Чалавек сам выбірае свой жыццёвы шлях, свою прафесію, але ва ўсе часы былі, ёсць і будуць людзі, якія заўсёды ідуць уперадзе, – лепшыя з лепшых. Менавіта такіх прадстаўнікоў малочнай галіны перадавых гаспадарак Барысаўскага раёна,  напярэдадні прафесійнага свята – Дня работніка сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці – віншавала ААТ «Здравушка-мілк». Карэспандэнт «А» прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах.

 У адзін з лістападаўскіх дзён мы адправіліся ў міні-турнэ па Барысаўшчыне разам з начальнікам аддзела па загатоўках сыравіны і сельскай гаспадаркі вышэйназванага прадпрыемтсва Сяргеем Карасёвым, каб ад імя кіраўніцтва ААТ «Здравушка-мілк» сказаць «дзякуй» за працу і малако добрай якасці лепшым з лепшых.

Трымаем курс у кантору ААТ «Міраполле». Там нас ужо чакаюць кіраўнік гаспадаркі Алег Кучынскі і яго перадавікі – галоўны заатэхнік-тэхнолаг па жывёлагадоўлі Святлана Лукашэвіч і галоўны ветурач Вікторыя Ясяновіч. Менавіта гэта прадпрыемства Барысаўскага раёна зараз больш за ўсіх здае малака для ААТ «Здравушка-Мілк». Дарэчы, з пачатку года валавая вытворчасць жывёлагадоўлі тут саставіла 106% да аналагічнага перыяду мінулага года, у тым ліку вытворчасць малака – 105,7%. Рэалізацыя малака складае 11142 тонны, ці 107% да мінулага года, у тым ліку малака сорта «экстра» – 6648,4 тоны, ці 60%.

Словы віншавання, кветкі, харчовыя падарункі ад «Здравушкі» – і на тварах задаволеных жанчын з’яўляецца ўсмешка. Імя Святланы Лукашэвіч, галоўнага заатэхніка гаспадаркі, добра ведаюць не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Яна не раз станавілася перадавіком прадпрыемства. Ужо 40 год жанчына  звязана з сельскай гаспадаркай. Прычым апошнія дзесяць – менавіта з «Міраполлем». Па словах жанчыны, працу сваю яна любіць. Родам Святлана з Талачынскага раёна, бацькі таксама працавалі ў сельскай гаспадарцы, але з 10  дзяцей толькі яна пайшла па іх слядах. Пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі ў 1980 годзе Святлана Антонаўна працавала вакцынатарам птушкі, потым загадчыцай фермы, тэхнікам-асемянатарам, заатэхнікам-селекцыянерам і толькі затым яе назначылі галоўным заатэхнікам.

Яе калега – Вікторыя Ясяновіч працуе толькі чацвёрты год. Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. З дзяцінства марыла лячыць кошак і сабак, а прыйшлося дапамагаць буронкам. Трэба адзначыць, што праца ёй падабаецца, не здарма яна засталася ў гаспадарцы пасля адпрацойкі па размеркаванні.

Далей накіроўваемся на поўнач раёна, у Траянаўку – у  АЖГ ААТ «БАТЭ» — упраўляючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты”. Каля МТК нас сустракаюць галоўны заатэхнік Аксана Ткачэнка і загадчык малочна-таварнага комплексу Валянціна Аўхімовіч. Цяпер ужо ў іх адрас гучаць словы віншавання. Абедзве жанчыны працуюць тут дзясяты год. Прычым яны не мясцовыя. Прыязджаюць з Навасёлак.

— Прафесія жывёлавода – адна  з самых паважаных і ў той жа час самых клапотных. Яна патрабуе цярпення і ўпартасці, умелых рук і мудрай галавы, чуласці і ўвагі да бліжняга. Не кожны зможа вытрымаць строгі распарадак працоўнага дня, – прызнаецца Аксана Васільеўна. – Але мы з калегай любім свою работу, нягледзячы ні на што.

Пасля заканчэння Віцебскай ветакадэміі Аксана Ткачэнка прыехала на Барысаўшчыну. Пачынала ўчотчыкам па племсправе ў Вялікіх Навасёлках, у калгасе «Чырвоны Наваселец». А вось Валянціна Віктараўна пачынала свой працоўны шлях тэхнікам-асеменатарам. Праз некаторы час ей даверылі цэлы комплекс. 

— Незаўважна ўжо і дзясяты год пайшоў, як мы працуем тут, – адзначаюць жанчыны. – Калі прыйшлі сюды, гаспадарка была адной з самых адсталых у раёне, а зараз мы ў тройцы лідэраў. І гэта прыемна. Усе стараюцца, працуюць, добрасумленна адносяцца да работы. Сёння ў нас паўтары тысячы галоў ската, з іх трэць – дойны статак. Адна карова дае ў сярэднім 19 літраў малака, а гэта плюс 1 кг да ўзроўню мінулага года. За паўгода надаілі 6500 тон, што больш чым на паўтысячы кг перавышае мінулагодні паказчык. У АТТ «Здравушка-мілк рэалізуем  малако толькі сорта «экстра». Лёгка ніколі не было. Але калі любіш жывёлу, стараешся працаваць адказна і сумленна, усе атрымліваецца. І нашы кароўкі адчуваюць такія адносіны да сябе.

На прыканцы дня прыязджаем у ААТ «Птушкафабрыка Вяляцічы». Тут сабраўся амаль увесь калектыў канторы, каб павіншаваць сваю калегу – Алену Дрозд, якая працуе аператарам па штучнаму асемяненню крупнай рагатай жавёлы. Усе ведаюць, яе праца – не з лёгкіх. Не кожны мужчына справіцца. А ў Алены Дзмітрыеўны атрымліваецца. З пачатку года з яе дапамогай нарадзілася 350 цялят. Яна асемяніла 328 кароў і 125 цёлак. Ацялілася 240 кароў, 87 нецялеў.

– Мой сын жартуе, што ў мяне такія біцэпсы, што многія могуць пазаздросціць, – смяецца Алена Дзмітрыеўна. – Гаворыць, дзе ты так качаешся? А вы паспрабуйце карову павярнуць, нялёгкая гэта справа. Але мне падабаецца. Гэта маё. Я ж і аператарам па машыннаму даенню працавала, і ветфельдшарам. Ёсць з чым параўноўваць. Трэба любіць своё дзела, любіць кожную кароўку. Яны ж адчуваюць і настрой, і ласку, і спагадлівасць. А калі захварэлі, такімі вачамі жаласлівымі глядзяць, што душа заходзіцца.

Падчас сустрэч начальнік аддзела па загатоўках сыравіны і сельскай гаспадаркі ААТ «Здравушка-мілк» Сяргей Карасёў павіншаваў працаўнікоў усіх трох гаспадарак са святам і пажадаў новых  прафесійных поспехаў і перамог, чуласці і мудрасці, новых задум і творчага падыходу. А таксама прэзентаваў калектывам прадпрыемств прадукцыю «Здравушкі», якую яны пазней змаглі прадэгуставаць.

Хрупкія сімпатычныя жанчыны. За іх плячыма такая сапраўды тытанічная праца, каторая заўсёды будзе вартая павагі. Дзякуй вам за працу, дзякуй за малако.

Ганна МЕРКУШЭВІЧ

image_pdfimage_print
Like
Like Love Haha Wow Sad Angry