Уборка збожжа ў гаспадарках яшчэ не перакрочыла экватар, а ў раёне ўжо з’явіліся першыя перадавікі. Па стане на 2 жніўня сем экіпажаў караблёў залатой нівы намалацілі звыш тысячы тон зерня. Павіншаваць іх з працоўнай перамогай прыехалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і райсельгасхарчу.
Гарачая зараз пара ў працаўнікоў вёскі: неабходна ў сціслыя тэрміны і без страт сабраць вырашчаны ўраджай збажыны. Тут кожны дзень на рахунку. Аднак надвор’е ўнесла свае карэктывы. Дождж прагнаў хлебаробаў з поля.
Лідара жніва — Андрэя Сахарава з ААТ «Міраполле» мы сустрэлі на машынным двары гаспадаркі побач з яго новым камбайнам КЗС-2124КР. На гэтай тэхніцы ён ужо намалаціў 1273,8 тоны зерня.

— Працаваць на такім камбайне ў радасць, — заўважае механізатар. Тут кандыцыянер, кругом аўтаматыка. За 18 год, што я ў гаспадарцы, праз мае рукі прайшло шмат рознай тэхнікі. Летась на сваім 20-гадовым «Доне» таксама намалаціў звыш тысячы тон, а сёлета будзе і таго больш.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава павіншавала Андрэя Іванавіча з працоўнай перамогай, уручыла каштоўны падарунак і пісьмо з удзячнасцю.
— Дзякуючы вашай самаадданай працы паспяхова развіваецца эканоміка рэгіёна, забяспечваецца харчовая бяспека краіны, — гаворыцца ў пісьме. — Хай заўседы для вас будзе шчодрай вясковая ніва, а ваш прафесіяналізм і любоў да роднага краю стануць залогам новых дасягненняў на карысць Рэспублікі Беларусь.

На 2 жніўня на раёне ўбрана 43 працэнты хлебнай нівы. Сярод лідараў па намалотах філіял «Вялікія Навасёлкі» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» — 46 ц/га, ААТ «Міраполле» — 42,9 ц/га і ТАА «Божадары» — 39,1 ц/га. Аб гэтым прысутным на мехдвары механізатарам і спецыялістам гаспадаркі паведаміў начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Яўген Лапыцька.

Для маладога механізатара ТАА «Божадары» Іллі Мыцько сёлетняе жніво пятае па ліку. Аднак тысячны намалот для яго не ў навіну. Летась камбайнер таксама быў у лідарах. З самага ранку і да позняга вечара ён у полі, намалаціў на сваім камбайне GS-1218 1105 тон. Вось толькі зараз дождж спыніў работу.

Даганяе Іллю па намалотах і яго старэйшы калега Ігар Быкаў. На такой жа тэхніцы ён перакрочыў мяжу ў тысячу тон. У сёлетняе жніво механізатар працуе разам з 18-гадовым сынам Сяргеем.
— Летась мой камбайн часта прастойваў з-за паломак, як-ніяк яму ўжо дзесяць год, — расказвае Ігар Ігаравіч. — Таму сёлета я ўсю зіму прыводзіў яго ў парадак, замяніў шмат запчастак, і зараз ён працуе, як новы.

Шанавалі перадавікоў жніва прама ў полі. Яны таксама атрымалі каштоўныя падарункі і пісьмы з удзячнасцю ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК. Іллі Мыцько, як лепшаму маладому камбайнеру, выказала падзяку за працу, уручаючы яму памятны падарунак, яшчэ і першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Уладіслава Крагілева.
Вакальная ж група «Вечарніцы» Перасадскага СДК падрыхтавала для механізатараў невялічкі канцэрт.

Сярод перадавікоў жніва есць і прадстаўнікі філіяла «Вялікія Навасёлкі» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» Анатоль Белы, Іван і Дзмітрый Кукалеўскія, Андрэй Бондараў. Ніхто з іх не застаўся без увагі, як і вадіцелі, што перавязлі звыш тысячы тон збожжа. Гэта Сяргей Каптур з «Вялікіх Навасёлак», Андрэй Казак з ААТ «Аграпрамтэхніка» і Пётр Ільюшонак з ААТ «Вяляцічы».

Акрамя таго, адзначана падарункамі і звяно машыністаў зернесушыльнага комплексу філіяла «Вялікія Навасёлкі» ў складзе Руслана Хадасевіча, Сяргея Вакуна, Міхаіла Сурыхіна і Вячаслава Задорына. Віншуем ўсіх з працоўнай перамогай!
Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара