26 верасня ў Цэнтры традыцыйнай культуры прайшла сустрэча з майстрам вышыўкі і кіраўніком народнага калектыва «Чароўныя пяльцы» з в. Забашавічы Тамарай Пятроўнай Мароз. Удзельнікамі сталі кіраўнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і работнікі сельскіх дамоў культуры ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці».
Дзень майстра – гэта асаблівы фармат работы Цэнтра традыцыйнай культуры, які выбіраецца для папулярызацыі творчасці выбітных майстроў і рамеснікаў Барысаўшчыны, якія з’яўляюцца нашымі сучаснікамі. Менавіта да такіх народных творцаў адносіцца Тамара Пятроўна Мароз – кіраўнік народнага гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чароўныя пяльцы». Гэты народны аматарскі калектыў дзейнічае з 2005 года на базе Забашавіцкага СДК і спецыялізуецца найперш па вышыўцы ў тэхніцы крыжыка і гладзі.
У творчай скарбонцы майстрыцы выраб абрусоў, сурвэтак, пано, адзення. Дзякуючы менавіта Тамары Пятроўне Мароз Цэнтр традыцыйнай культуры мае вырабленую ў этна-стылі святочную сукенку-вышыванку для правядзення экскурсій. Майстэрства і ўзровень тэхнікі забашавіцкай вышывальшчыцы шмат разоў адзначалі на нацыянальных конкурсах. Трэба адзначыць, што такую ж назву «Чароўныя пяльцы» носіць і рэгіянальнае свята-конкурс вышыўкі, якое праходзіць у Барысаве.
Для сустрэчы з барысаўскімі калегамі Тамара Пятроўна падрыхтавала ўрок па тэхніцы вышыўка кветак крыжыкам, а таксама распавяла пра гісторыю свайго народнага калектыва. Удзельнікі пазнаёміліся з працамі Тамары Пятроўны, паспрабавалі вышыўку крыжыкам, пазнаёміліся з тэхнікай вышыўкі на даўніх барысаўскіх рушніках са збораў Цэнтра традыцыйнай культуры і прыватных збораў некаторых удзельнікаў.
У другой частцы сустрэчы прайшла Школа майстэрства «Крок да творчыхз мен». Вядучы метадыст ДУК РЦНТ Наталля Міхайлаўна Лапарэвіч падрыхтавала занятак «Майстэрства вядучага. Інтэрактыў з гледачом», а метадыст па фальклоры ДУ РЦНТ Таццяна Васільеўна Дубоўская правяла ўрок «Дзіцячы фальклор у народных святах» на аснове абагульнення вопыту фальклорных калектываў Барысаўскага раёна.
У канцы сустрэчы кожны прысутны атрымаў метадычныя матэрыялы.