Калектыў газеты “Адзінства” зноў выступіў з ініцыятывай правядзення на базе рэдакцыі дыскусійнай пляцоўкі. У мінулы раз гаварылі пра тое, як зрабіць Барысаў больш прывабным для турыстаў. Зараз сканцэнтраваліся на тэме добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў Барысаўшчыны. Запрошаныя госці на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Пятром Навіцкім абмеркавалі найбольш вострыя праблемы па заяўленай тэме, акрэслілі шляхі іх рашэння, а таксама адказалі на пытанні грамадзян, агучаныя журналістам па “гарачай лініі”. Дзелімся з вамі вынікамі сустрэчы.
Выбар тэмы для дыскусійнай пляцоўкі патлумачыла галоўны рэдактар выдання Кацярына Вараб’ёва.

–Магчыма, у грамадстве ёсць людзі, якія лічаць, што СМІ зараз не маюць вялікага ўплыву. Але да нас часта звяртаюцца на “гарачую лінію”, каб мы дапамаглі вырашыць пытанні, якія сапраўды турбуюць насельніцтва Барысаўшчыны. Прааналізавалі звароты грамадзян і зрабілі выснову, што адна з найбольш актуальных тэм сёння – добраўпарадкаванне. Вось і арганізавалі дыялог, каб у фармаце дыскусіі агучыць набалелыя праблемы і, магчыма, знайсці варыянты іх вырашэння, – сказала Кацярына Генадзьеўна.
На мерапрыемстве прысутнічалі старшыні асобных сельвыканкамаў, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Барысаўскага РЭС, УП “Жыллё”, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ГРАНС і іншыя зацікаўленыя асобы, якія адказваюць за добраўпарадкаванасць быту і пражывання вяскоўцаў.
Дарогі, смецце і добраўпарадкаванне могілак
Першым у дыскусію ўключыўся старшыня райсавета дэпутатаў. Ён акрэсліў праблемы, якія сёння з’яўляюцца найбольш актуальнымі. Адна з іх – якасць дарог. Па словах Пятра Навіцкага, на Барысаўшчыне 2000 км дарог, і зразумела, што некаторыя патрабуюць рамонту, асабліва пасля зімы. І паступова найбольш разбураныя з іх будуць грэйдзіравацца. Другое пытанне – вываз цвёрдых камунальных адходаў. Пётр Віктаравіч адзначыў, што ў гэтым кірунку таксама ёсць зрухі. Раней смецце з вёсак увогуле не вывозілася: яго закопвалі, спальвалі. Зараз штотыднёва аўтамабіль збірае пакеты са смеццем, выстаўленыя жыхарамі ўздоўж дарогі за межамі ўласнага падвор’я.

Яшчэ адно вострае пытанне – добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак, якіх у Барысаўскім раёне 140. Па словах Пятра Віктаравіча, большасць людзей рэгулярна наведваюць могілкі, прыбіраюць там. Аднак апошнім часам назіраецца карціна, што многія не нясуць смецце ў кантэйнеры, якія ўстаноўлены на тэрыторыі могілак, а засмечваюць яе, лічачы, што хтосьці павінен прыбіраць за імі.
Затым Пётр Навіцкі, які рэгулярна выязджае ў раён, каб на свае вочы пабачыць, як жыве перыферыя, канстатаваў, што многае з таго, што было зроблена сіламі дэпутатаў райсавета, папросту зламана: сметніцы, горкі, скамейкі. Выходзіць, не ўсе цэняць тое, што ім даецца. Пытанне ўзнікае само: а ці патрэбна надалей такая ініцыятыва?

Культура барысаўчан відаць няўзброеным вокам і падчас паездак па трасе амаль у любым накірунку ад райцэнтра: ледзь не каля кожнага прыпыначнага пункта – па некалькі пакетаў са смеццем. У горшым выпадку яно проста ляжыць на дарозе.
– Трэба любіць Барысаўшчыну не толькі на словах, але і на справе, – падсумаваў свае словы Пётр Віктаравіч.
Водазабеспячэнне і асвятленне
Найбольш частымі пытаннямі, з якімі на “гарачую лінію” звяртаюцца жыхары Барысаўскага раёна, з’яўляюцца водазабеспячэнне і вулічнае асвятленне сельскіх населеных пунктаў.
Найбольшая праблема з вадой на сённяшні дзень у Капачэўцы і Загор’і, дзе назіраецца павышаны ўзровень нітратаў і ваду спажываць нельга. Работнікі водаканала арганізавалі падвоз чыстай вады ў гэтыя населеныя пункты. Праблема водазабес-пячэння краіны згодна з указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі павінна быць вырашана да 2025 года.
Тэму асвятлення развіў начальнік Барысаўскага РЭС філіяла “Барысаўскія электрасеткі” РУП “Мінскэнерга” Аляксей Мартысюк.
– На раёне каля 6,5 тысячы кропак асвятлення, з іх каля 2 тыс. – светадыёдныя свяцільні. Іх моц невялікая, паток большы, што дазваляе сельсаветам плаціць меней. Летась Мінскэнерга выдзеліла на раён 843 дыёдныя свяцільні, 352 з іх будуць заменены цэнтралізавана паводле кап-рамонту, частка – паводле аварыйных заявак. 74 свяцільні ўжо ўсталяваныя, – паведаміў ён.

Асобныя пытанні тычыліся барацьбы з баршчавіком Сасноўскага, скошвання травы на землях агульнага карыстання і прысядзібных участках, а таксама асвятлення прыдамавых тэрыторый і іншых праблем.
На Барысаўшчыне пасадзяць яблыневы сад?
Завяршылася дыялогавая пляцоўка на пазітыўнай ноце. У 80-ю гадавіну з дня, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, на Барысаўшчыне плануецца пасадзіць яблыневы сад. Дакладнае месца пакуль вызначаецца. Старшыня райсавета прапанаваў высадзіць па 20 яблынь у чатырох населеных пунктах Барысаўшчыны, размешчаных у партызанскай Бягомльска-Барысаўскай зоне: Стара-Барысаве, Зембіне, Іканах, Мсціжы. Па меркаванні прысутных, да гэтай справы абавязкова варта прыцягнуць падлеткаў, каб з дзяцінства вучыліся берагчы сваю радзіму, пераймаць традыцыі старэйшых пакаленняў і захоўваць памяць аб мінулым.
Таццяна САКОВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА