На Барысаўшчыне працягваецца ўзнагароджанне перадавікоў пасяўной кампаніі. Карэспандэнт “А” паўдзельнічала ў ганаровай місіі разам са старшынёй Барысаўскага РК прафсаюза работнікаў АПК Антанінай Котавай.
“Якія ўсё ж сціплыя аграрыі на Барысаўшчыне. Хаця па факце яны – галоўныя героі вясенне-палявых і ўборачных работ”, – моўчкі адзначыла я, прыехаўшы ў філіял “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”.


На гэты раз словы падзякі гучалі ў адрас трактарыстаў-машыністаў Фёдара Чырвы і Ігара Карповіча. Складвалася адчуванне, што наша з’яўленне было сюрпрызам: такая звыклая для іх работа – вялікая і бясцэнная не толькі для Барысаўскага раёна, але і краіны ў цэлым.


І такая ўвага да аграрыяў невыпадковая: Фёдар Чырва, які працуе ў гаспадарцы амаль 25 гадоў, на трактары “John Deere” з глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам узараў 302 га зямлі, а Ігар Карповіч на апырсквальніку “Раса-2500” унёс мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу на плошчы 3005 га.
Па словах кіраўніка гаспадаркі Вячаслава Чарнуха, асноўныя пасяўныя работы ў філіяле выкананы: аўсом, ячменем і гарохам засеяна 888 га. Засталося пасеяць кукурузу і аднагадовыя травы. Красавіцкія марозы крыху замарудзілі справу, аднак умелыя работнікі абавязкова ўсё навярстаюць.
Наступны прыпынак – ААТ “Міраполле”. Упраўляючы аддзялення “Стара-Барысаў” Віктар Бабовіч увёў у курс справы:
Надвор’е сёлета сяўбу крыху затрымала, аднак справа спорыцца. У аддзяленні асноўныя вясеннія работы скончаны, засеяна 600 га плошчаў, раннія яравыя пасеяны на 100%.
У ліку лепшых трактарысты-машыністы Міхаіл Кабылінскі і Іван Мінальд. Абодва вызначыліся на ўнясенні арганічных угнаенняў.


Міхаіла Кабылінскага пераймалі літаральна на полі – у механізатара кожная хвіліна на рахунку. Дысцыплінаванасць і аптымізм дапамагаюць яму дасягаць добрых вынікаў у працы: на “Амкадор-352” пагрузіў 21106 тон арганічных угнаенняў. Вось і зараз вылез з машыны з усмешкай, з гонарам атрымаў узнагароду і на развітанне падзяліўся сваім дэвізам па жыцці, які гучыць так: “Пастаўленая задача павінна быць выканана”.

Іван Мінальд (на здымку) у ліку перадавікоў заўсёды. Відаць, не ўмее працаваць па-іншаму – толькі якасна і прадуктыўна. Сёлета на трактары МТЗ-3522 з агрэгатам МТУ-18 унёс 13140 тон арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу.
На мехдвары сустрэлі маладога і перспектыўнага механізатара Аляксандра Пальчынскага, пра якога колькі хвілін таму добра адгукаўся кіраўнік аддзялення.
Хлопец працуе ў гаспадарцы трэці год, аднак заўсёды паказвае добры вынік сваёй дзейнасці.
Занадта доўгай размовы з аграрыямі не атрымалася: работа не чакае. Бо, як кажуць, што пасееш, тое і пажнеш.
Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара