2.0494
2.2609
3.2096

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

10.10.2019 13:30

“Усім, што маю, абавязаны сваім бацькам і Барысаўскаму краю”

У сценах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева прайшла сустрэча з сучасным барысаўскім паэтам і публіцыстам Янкам Лайковым, які зусім нядаўна адзначыў сваё 40-годдзе.

“Усім, што маю, абавязаны сваім бацькам і Барысаўскаму краю”

Прысутным, сярод якіх пераважалі школьнікі, было цікава даведацца, што вершы Іван Уладзіміравіч пачаў пісаць яшчэ ў дзяцінстве. Паэт ужо не памятае, якімі былі яго першыя рыфмаваныя радкі, але дакладна прыгадаў, што яны былі напісаны на рускай мове. У 1995 годзе, калі Іван вучыўся ў 11 класе, яго вершы пачалі друкавацца ў газеце “Адзінства”. З цягам часу захапленне толькі мацнела і нарэшце вылілася ў тры вершаваныя зборнікі: “Акраец паветра”, “Логіка пасткі”, “Вогнепаклоннік”. З 2005 года Янка Лайкоў з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Асобнае месца ў яго творчасці займае публіцыстыка, якой барысаўскі літаратар займаецца вельмі плённа.
– Усім, што маю, абавязаны сваім бацькам і Барысаўскаму роднаму краю. Нарадзіўся ў выключна філалагічнай сям’і, рос у атачэнні кніг, і ў мяне не заставалася іншага выбару, як пачаць пісаць, – з усмешкай падкрэсліў Янка Лайкоў. – Паціху пачаў выдаваць кнігі паэзіі. Бліжэй да трыццаці гадоў ушчыльную заняўся літаратурнай крытыкай, а лірыка адышла на другі план. Зараз з’яўляюся рэдактарам аддзела прозы ў газеце “Літаратура і мастацтва”.
У зале прысутнічалі таксама бацькі паэта Уладзімір Піліпавіч і Любоў Фёдараўна, якія з задавальненнем завіталі на літаратурную сустрэчу да сына. У сваім выступленні бацька выказаў вялікі гонар за тое, што сын адбыўся ў жыцці, а маці прачытала некалькі вершаў Янкі. Прысутныя пачулі лірычныя творы і ў выкананні самога аўтара. Ён падкрэсліў: сум, які ідзе ад вершаваных радкоў, з’яўляецца сведчаннем таго, што падобныя творы пішуцца часцей за ўсё ў моманты хваляванняў, перажыванняў і смутку.
Гучнымі апладысментамі сустракалі ансамбль сярэднявечнай музыкі “Вір”, удзельнікамі якога з’яўляюцца жонка літаратара Марына і яго дзеці Васіль і Вераніка. У іх выкананні прагучала некалькі паэтычных твораў Янкі Лайкова пад цудоўную музыку. А таксама яны зладзілі інтэрактыў з гледачамі. Музыкі пазнаёмілі публіку з цікавымі інструментамі “шум дажджу”, а некаторыя вучні нават змаглі скарыстацца імі, выканаўшы разам з ансамблем вядомую мелодыю з фільма “Піраты Карыбскага мора”.
Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя сфатаграфаваліся з паэтам і яго творчай сям’ёй, а таксама атрымалі аўтограф ад аўтара. А яго жонка запрасіла аматараў паэтычнага слова далучыцца да літаратурнага аб’яднання маладых літаратараў Барысаўшчыны, якое толькі набірае разбег. Маладыя таленты збіраюцца кожную сераду ў 17:00 у цэнтры “Унікум” па вул. 8 Сакавіка, 26, каб падзяліцца сваімі літаратурнымі напрацоўкамі, падцягнуць паэтычныя здольнасці, выпрацаваць свой непаўторны стыль і, безумоўна, знайсці аднадумцаў. Пішаце вершы і хочаце быць пачутымі? Далучайцеся!

Татьяна САКОВИЧ

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
303