Вядучыя агучылі, што Дзень беларускага пісьменства сёлета адзначаецца ў дваццаць восьмы раз. Яны адрасавалі шмат цёплых слоў Беларусі, яе жыхарам і мове, на якой, дарэчы, праходзіла свята.

Пасля таго, як намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка зачытаў віншаванне жыхарам і гасцям свята ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, да прысутных звярнуўся старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын:

— Міншчына не ўпершыню прымае такое значнае мерапрыемства. І выбар Капыля ў якасці святочнай сталіцы зусім невыпадковы: больш пяцідзесяці вядомых пісьменнікаў і паэтаў звязаны з Капыльшчынай. У іх гонар сёння адкрыта інтэрактыўная алея. Мы паспрабавалі ўсе разам ўпрыгожыць гэты горад і спадзяёмся, што ў большасці сваёй гэта ў нас атрымалася.

Аляксандр Генрыхавіч звярнуў увагу ўсіх і на саламяныя кампазіцыі, якія сёлета асабліва масава з’явіліся паўсюдна на палях вобласці. Ён назваў іх узорам народнай творчасці і падкрэсліў, што словазлучэнне “Капыль вітае!”, нанесенае на адну з саламяных кампазіцый, павінна стаць брэндам гасціннасці гэтага горада.

Віталі прысутных таксама міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усея Беларусі Веніямін і іншыя госці свята.

Мерапрыемства суправаджалася канцэртнай праграмай і было сапраўды беларускім.

Сярод сюрпрызаў – прэм’ера песні на словы беларускага класіка Максіма Танка. Выканалі яе уладальнік прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Яўген Курчыч і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава. Гулянне працягвалася да вечара.

Увогуле, на свяце беларуская мова гучала не толькі са сцэны, але і з кожнага кутка Капыля. Як гэта было цудоўна! Сёння адчувалася, што мова аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае людзей. Лагічная выснова ў Год народнага адзінства. Хацелася б, каб гэта адчуванне было рэчаіснасцю кожнага дня.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
5