Здавалася б, зусім нядаўна перадавыя хлебаробы Барысаўшчыны прымалі віншаванні з першай тысячай намалочанага збожжа. Не паспелі азірнуцца, аж новыя перамогі з’явіліся.

С.У. Каптур, вадзіцель філіяла «Вялікія Навасёлкі» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Мінскаблхлебапрадукт», першы ў Барысаўскім раёне перавёз 2000 тон ураджаю. Трыццаць восем гадоў Сяргей Уладзіміравіч працуе ў сельгаспрадпрыемстве і за гэты час неаднаразова станавіўся перадавіком і атрымліваў узнагароды. На гэты раз яго прыехалі павіншаваць загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Юрчык, галоўны спецыяліст па тэхнагляду ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Барысаўскага райвыканкама Аляксандр Акуневіч, старшыня Барысаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніны Котавай, а таксама кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.

Па словах С.У. Каптура, заўсёды прыемна атрымліваць падарункі, і кожны наступны раз гонару за справу меней не становіцца. Ды і надалей вадзіцель працуе шпарка, каб не падводзіць ні калектыў, ні сваё сумленне.

Нядаўна гучалі словы падзякі ў адрас камбайнера Анатоля Белага з нагоды першай тысячы тон намалочанага збожжа, а тут рукой падаць да новай прыгожай лічбы. Не спіць у шапку чалавек, напрацоўвае вагу для раённага каравая. Па словах дырэктара філіяла «Вялікія Навасёлкі» Вячаслава Чарнухі, на сённяшні дзень (14 жніўня) з сельгасугоддзяў сабрана 89% зерневых і зернебабовых, намалочана 11,5 тыс. тон.

— Зараз працягваем убіраць зернебабовыя культуры. Іх ураджайнасць – 45-50 ц/га. Пры спрыяльных умовах плануем завяршыць уборачную 16 жніўня, – заключыў В. Чарнуха.

У гаспадарцы заўсёды багата перадавікоў. Сёлета сярод іх дзесяць камбайнераў і чатыры вадзіцеля. А колькі іншых работнікаў, якія таксама шчыра працуюць у сельгаспрадпрыемстве і, як тыя вінцікі ў складаным механізме, забяспечваюць бесперабойную работу ўсяго філіяла.

Няма чаго хвалявацца дырэктару за тое, ці ёсць сілы на працу ў хлебаробаў: цудоўны комплексны абед і вячэра, якія штодзень гатуюць работнікі сталовай, аднаўляюць страчаную энергію і вяртаюць імпэт да працы. Працаўнікам хлебнай нівы толькі што прыгатаваную гарачую ежу падвозяць на поле.

Загадчыцай сталовай шэсць гадоў з’яўляецца Л.М. Кручок. Яна таксама атрымала ўзнагароду і падарункі ад абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК.

Загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Мінскага абкама профсаюза работнікаў АПК Аляксандр Юрчык падзякаваў Людміле Мікалаеўне за высокія дасягненні ў працы, уручыў гарановую ўзнагароду і падарункі.

Да віншаванняў далучылася старшыня Барысаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава:
– Шмат добрых слоў гучыць у ваш адрас, і гэта апраўдана. Дзякуй, што вы добрасумленна ставіцеся да сваіх абавязкаў.

Людміла Мікалаеўна шмат гадоў адпрацавала прадаўцом у мясцовай краме, аднак прызнаецца, што ў сталовай весялей. Калектыў у складзе пяці чалавек добры, прыязны. Разам работа спорыцца: не паспееш азірнуцца, як  рабочы дзень скончыцца.

Аляксандр Юрчык з задавальненнем павіншаваў з першай тысячай маладога аграрыя Сяргея Калячонка, які разам з бацькам працуе ў філіяле «Зачысце Агра» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Мінскаблхлебапрадукт».

На аддаленым полі ў Каначоўцы заспелі траюрадных братоў Віктара і Аляксандра Кляшчонкаў, якія зусім нядаўна перасягнулі мяжу ў тысячу тон і таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Па словах кіраўніка філіяла «Зачысце Агра» Сяргея Астахава, на 14 жніўня ўбрана 1580 га, засталося 180 га. Ва ўборцы задзейнічана шэсць камбайнаў, адзін з якіх – дапамога ААТ «Барысаўская Аграпрамтэхніка». Дарэчы, ёсць перадавікі і ў гэтым таварыстве: Андрэй Вярцінскі і Дзмітрый Малікаў таксама не засталіся без цёплых слоў падзякі і без падарункаў.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry