2.1028
2.4584
3.1371

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

07.03.2018 13:00

ДЗЕ НАРАДЗІЛАСЯ, ТАМ І СПАТРЭБІЛАСЯ

Па выніках мінулага года самы большы ўдой малака ад каровы ў раёне атрымалі жывёлаводы малочна-таварнага комплексу “Майсееўшчына” філіяла “Вялікія Навасёлкі“ УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт” – 8832 кілаграмы, перавысіўшы адпаведны паказчык папярэдняга года на 354 кілаграмы. Заслуга ў гэтым усяго калектыву комплексу, але ў першую чаргу аператараў машыннага даення Вольгі Дзеравягі, Ганны Матуленкі і Алесі Пінькевіч, якія даглядаюць дойны статак агульнай колькасцю 280 галоў.

ДЗЕ НАРАДЗІЛАСЯ, ТАМ І СПАТРЭБІЛАСЯ

Самай вопытнай сярод аператараў комплексу з’яўляецца Ганна Матуленка, працоўны стаж якой набліжаецца да 40 гадоў. Больш як тры дзесяцігоддзі жанчына працуе ў жывёлагадоўчай галіне, з якіх паўтара дзясятка гадоў доіць кароў.
Нарадзілася Ганна Матуленка на Барысаўшчыне, у вёсцы Майсееўшчына ў звычайнай сялянскай сям’і. Закончыўшы мясцовую дзесяцігодку, як і многія равесніцы, у пошуках рамантыкі падалася ў Мінск. Паступіла ў кулінарнае вучылішча пры рэстаране “Сосны” на аддзяленне афіцыянтаў з веданнем англійскай мовы, а пасля заканчэння вучобы стала працаваць афіцыянткай у сталічнай гасцініцы “Турыст”.
Але ў сталіцы дзяўчына доўга не затрымалася і праз некаторы час, выйшаўшы замуж, пераехала ў горад машынабудаўнікоў Жодзіна. Там, асвоіўшы новую прафесію, стала працаваць вязальшчыцай у мясцовым камбінаце бытавога абслугоўвання. Аднак маладой сям’і, у якой нарадзіўся сын, даводзілася жыць на здымнай кватэры, і практычна не было ніякай перспектывы атрымання ўласнага жылля. Таму Ганна ўгаварыла мужа пераехаць на яе малую радзіму, у вёску Майсееўшчына.
Напачатку ўладкавалася даглядчыцай жывёлы на адной з ферм тагачаснага саўгаса “Кіраўскі”, які неўзабаве быў далучаны да калгаса “Чырвоны Наваселец”, пераўтвораны пазней у філіял “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”. Некаторы час ёй давялося папрацаваць і вартаўніком, а з 2003 года нязменна працуе аператарам машыннага даення кароў.
– Пакуль не было работы ў Майсееўшчыне, мне даводзілася некалькі гадоў ездзіць на малочна-таварныя фермы “Обча” і “Барань”, – прыгадвае жанчына. – Там даілі кароў у малакаправод, але хапала і ручной працы: самі даяркі раздавалі жывёле кармы, самі ж ачышчалі стойлы ад гною. А калі ў 2012 годзе пасля рэканструкцыі МТФ “Майсееўшчына” там абсталявалі дзве даільныя залы, устанавіўшы даільнае абсталяванне нямецкай фірмы “Вестфалія”, ферма была пераўтворана ў комплекс, дзе ўмовы працы аператараў машыннага даення значна аблегчыліся. Цяпер кармы ў выглядзе кормасумесі раздаюцца каровам кормараздатчыкам, гной выгортваецца з памяшкання бульдозерам, таму нам, аператарам, застаецца толькі падрыхтаваць кароў да даення і падключыць даільныя апараты…
Паводле слоў загадчыцы МТК “Майсееўшчына” Юліі Арэшка, Ганна Матуленка – вельмі старанны і адказны работнік, яна заўсёды адклікаецца на просьбы, нават калі трэба штосьці зрабіць пасля заканчэння працоўнага дня або выйсці на працу, калі па графіку ў яе выхадны дзень. Як бы ні складваліся яе сямейныя абставіны. Нават калі часам прыхварэе, то ідзе на бальнічны і не выходзіць на працу толькі ў рэдкіх выпадках. Заўсёды добрасумленна выконвае свае службовыя абавязкі, патрабаванні тэхнічных рэгламентаў па догляду жывёлы і даенню кароў, парады і рэкамендацыі спецыялістаў зоаветэрынарнай службы па рабоце з даільным абсталяваннем. Да жывёлы адносіцца з цеплынёй і ласкай. І каровы адказваюць на такія клапатлівыя адносіны ўзаемнасцю, поўнасцю аддаюць малако. Таму нават у гэтыя марозныя дні ад кожнай каровы аператары комплексу надойваюць па 24,5 кілаграма малака, што на 1 кілаграм перавышае адпаведны паказчык мінулага года. Прычым усё атрыманае тут малако здаецца на перапрацоўчае прадпрыемства сортам “экстра”.
Ганна Матуленка не адзін раз прызнавалася пераможцай спаборніцтва сярод жывёлаводаў філіяла “Вялікія Навасёлкі” і ў раёне займала прызавыя месцы. На пытанне карэспандэнта газеты, дзякуючы чаму ёй разам з сяброўкамі па рабоце ўдаецца дабівацца высокіх надояў малака, жанчына адказала, што трэба проста старанна працаваць, добрасумленна выконваючы свае абавязкі і строга захоўваючы ўсе тэхналагічныя патрабаванні.
Ганна Аляксееўна ўжо мінулым летам магла пайсці на заслужаны адпачынак, аднак па-ранейшаму працуе. Хаця шчыра прызнаецца, што апошнім часам збоі ў здароўі ўсё часцей і часцей напамінаюць ёй аб узросце і страчаных за дзясяткі гадоў цяжкай фізічнай працы сілах. Уставаць жа даводзіцца ў 4 гадзіны раніцы, каб у 5 гадзін пачаць ранішнюю дойку. Дадому вяртаецца толькі апоўдні. А палове шостай гадзіны вечара зноў трэба ісці на комплекс, дзе даводзіцца працаваць амаль да 11 гадзін. Але і ў перапынак паміж ранішняй і вячэрняй дойкамі адпачываць няма калі, таму што хапае клопатаў з дамашняй гаспадаркай, асабліва летам.
Дарэчы, паколькі выхадныя аператарам машыннага даення даюцца па графіку, то ім нярэдка даводзіцца працаваць і ў святы, адзначаючы іх з калегамі ў пакоі для адпачынку гарбатай. Калі ж надараецца, што свята супадае з выхадным, тады жанчына накрывае святочны стол, прыгатаваўшы для мужа, сына, нявесткі і дзвюх унучак розныя прысмакі з прадуктаў, вырашчаных сваімі рукамі на ўласным падворку.
Заўтра свята 8 Сакавіка жанчына бу-дзе адзначаць дома са сваімі роднымі і блізкімі.

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
965

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить