Кожны раз, калі прыязджаю ў вёску, здаецца, што я недзе на краі зямлі. Тут і трава аксамітная, і неверагоднай прыгажосці неба, і незвычайная цішыня… А яшчэ вельмі чулыя і сціплыя людзі. Вось і ў час апошняга візіту ў Хаўхоліцу я яшчэ раз упэўнілася ў гэтым. 

Выратаваў аграгарадок

Аграгарадок Хаўхоліца знаходзіцца на поўначы Барысаўшчыны. За 30 кіламетраў ад горада. Раней ён быў цэнтрам сельскага Савета, у склад якога ўваходзіла яшчэ 10 населеных пунктаў. Назвы большасці з іх гавораць самі за сябе. Ну вось, напрыклад: Вярховіна, Дубовы Лог, Ельніца, Загор’е, Востраў, Рагатка, Яблачына. Усё зразумела. Наконт астатніх жа трэба падумаць: Крацэвічы, Мсценне, Нежыцы… Цікавая і сама назва Хаўхоліца. Населены пункт размяшчаецца на ўзгорках – “халмах”. Таму і называўся ён раней “Холмхолица”, потым назва скарацілася.

Заехаць у аграгарадок можна з двух бакоў. З аднаго ён даволі малады і яркі: гэта новая частка, дзе пражывае моладзь, якая працуе ў ААТ “Аграфірма імя Суворава”. Размяшчаецца тут каля чатырох дзясяткаў новых домікаў. З другога боку – больш стары, некаторым хатам гадоў пад сто. У сельсавеце падказалі, што ўсяго ў Хаўхоліцы каля 180 гаспадарак і больш за чатырыста жыхароў, амаль палова – моладзь і дзеці. 

Доўгі час гэтыя землі належалі калгасу імя Чкалава. І ён славіўся на ўсю краіну. Толькі ўявіце сабе: у 1951 годзе адразу 34 перадавікі гаспадаркі атрымалі высокія ўзнагароды ўрада, а старшыня калгаса Аляксандр Кажамякін у 1966 годзе быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Мясцовыя жыхары прызнаюцца, што выратаваў вёску аграгарадок. Каб не “Рублёўка” (так яны называюць новую частку), населены пункт паціху б знікаў. З аб’ектаў інфраструктуры тут засталіся вучэбна-педагагічны комплекс, бальніца сястрынскага даглядання, амбулаторыя, сельскі клуб, пошта, дзве крамы, КПП.

Цэнтр – канешне, школа

Ёсць такое выказванне: пакуль жыве школа, будзе жыць і вёска. На сённяшні дзень менавіта Хаўхоліцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа – цэнтр аграгарадка. Тут вучыцца і выхоўваецца роўна сто дзяцей з акругі, з іх 12 – наведваюць дзіцячы садок. Педсастаў таксама невялікі – 20 чалавек. Большасць прыязджаюць з райцэнтра. Некаторыя –  выпускнікі ўстановы. 

– Памяшканне нашай школы самае новае на раёне, хаця было пабудавана яшчэ ў 1993 годзе, – расказвае намеснік дырэктара Ганна Гаеўская. – А самой установе – 111 гадоў, спачатку тут была земская школа. У гады вайны будынак яе спалілі, таму некаторы час заняткі праходзілі ў сялянскіх хатах. У 1951 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск. Менавіта тады школу скончыў будучы заслужаны юрыст БССР Уладзімір Быкаў. А яшчэ сярод выпускнікоў Хаўхоліцкай школы чэмпіён свету па звышлёгкай авіяцыі Аляксандр Шакавец. Ён прыязджае ў бацькоўскую хату кожнае лета, хаця жыве ў Маскве, і лятае тут. Сярод нядаўніх выпускнікоў – прызёр міжнароднай алімпіяды па фізіцы Яўген Арлоў. Ён, дарэчы, прымаў удзел у разработцы беларускага спадарожніка. Ганарымся мы і заслужаным настаўнікам БССР Мікалаем Мятліцкім, які, на жаль, ужо памёр.

Ганна Гаеўская некалі таксама скончыла гэту школу. Хаўхоліца стала для яе радзімай пасля выбуху на ЧАЭС. Для перасяленцаў тут была пабудавана цэлая вуліца.

На базе Хаўхоліцкага вучэбна-педагагічнага комплекса працуюць розныя аб’яднанні па інтарэсах. Аб гэтым сведчаць выставы работ дзяцей ужо пры ўваходзе ў будынак. Творчыя, краязнаўчыя, спартыўныя… На любы густ.

Прымаюць удзел у жыцці мясцовай вучэбнай установы і бацькі вучняў. Мастачка Крысціна Герхерт разам з мужам шыкоўна размалявалі памяшканне дзіцячага садка.

Каб нас ведалі

А вось і сцяна дасягненняў навучэнцаў. Колькі ж тут узнагарод!

– Адна з апошніх, – паказваючы на дыплом, з гонарам кажа Ганна Гаеўская. – Дзевяцікласніца Яна Галькевіч прымала ўдзел у тэлевізійным праекце “Я ведаю” і нават выйшла ў суперфінал. Яна – наша зорачка. Звярніце ўвагу, колькі тут менавіта яе ўзнагарод! Дзяўчынка марыць стаць дыпламатам, таму ў гэтым годзе збіраецца паступаць у ліцэй БДУ.

– Школа і настаўнікі далі мне многае. Хочацца, каб пра іх ведалі ўсе. Яны самыя лепшыя, – прызнаецца Яна. – А яшчэ я вельмі ўдзячная майму дзядулю Пятру Арцёмавічу, з малых год ён шмат часу праводзіў са мной. Мы чыталі разам, вучылі табліцу множання, проста размаўлялі пра жыццё.

Дзейнічаюць дзве медустановы

У Хаўхоліцы дзейнічаюць дзве медустановы. І размяшчаюцца яны ў адным памяшканні. Бальніцу сястрынскага даглядання ўзначальвае Марына Скакун,  амбулаторыю – Алена Беран.

У першай установе знайшлі прытулак людзі сталага ўзросту. Такіх тут 15 чалавек. Старэйшым – дзвюм бабулькам – па 95 год. Другое – аказвае медыцынскую дапамогу мясцовым жыхарам. І Марыну Пятроўну, і Алену Уладзіміраўну людзі ведаюць і паважаюць. Абедзве працуюць у медыцыне шмат гадоў.

Апоўдні ў Хаўхоліцы ціха. На вуліцы мы не сустрэлі ні душы. Людзі працоўнага ўзросту – на сваіх рабочых месцах, дзеці – у школе, старыя людзі – па дамах. Пуста і каля Дома культуры. Дзеці і дарослыя збіраюцца тут вечарамі. Праўда, зараз хапае работы каля дома: самы час займацца прысядзібным участкам, каб летам было ўсё ў кветках і зелені, а ўвосень сабраць багаты ўраджай.

Ганна МЕРКУШЭВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
8