Атрымаць найважнейшы дакумент у жыцці ў адно з галоўных святаў краіны, у Дзень Канстытуцыі, – справа ганаровая. Сёлета пашчасціла трыццаці двум юным жыхарам Барысаўшчыны – выдадтнікам у вучобе, актыўным удзельнікам прадметных алімпіяд і разнастайных конкурсаў. Мерапрыемства праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу ў межах Усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”.  

Першы сакратар РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Уладзіслава Крагілева распачала сустрэчу з абмеркавання паняццяў “грамадзянін”, “патрыёт”, “канстытуцыя”. У дыялогу, які праходзіў у сценах адкрытага акцыянернага таварыства “БАТЭ” – упраўляючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты”, разам з вучнямі барысаўскіх школ удзельнічалі эксперты на чале са старшынёй Барысаўскага райвыканкама Генадзем Дзенгалёвым.

Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, насамрэч, ганарова, – распачаў дыскусію з моладдзю Генадзь Іванавіч. – Лічу, што сапраўдны грамадзянін любой краіны – той чалавек, які спалучае ўласныя інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы і можа прынесці карысць грамадству.

Падтрымалі думку кіраўніка раёна і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі, і старшыня суда Барысаўскага раёна Юлія Паўленка, падкрэсліўшы, што дзяржава – гэта кожны з нас.  Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шыпула падкрэсліў, што варта памятаць: галоўная каштоўнасць дзяржавы – чалавек.

Моладзь падхапіла ідэю экспертаў і выказала меркаванне, што, каб быць грамадзянінам, мала проста мець пашпарт. Вельмі важна актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, выконваць законы краіны і пры неабходнасці абараніць яе. Закранулі прысутныя і тэму Канстытуцыі – асноўнага закона дзяржавы.

Кульмінацыяй стала ўручэнне пашпартоў. Уладзіслава Крагілева нагадала, што прататыпы гэтага дакумента з’явіліся яшчэ ў сярэднявечнай Еўропе. А сучасныя пашпарты, якія належала атрымаць юнакам і дзяўчатам, ствараюцца па ўзоры 2001 года. 

Сярод тых, каму ўрачыста быў уручаны гэты важны дакумент, была васьмікласніца беларускамоўнай гімназіі №2 г. Барысава Марына Фралова. Дзяўчынка падзялілася, што для яе гэта адказная падзея. Марына – актыўна ўдзельнічае ў школьным жыцці і роднай Барысаўшчыны, у інтэлектуальных і творчых конкурсах, перамагае на алімпіядах. Марыць стаць псіхолагам і імкнецца быць ганаровым грамадзянінам Беларусі.

Скончыўшы цырымонію ўручэння пашпартоў, госці звярнуліся да юнакоў і дзяўчат з заклікам насіць гэты важны для кожнага дакумент з гонарам і старацца быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Ганна Сідарава, вучаніца беларускамоўнай гімназіі №2, у сваім зваротным слове павіншавала прысутных з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ад імя аднагодкаў паабяцала працягваць сумленна вучыцца, займаць актыўную пазіцыю ў жыцці роднай гімназіі і любімай Міншчыны.

У завяршэнні мерапрыемства генеральны дырэктар ААТ “БАТЭ” – упраўляючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты” Аляксандр Марчанка запрасіў моладзь Барысаўшчыны на экскурсію, выказаўшы надзею на тое, што ў будучым хтосьці з іх стане часткай калектыву вялікага прадпрыемства і будзе працаваць на карысць роднага раёна, вобласці, Беларусі. 

Таццяна САКОВІЧ, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

image_pdfimage_print
Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1