2.0412
2.2585
3.198

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

22.08.2019 11:00

Дзе ёсць гаспадар, там і парадак

На базе Мётчанскага сельвыканкама прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі па прамысловасці, будаўніцтву, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, добраўпарадкаванню і паслугах насельніцтву Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў, на якім абмяркоўвалася пытанне “Аб рабоце Мётчанскага сельскага выканаўчага камітэта па паляпшэнню добраўпарадкавання, азеляненню населеных пунктаў і навядзенню парадку на зямлі”.

Дзе ёсць гаспадар, там і парадак

Напачатку дэпутаты райсавета, а таксама прадстаўнікі аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання, ідэалагічнага, культуры і па справах моладзі райвыканкама наведалі размешчаныя на тэрыторыі сельскага Савета аб’екты сацыяльнай сферы і вытворчасці. Першым на шляху аказалася дзяржаўная ўстанова адукацыі “Вялікаўхалодскі комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Барысаўскага раёна”.
Гэта навучальная ўстанова, калектыў якой больш чым два дзесяцігоддзі ўзначальвае вопытны кіраўнік і педагог Наталля Асаўчонак, з’яўляецца адной з лепшых на Барысаўшчыне і па выніках работы за мінулы год занесена на раённую Дошку гонару. Таму ні ў каго з гасцей не выклікалі здзіўлення чысціня і парадак як унутры памяшкання школы, так і звонку. Глянцам свежай фарбы блікавала падлога класаў і кабінетаў, а на прышкольнай тэрыторыі была акуратна падкошана трава і вясёлкай рознакаляровых кветак стракацелі прыгожыя клумбы. Наталля Іванаўна паведаміла, што ўстанова поўнасцю гатова да новага навучальнага года.
Прыкладна ў такім жа прывабным стане былі як самі памяшканні, так і прышкольныя ўчасткі размешчаных на тэрыторыі сельсавета мётчанскай і аздзяціцкай устаноў адукацыі. А іх дырэктары Таццяна Варона і Марына Сіўчык запэўнілі прысутных, што настаўнікамі і тэхперсаналам зроблена ўсё неабходнае для арганізацыі вучобы дзяцей у новым навучальным годзе на належным узроўні.
Добрае ўражанне ў членаў камісіі засталося і пасля наведвання Вялікаўхалодскай, Мётчанскай і Аздзяціцкай амбулаторый, Мётчанскага СДК, а таксама магазіна Бярэзінскага раённага спажывецкага таварыства, малочна-таварнага комплексу і збожжатока ў аграгарадку Аздзяцічы.
Падчас пасяджэння камісіі ў памяшканні Мётчанскага сельвыканкама яго старшыня Валерый Лучына зазначыў, што добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторыі з’яўляюцца адным з прыярытэтных пытанняў у рабоце сельвыканкама, органаў грамадскага самакіравання. Асноўная ўвага скіравана на работу з насельніцтвам і кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў усіх форм уласнасці па ўтрыманню ў належным стане будынкаў і прылеглых тэрыторый, рамонту і абнаўленню фасадаў, устройству кантэйнерных пляцовак для збору ЦБА, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак смецця, рамонту вулічна-дарожнай сеткі, азеляненню.
Штогод сельвыканкамам фарміруецца план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню, які ўключае ў сябе санітарную ўборку тэрыторый жыхарамі населеных пунктаў, прывядзенне ў парадак памятных і мемарыяльных месц, ліквідацыю несанкцыянаваных звалак, вываз смецця, пасадку кветак, дрэў і кустарнікаў, рамонт вулічна-дарожнай сеткі. У рамках работы ў гэтым накірунку сельвыканкамам прымаецца рашэнне аб замацаванні тэрыторый агульнага карыстання за мясцовымі арганізацыямі і ўстановамі.
– Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці (бюджэтам выдаткавана 2 тысячы рублёў), сельвыканкаму сумесна з кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў, насельніцтвам удалося правесці бягучы і касметычны рамонт памяшканняў сельвыканкама, школ, лясніцтва, дзіцячых садзікаў, клуба, паштовых аддзяленняў, адміністрацыйных будынкаў і вытворчых памяшканняў сельгасарганізацый, – паведаміў Валерый Рыгоравіч. – Толькі сёлета праведзена 12 суботнікаў з прыцягненнем мясцовых жыхароў, адрамантавана або адноўлена 410 метраў старога плоту, устаноўлена 245 метраў новага. Пафарбавана 260 метраў агароджы, а 147 метраў прыйшоўшай у непрыгоднасць знесена, ліквідавана 47 стыхійных звалак. Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання і прыватным асобам накіравана 234 прадпісанні-рэкамендацыі для ліквідацыі выяўленых недахопаў.
У рамках месячніка высаджана 225 дрэў і больш сотні кустарнікаў, праве-дзена азеляненне з абустройствам 52 клумб на тэрыторыі прадпрыемстваў і сельгасарганізацый. Выразана 29 небяспечных для жыцця людзей дрэў, разарана і ўключана ў севазварот 3 гектары пустуючых земляў, выкашана пустазелля на плошчы больш чым 46 гектараў, прыве-дзены ў належны стан 9 могілак, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.
Паводле слоў старшыні, сельвыканкамам прымаюцца меры па ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. Сіламі ўласнікаў сёлета знесены 3 такія дамы і прыбраны тэрыторыі двух безгаспадарчых дамоў. Падчас падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадпрыемствамі і арганізацыямі аказана дапамога ў рамонце і прыведзены ў належны стан 9 абеліскаў і месц пахавання воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Тым не менш, адзначыў Валерый Лучына, застаецца нямала і нявырашаных праблем. Адна з іх – павышаная канцэнтрацыя жалеза ў пітной вадзе. І калі ў вёсцы Вялікая Ухалода на 2019 год запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання, то ў вёсцы Леанова людзі практычна жывуць на прывазной вадзе. Павышаная канцэнтрацыя жалеза ў вадзе і ў аграгарадку Аздзяцічы. Многае трэба яшчэ зрабіць і па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку. І самае галоўнае – прывучыць людзей да санітарнай культуры, таму што далёка не ўсюды наведзены парадак на задворках, не адрамантаваны платы, многае трэба зрабіць і па добраўпарадкаванню месц агульнага карыстання.
Каментарый намесніка старшыні Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Вольгі КАПЫТОК:
– Наведваючы ўстановы адукацыі, аховы здароўя, іншыя аб’екты сацыяльнай сферы і вытворчасці, размешчаныя на тэрыторыі Мётчанскага сельсавета, члены камісіі ўвачавідкі пераканаліся ў тым, што паўсюдна ўдзяляецца належная ўвага пытанням добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі. І многа робіцца ў гэтым накірунку. Было прыемна бачыць, што школы ўжо гатовы да прыёму вучняў у новым навучальным го-дзе. Падчас наведвання аб’ектаў дэпутаты сустракаліся з вяскоўцамі, якія выказвалі некаторыя заўвагі, у прыватнасці па паляпшэнню гандлёвага абслугоўвання, асабліва з боку прыватных асоб, якія аказваюць вяскоўцам гандлёвыя паслугі. Я думаю, што работнікі Мётчанскага сельвыканкама трымаюць руку на пульсе часу, кантралюючы і цэны, і пытанне добраўпарадкавання гандлёвых аб’ектаў. Застаецца пажадаць жыхарам дабрабыту і працвітання і падзякаваць кіраўніцтву гаспадарак і сельгаспрадпрыемстваў, якія аказваюць мясцовай уладзе дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі, прывядзенні ў належны стан помнікаў, могілак. Відавочна, што мясцовыя кіраўнікі з’яўляюцца патрыётамі сваёй малой радзімы...

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
215
19.09.2019 14:30
06.08.2019 15:12