Сёння ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева, а дакладней у галерэі “Праменад”, размешчанай на другім паверсе будынка, адбылося адкрыцце цудоўнай фотавыставы Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой», а таксама прэзентацыя кніг «Бачу Беларусь такой», «Мая Радзіма» і «Зачараваны Беларуссю». У іх сабраныя творы сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў і фотаілюстрацыі майстра.

Уладзіслаў Цыдзік пачынаў працоўны шлях галоўным аграномам сельгасарганізацыі, працаваў у раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, быў начальнікам упраўлення Мінсельгасхарча, старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці. Быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. З’яўляецца аўтарам і сааўтарам 30 кніг і брашур.

— Фатаграфіяй я захапіўся ў дзяцінстве, у класе пятым, — расказвае фотамастак. — З таго часу фотаапарат з рук і не выпускаю. Маёй самай любімай «мадэллю» заўсёды была наша прырода, і сёння я рады падзяліцца з вамі сваёй творчасцю, сваім бачаннем роднай зямлі.

Дарэчы, першая выстава работ Уладзіслава Станіслававіча адбылася ў холе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ён прызнаецца, што вельмі хваляваўся перад яе адкрыццём. Але дарэмна: фотаработы былі высока ацэнены, і выстава пачала змяняць лакацыі: ад залы ў Нацыянальнай бібліятэцы да музея гісторыі беларускай культуры, пабывала яна і за межамі нашай краіны…

Фотавыстава — гэта своеасаблівае прызнанне майстра ў любові да роднай зямлі. У яго аб’ектыў трапляюць не толькі фігуры і асобы. Уладзіслаў Цыдзік бачыць у прыродзе, розных аб’ектах і людзях тое галоўнае, істотнае, што дапамагае прадставіць нашу краіну ва ўсіх колерах і фарбах.

На адкрыццё выставы разам з Уладзіславам Цыдзікам прыехалі савецкі, беларускі і расійскі музыкант і кампазітар, заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, член Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі Андрэй Скарынкін, заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў, член Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

 — Ужо выдадзена 4 кнігі з маімі працамі: «Зачараваныя Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Малая Радзіма», «Прырода Беларусі», іх складальнікам выступіла Алена Стэльмах , — зазначыў Уладзіслаў Цыдзік. — За кожным маім здымкам, апублікаваным у кніжках, прадстаўленых на выставе, — свая гісторыя, сваё імгненне ў жыцці. Вось баравік падымае бервяно, або божая кароўка паўзе па тонкай былінцы… Памятаю, дзе і пры якіх абставінах зроблена кожнае фота!

Дарэчы, у кнізе «Бачу Беларусь такой» аўтар здымкаў разам з 65 беларускімі паэтамі выказвае свае шчырыя пачуцці да роднай зямлі. Кніга, як распавяла Алена Стэльмах, пабачыла свет у 2018 годзе ў выдавецкім доме «Звязда» і была выдадзена на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. У ёй паказаны разнастайныя куткі нашай краіны. Яна стала своеасаблівым працягам тэмы, распачатай у фотаальбоме “Зачараваны Беларуссю”.

— У нас сёння вельмі хвалюючы дзень, — расказала Алена Анатольеўна. — Мы ведалі, што нас чакаюць у культурнай сталіцы Беларусі 2021 года. Мы рады цёпламу прыёму. Нашаму праекту ўжо пяць гадоў. І досыць часта бывае так, што натхненне нейкай працай, кнігай праходзіць, пакідае. Але цікавасць да гэтага праекта не толькі не згасла, а стала яшчэ большая. Вы змаглі ўбачыць на выставе, наколькі маляўнічая наша краіна. Прапануем пераканаецца і ў тым, што не толькі фотамайстар, але і майстры словы могуць перадаць любоў і прыгажосць роднай зямлі!

Напрыканцы сустрэчы сваёй творчасцю з удзельнікамі і наведвальнікамі выставы падзяліліся Андрэй Скарынкін і Эдуард Ханок. Яны прыгадалі розныя цікавыя выпадкі з жыцця, спявалі, чыталі вершы.

Удзельнікі выставы з задавальненнем падпявалі Эдуарду Сяменавічу ўлюбёныя хіты «Малиновка”, “Завіруха”, “Песенка первоклассника” і іншыя.

А вам цікава даведацца, якой бачыць нашу краіну Уладзіслаў Цыдзік скрозь аб’ектыў свайго фотаапарата? Тады абавязкова наведайце выставу «Бачу Беларусь такой”!

Вольга ЦЫБУЛЬКА, фота Юрыя АБРОСЬКІНА

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry