Лета перасягнула экватар. Залатое поле збажыны маўкліва чакае, пакуль дбайны хлебароб клапатліва пачне збіраць ураджай. Нездарма кажуць, чэрвень косіць і жне, людзям спаць не дае. Наперадзе шмат работы. Бадзёра і радасна ўступілі ва ўборачную кампанію аграрыі Барысаўшчыны, бо поспех любой справы залежыць, у першую чаргу, ад таго, з якім настроем за яе ўзяцца.

Сёлета свята першага снапа праходзіла на зямлі ААТ “Лошніцкі край”. На полі сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутацкі корпус, спецыялісты ў галіне раслінаводства, лідары прафаюзных арганізацый, духавенства, кіраўнікі розных гаспадарак Барысаўскага раёна і вяскоўцы. Гасцінна сустракаў усіх на полі намеснік дырэктара па кіраванні ААТ “Лошніцкі край” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт” Аляксандр Курэцкі. Усе чакалі механізатараў. Менавіта яны галоўныя героі жніва.

Дарэчы, уборачная кампанія на барысаўскай зямлі ўжо ідзе поўным ходам. Аднак без традыцыйнага народнага свята “Зажынкі” нельга. Яно – сімвал поспеху і добрага ўраджаю.

Урэшце з’явіліся камбайны. Яны быццам плылі па залатой гладзі палёў, набліжаючыся да прысутных.

Ганаровае права ўзняць сцяг жніва было прадастаўлена лепшаму камбайнеру 2020 года Івану Шышла. Свята пачалося.

Вітаць хлебаробаў хацелася ўсім. З добрымі словамі звярнуліся да іх намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Галіна Давідовіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Зяблікава, старшыня Барысаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава.

Павіншаваў усіх прысутных са святам і намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр Курэцкі.

Народны ансамбль народнай музыкі і песні “Траецкія музыкі” далучыўся да віншаванняў, падарыўшы публіцы сваё выступленне.

Затым пратаіерэй Віктар Гулевіч блаславіў хлебаробаў на добрую працу.

Жнеі зжалі першы сноп. Гэты момант стаў кульмінацыяй свята. Механізатары атрымалі снапочкі і караваі – яшчэ адзін сімвал урадлівасці.

– Па машынах, – скамандаваў Аляксандр Курэцкі. Капітаны стэпавых караблёў занялі свае звыклыя месцы ў кабінах і рушылі ў поле. Хлебная ніва чакае.

Таццяна САКОВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
8