За гады Вялікай Айчыннай вайны ў былым Савецкім Саюзе было знішчана каля 2 мільёнаў яўрэяў, 800 тысяч з іх – у Беларусі. Адным з мястэчкаў, дзе яны жылі, быў Зембін. У цэнтры населенага пункта стаяла сінагога, недалёка ад яе – міква, якая захавалася да гэтага часу.

Ужо з першых дзён ліпеня 1941 года Барысаўскі раён быў акупіраваны фашыстамі. У Зембіне яны размясцілі свой гарнізон і стварылі гета. Усе яўрэі мястэчка былі пераселены на Рабоча-Сялянскую (зараз вул. Ізі Харыка) і Азёрную (зараз вул. Пралетарская) вуліцы. Яны павінны былі насіць жоўтыя апазнавальныя знакі і не выходзіць за межы гета. Былы настаўнік нямецкай мовы Зембінскай школы Давід Эгаф (з паволжскіх немцаў) быў прызначаны бургамістрам Зембіна і пазней стаў начальнікам паліцыі г. Барысава. Пасля вайны ён адсядзеў 25 гадоў у турме, а потым прыязджаў у Зембін.

У жніўні мужчын з гета пачалі ганяць на поўнач ад мястэчка, дзе яны павінны былі ў лесе выкапаць вялікую яму, быццам бы для звозу туды разбітай ваеннай тэхнікі. Але ў яме былі зроблены прыступкі. Гэта наводзіла на іншыя думкі.

Васямнаццатага жніўня ў 7 гадзін раніцы на плошчы ў цэнтры мястэчка быў аб’яўлены збор для ўсіх вязняў гета. Іх абяцалі адправіць у Іерусалім. Загадалі ўзяць з сабой грошы, дакументы, каштоўныя рэчы. Але замест абяцанага іх пагналі натоўпам да выкапанай ямы.

Людзей гналі па вуліцы, якая зараз называецца Школьнай. Сярод вязняў была настаўніца мясцовай школы. Яна мела нетыповую для яўрэйкі знешнасць. Ёй прапаноўвалі: “Ідзі, скажы, што ты не яўрэйка, і застанешся жыць!” А яна ў адказ: “Я – яўрэйка!” Яна раздзяліла лёс сваіх аднавяскоўцаў.

Адна са старэйшых жыхарак Зембіна ўспамінала, што, калі людзі падыходзілі да ямы, яны рвалі і кідалі пад ногі грошы, якія былі ў іх. Уся зямля тады была засыпана такім вось “смеццем”.

Людзей адводзілі да ямы па 15-20 чалавек. Там ім было загадана спусціцца ўніз і легчы на зямлю. Потым іх расстрэльвалі. Наступная група лажылася на расстраляных. Такім чынам да трох гадзін дня 927 жыхароў Зембіна былі знішчаны. Тыя, хто чакаў сваёй чаргі, стараліся адцягнуць час смерці і адыходзілі назад (а можа, спадзяваліся на цуд). Здавалася, што людзі знаходзіліся ў кругаверці.

Сярод аднавяскоўцаў былі жонкі двух братоў вядомай зараз французскай мастачкі беларускага паходжання Надзеі Хадасевіч-Лежэ са сваімі дзецьмі. Аляксандр у 1937 го­дзе быў рэпрэсіраваны. Таму Хася адправіла сваю дачку Рэму да бургамістра сказаць, што іх бацька не яўрэй і яшчэ ён “вораг народа”. Дзецям Рэме і Грышу захавалі жыццё, і іх вярнулі да бабулі (маці Аляксандра).

Не ўсіх, хто ляжаў у яме, дастала куля. Кагосьці параніла, а кагосьці не зачапіла зусім. Але ўсе былі засыпаны зямлёй. Зрабіць гэта прымусілі мясцовых мужчын. З-пад зямлі чуліся стогны, зямля варушылася. На двое сутак была выстаўлена ахова з паліцаяў. Тых, хто спрабаваў вылезці з ямы, расстрэльвалі. І толькі адзін чалавек змог праляжаць там двое сутак, а потым вылезці і пехам дабрацца да Уфы, дзе ў эвакуацыі былі яго аднавяскоўцы. Аб гэтым расказала сваёй дачцэ Лізавеце Зэлда Палеес.

Мужчына выглядаў так страшна, што яна яго не пазнала (прозвішча яго невядома).
Муж Зэлды, Давыд Палеес, быў на фронце. І калі ў ліпені 1944 года ён апынуўся ў родным Зембіне са сваёй часцю і прыйшоў на жудаснае месца, у яго там пасівела галава. У гэтай брацкай магіле ляжалі яго маці, тры сястры, іх малодшыя дзеці, бацькі яго жонкі Райнесы, сястра жонкі з дачкой, сябры, суседзі, знаёмыя.

Зараз месца трагедыі абнесена высокай агароджай, за якой у 1993 годзе па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Свет Меноры” і нашчадкаў ахвяр генацыду ўстаноўлены помнік з надпісам: “Памяць на крыві”. Магіла занесена ў збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.
Калі больш чым праз 50 гадоў паспрабавалі ўваскрэсіць прозвішчы ахвяр гэтай жудаснай трагедыі, дык толькі 201 прозвішча ўсплыло з небыцця, астатнія 726 засталіся безыменнымі.

Зараз у Зембіне яўрэі не пражываюць. І колькасць насельніцтва не дасягнула даваеннага ўзроўню. Прайшло 80 гадоў з таго чорнага панядзелка 18 жніўня 1941 года, а пісаць і гаварыць пра гэта вельмі цяжка.

Няхай ніколі не паўторыцца такое на нашай зямлі і слова “вайна” наогул выйдзе з ужытку.

Галіна ІГНАТОВІЧ, загадчыца музея
Народнай славы аг. Зембін

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
3