Аграгарадок Зачысце знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Барысава. Тут ёсць амаль усё для жыцця: школа, дзіцячы садок, урачэбная амбулаторыя, пошта, крама. І пражывае амаль паўтысячы жыхароў. А яшчэ гэта самы “касмічны” населены пункт Барысаўшчыны, бо менавіта тут заканчваў школу і атрымліваў веды сам Уладзімір Кавалёнак. Аднак пра ўсё па парадку.
Ёсць у маленькіх населеных пунктах асаблівае зачараванне: ад цішыні на вуліцах ды лагоднасці мясцовых жыхароў. А пагутарыць з вяскоўцамі пра жыццё заўсёды цікава: яны пра многае могуць расказаць.
Школа – сэрца вёскі
Безумоўна, сэрцам аграгарадка з’яўляецца мясцовая ўстанова адукацыі “Зачысцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Барысаўскага раёна”. Ужо другі год яе ўзначальвае Юрый Ржауцкі. З 16 настаўнікаў гэтай установы амаль усе мясцовыя, педстаж большасці – 35-40 гадоў. І хаця тут усяго 43 вучні, ганарыцца ёсць кім.

Напрыклад, зусім нядаўна даследчую работу па краязнаўству шасцікласніцы Алесі Пятровіч адзначылі на раённым узроўні і прапанавалі дзяўчынцы прадстаўляць Барысаўшчыну на рэспубліцы. Разам з настаўніцай Наталляй Камоскай Алеся хадзіла да сталых людей, каб даведацца, якія гульні іх цікавілі, калі былі малыя. Так з’явіліся зборнікі “Карагод народных гульняў” і “Гульнявая вясёлка”.
Прытулак для перасяленцаў
Усё жыццё ў вёсцы круціцца вакол пошты, клуба і крамы. Сюды прыходзяць за пенсіяй, прадуктамі, неабходнымі рэчамі і за навінамі. Тут у абедзенны перапынак мы сустракаем і Ганну Даўцян. Ужо 20 год, як Зачысце стала для яе другой радзімай. Разам з гаспадаром і сынамі яна пераехала ў Беларусь з далёкай Арменіі пасля землятрусу ў Ленінакане.

– Спачатку жылі ў Смалявіцкім раёне, потым нам прапанавалі тут кватэру і работу. Не задумваючыся, пераехалі. З таго часу працуем у мясцовай гаспадарцы. Трымаем і асабістую, – прызнаецца жанчына. – Дзеці жывуць у горадзе. Наведваюцца да нас, дапамагаюць. Старэйшы сын таксама працаваў доўгі час тут.
– І нам Зачысце дало прытулак, – уключаецца ў размову Тамара Максіменка і запрашае зайсці ў госці, – у вёсцы ўсё па-свойску.
Сям’я Тамары прыехала з Данецкай вобласці. У 2014 годзе разам з дзецьмі і ўнукамі яны пасяліліся ў гэтым аграгарадку, дзе дачцэ выдзелілі кватэру і прапанавалі работу. Тут жа ўладкаваліся на працу і ўсе астатнія члены сям’і Максіменкаў. Так «пад адным дахам» размясціліся 16 чалавек: гаспадары, іх чацвёра дзяцей, два зяці і 8 унукаў. Праз некаторы час разляцеліся хто куды.

– У Зачысці засталіся мы з гаспадаром і дачка з сям’ёй. Яна працуе ў дзіцячым садку, зяць – на ферме, унук вучыцца ў школе. Другі ўнук танцуе ў саміх “Харошках” пасля заканчэння Мінскага каледжа мастацтваў, – расказвае Тамара Максіменка. – Мы вельмі ўдзячныя людзям за дапамогу. Калі прыехалі, амаль нічога не мелі. Мясцовыя жыхары падзяліліся, хто чым мог. Рады ўсяму, што набылі. Многае ўжо і самі зрабілі. Рукі ёсць. А працаваць мы ўмеем. Галоўнае – тут цішыня і спакой, стабільнасць, ёсць работа і заробак. Не страляюць, не бамбяць… Там засталіся нашы родныя, і мы ведаем, як ім цяжка.
Калі ўсё побач
У аграгарадку ўсё знаходзіцца побач. У цэнтры – амбулаторыя, сталовая сельгаспрадпрыемства, Палац культуры, пошта, крама.
Заходзім у амбулаторыю, дзе сустракаем Святлану Патапёнак –памочніка ўрача агульнай практыкі. Тут яна працуе ні многа ні мала 37 год. Мнагадзетная мама. У яе трое дзяцей і ўжо трое ўнукаў. На участку – 903 чалавекі. У штаце амбулаторыі – менш за 10. Дарэчы, урач сюды прыязджае толькі некалькі разоў на тыдзень.

На момант нашага візіту пацыентаў не было. І гэта радуе. Ды і, па словах Святланы Васільеўны, успышкі кавіду тут пазбеглі, адзінкавыя выпадкі. Мабыць, таму, што жывуць у аддаленні ад Барысава.
Пуста і ў Палацы культуры. Па словах Наталлі Камоскі, якая з’яўляецца кіраўніком некалькіх гурткоў, дзеці і дарослыя збіраюцца тут вечарамі. Вязанне кручком і пруткамі, вакал, танцы, мастацкае чытанне, фальклорны гурток… Выбраць занятак па душы можна. Тут ёсць і танцавальны зал, і кіназал, і пакой для заняткаў у вольную часіну. На вясковыя святы і ўвогуле збіраецца ўвесь
аграгарадок.
– Усё ў нас ёсць. Жыві і радуйся. Моладзь зразумець можна. Ёй прыгожага жыцця хочацца. А як па мне, дык лепш за наша Зачысце нічога і няма. Праца ёсць, зямля ёсць, во-зяць усё, абы грошы былі. Вы да нас прыязджайце летам. Убычыце, якая прыгажосць, кветак шмат. Дзеці, унукі прыедуць. Дзіцячы смех будзе паўсюды, – падагульняе Наталля Камоска.
І праўда, ёсць у маленькіх населеных пунктах сваё зачараванне…
Знакаміты зямляк
Дарэчы, Зачысцкую школу заканчваў і будучы касманаўт Уладзімір Кавалёнак. За 7 км ён хадзіў з вёскі Белае, што на Крупшчыне. У школе існуе музей знакамітага выпускніка. Раней, калі ён прыязджаў у родную вёску, наведваў і школу. Тут шмат яго рэчаў, фотаздымкаў, нават ёсць журнал з адзнакамі Валодзі. Менавіта разам з настаўнікам астраноміі Мікалаем Ціхановічам ён упершыню ўбачыў спадарожнік і вымавіў: “А, паляцяць…”

– Я была ў 4 класе, калі Кавалёнак адправіўся ў космас. Мы вельмі ганарыліся ім. Наш атрад нават насіў яго імя, – расказвае Наталля Камоска. – У нас з ім былі агульныя настаўнікі. Яны часта ўспаміналі свайго вучня. Расказвалі, якім ён быў далікатным, як пераносіў дзяўчат праз лужы, ніколі не крыўдзіў іх. І хоць быў з вельмі беднай сям’і, змог назбіраць грошай і купіць букецік мімозы сваёй любімай настаўніцы рускай мовы Валянціне Шаметавец.
Моладзь мае кватэры
Дарэчы, мясцовая гаспадарка забяспечыла жыллём многія сем’і. Прычым не толькі перасяленцаў. Ёсць у аграгарадку і моладзь. Нягледзячы на тое, што людзі імкнуцца ў горад, тут жыццё не згасае. У адрозненне ад іншых вёсак, у Зачысці ёсць і двухпавярховыя дамы. Іх будавалі ў пачатку 1970-х гадоў. У адным з такіх жыве сям’я Настассі і Андрэя Кашко. У іх чацвёра дзетак, старэйшаму – 11 гадоў, самай малодшай – менш за два месяцы. Андрэй працуе ў мясцовай гаспадарцы механізатарам, гаспадыня – бібліятэкарам. Насця – барысаўчанка, Андрэй прыехаў з Казахстана 16 гадоў таму.

– На той час у Казахстане не плацілі заробленыя грошы, а тут стабільна кожны месяц. Дзяржава выдзеліла нам жыллё. Чаму б не жыць? Зараз будуем кватэру ў горадзе. Марылі пра дом у вёсцы, але не атрымалася. Хаця тут жыць – адно задавальненне. У нас ёсць і гурткі, дзе дзеткі займаюцца пасля ўрокаў, і школа, і дзіцячы садок. Тое, што мала вучняў у класах, лічу, добра. Не трэба рэпетытараў наймаць. Кожнаму дзіцяці ўдзяляецца ўвага. Крама, пошта, урачэбная амбулаторыя, міні-рынак – усё на месцы. А галоўнае – свежае паветра і раздолле для дзетвары, – заключае маладая гаспадыня.
Ганна МЕРКУШЭВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА