Уборачная кампанія ў Барысаўскім раёне набліжаецца да завяршэння. Калі надвор’е будзе спрыяць, аграрыі, мабыць, фінішуюць да канца тыдня. Аднак пакуль што жніво працягваецца. І не перастаюць з’яўляцца новыя лідары. Сёння віншаванні прымалі ў філіяле “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт». Тут багаты “ўраджай” пераможцаў. Ёсць і трохтысячнік.

Традыцыйна віталі хлебаробаў у полі. На гэты раз — паблізу населенага пункта Баяры.

— У гэтай зоне не ўбралі  толькі адно поле. І будзем рухацца далей, – паведаміў па-гаспадарску дырэктар філіяла Вячаслаў Чарнуха. – Засталося 100 га пшаніцы, 50 га аўса і каля 60 га трыцікале. Збожжа ўбрана ўжо на плошчы 2800 га. Сярэдняя ўраджайнасць 48,6 ц/га. Спадзяёмся на тое, што павялічым гэту лічбу.

Трэба сказаць, “Вялікія Навасёлкі” штогод дасягаюць высокіх вынікаў і маюць вялікую колькасць перадавікоў. Летась у фінале ўборачнай гаспадарка мела дванаццаць тысячнікаў. Сёлета шмат лідараў, перасягнуўшых мяжу ў 2000 тон. Ёсць і трохтысячнік. Гэта – вадзіцель філіяла Сяргей Міхайлавіч Каптур. Мужчына, верагодна, гэтага выніку дамогся вопытам – стаж работы амаль трыццаць гадоў. Ды і стабільнасць свой адбітак наклала: працуе нязменна ў адной гаспадарцы, ведае палі як свае пяць пальцаў і ўпэўнена гоніць свой МАЗ да чарговай чатырохзначнай лічбы (зараз на рахунку механізатара прыкладна 3300 перавезеных тон). За гады працы змяніў некалькі машын. Апошняя служыць верай-праўдай вось ужо 17 гадоў, хаця, бывала, і падводзіла ў рабоце. На шчасце, гэты год пакуль што абыходзіцца без паломак.

Сяргей Міхайлавіч Каптур

На пытанне пра галоўныя сакрэты поспеху Сяргей Міхайлавіч паціскае плячыма.

— Нават не ведаю, што вам сказаць. Стараюся працаваць, вось і ўсё. Ад самай раніцы і да глыбокага вечара, – сціпла адказаў перадавік.

Безумоўна, добрага выніку не будзе без жадання і імкнення дасягнуць вышынь у сваёй працы. Мабыць, гэтым і кіраваўся Сяргей Міхайлавіч, калі перад самым узнагароджаннем скокнуў у кабіну МАЗа і накіраваўся на поле, – камбайн быў гатовы “аддаць” збожжа.

Віталь Касцюковіч
Дзмітрый Кукалеўскі

Сярод лідараў гаспадаркі сёння і два камбайнеры – Дзмітрый Кукалеўскі і Віталь Касцюковіч. Іх таксама віншавалі намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Барысаўскага райвыканкама Галіна Давідовіч і старшыня Барысаўскага РК прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава.

Дзмітрый Кукалеўскі ў гаспадарцы з 1993 года. На шаснаццацігадовым камбайне “Лексіён-560” здолеў убраць звыш 2000 тон збожжа. За плячыма Віталя Касцюковіча больш за 10 гадоў стажу, два з іх – у філіяле “Вялікія Навасёлкі”. Яго “стэпаваму караблю” КЗС-1218 – 11 гадоў. Тым не менш, спраўляецца з пастаўленай задачай сабраць ураджай без страт. І перасягнуў лічбу ў 1000 тон. Вынік, канечне, не такі высокі, як у іншых яго калег, аднак таксама вельмі важны ў агульным заліку гаспадаркі. І для сябе асабіста таксама перамога.

Сяргей Уладзіміравіч Каптур

Зазірнулі і на зернесклад. Тут заспелі вадзіцеля Сяргея Уладзіміравіча Каптура. Ён паспяхова праходзіў уборачную кампанію. Перавёз звыш 2000 тон, бывала, што ў дзень і па 200 т адвозіў. Але вось зламаўся. Шчыра прызнаецца, што наўрад ці паспее павялічыць вынік на тысячу. Аднак будзе вельмі старацца.

— Хоць машына часам і ламаецца, зрадніўся з ёй за 12 гадоў. А як іначай? Можна сказаць, жывём тут. Асабліва гарачай уборачнай парой, – з усмешкай дадае С.У. Каптур.

Жанна Голуб і Віктар Сталяроў

Удзячнасці Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі атрымалі паляводы паляводчага ўчастка №1 філіяла Жанна Голуб і Віктар Сталяроў. Яны таксама ўсведамляюць усю адказнасць і стараюцца працаваць у камандзе, бо толькі агульнымі намаганнямі можна захаваць харчовую бяспеку нашай краіны.

Таццяна САКОВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
13