2.0412
2.2585
3.198

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

15.08.2019 09:30

Першыя “Тысячнікі” зноў у філіяле “Вялікія Навасёлкі”

Механізатар філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт” Дзмітрый Кукалеўскі займаецца ўборкай збожжа амаль чвэрць стагоддзя. За працяглы час работы на камбайне ён набыў багаты вопыт, таму нязменна дабіваецца добрых вынікаў. Дзмітрый Міхайлавіч не адзін раз станавіўся прызёрам і выходзіў пераможцам спаборніцтва сярод камбайнераў не толькі ў сваёй гаспадарцы, а і ў раёне.

Першыя “Тысячнікі” зноў у філіяле “Вялікія Навасёлкі”

Вось і сёлета, як і ў папярэднія гады, Дзмітрый Кукалеўскі першым на Барысаўшчыне перасягнуў па намалоту рубеж у тысячу тон. Па стану на 5 жніўня на яго рахунку было 1118 тон намалочанага зерня новага ўраджаю. Да таго часу адзнаку ў тысячу тон на перавозцы зерня ад камбайнаў пераадолелі і тры вадзіцелі гэтай гаспадаркі – Сяргей Міхайлавіч і Сяргей Уладзіміравіч Каптуры, а таксама Іван Грыгарчук, якія працуюць на аўтамабілях МАЗ. Урачыстае ўшаноўванне пераможцаў прамежкавага спаборніцтва адбылося ў пачатку мінулага тыдня прама на полі, што раскінулася за вёскай Раннае.
З выдатнай працоўнай перамогай першых “тысячнікаў” павіншавалі старшыня Барысаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Зінаіда Басарэўская і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Зяблікава, якія ўручылі ім Падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі (камплекты пасцельнай бялізны) ад райкама прафсаюза.Да віншаванняў перадавікоў вытворчасці далучыліся старшыня прафсаюзнага камітэта галаўнога прадпрыемства – УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт” Антаніна Котава і старшыня прафсаюзнай арганізацыі філіяла “Вялікія Навасёлкі” Алена Шкарадзёнак. Яны ўручылі віноўнікам урачыстасці букеты жывых кветак і наборы сталовага посуду адпаведна.
Каштоўныя падарункі (наборы ручнікоў) і Падзячныя пісьмы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі ў той дзень і члены звяна па дапрацоўцы зерня гэтай жа гаспадаркі Руслан Хадасевіч і Вячаслаў Задорын. На збожжасушыльным комплексе ЗСК-60ША звяно да таго часу дапрацавала 5250 тон зерня.
Як паведаміў галоўны аграном філіяла Мікалай Голуб, пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі сёлета ў гаспадарцы занята больш чым 2400 гектараў. Да 5 жніўня было ўбрана звыш 60 працэнтаў гэтай плошчы і намалочана больш чым 6 тысяч тон зерня. Сярэдняя ўраджайнасць складала каля 50 цэнтнераў з гектара, што на 7 цэнтнераў перавышала адпаведны паказчык мінулага года.
– На ўборцы збажыны задзейнічаны два механізаваныя звяны па 6 камбайнаў у кожным, а на адвозцы зерня – да 12 вялікагрузных аўтамабіляў МАЗ, у тым ліку тры з прычэпамі, – удакладніў Мікалай Уладзіміравіч. – Камбайны былі своечасова адрамантаваны і абкатаны на ўборцы азімага рапсу, які своечасова ўбраны з усёй плошчы 936 гектараў. Яго ўраджайнасць склала звыш 20 цэнтнераў з гектара, што на 3,5 цэнтнера больш мінулагодняй, а валавы збор масланасення перавысіў 2 тысячы тон.Сушка і дапрацоўка зерня арганізаваны кругласутачна на двух збожжасушыльных комплексах. Харчовае збожжа ачышчаецца і дасушваецца на новым высокапрадукцыйным комплексе ЗСК-60, які здольны перапрацоўваць да 60 планавых тон зерня ў гадзіну. А насенны матэрыял дапрацоўваецца на польскай сушылцы М-819. За суткі перапрацоўваецца да 500 тон зерня новага ўраджаю, практычна ўвесь аб’ём, які паступае за дзень ад камбайнаў.
Паводле слоў галоўнага агранома, усе камбайнеры працуюць не адзін год, маюць багаты вопыт, таму і дабіваюцца высокіх паказчыкаў пры выдатнай якасці работы. Як заўсёды, тон у рабоце задае Дзмітрый Кукалеўскі на імпартным камбайне “Лексіён-560”, які эксплуатуецца ўжо чатырнаццаты сезон, але ў руках руплівага гаспадара працуе, можна сказаць, бездакорна. Літаральна наступаюць на пяткі лідару працоўнага саперніцтва Анатоль Белы, Дзмітрый Алёксаў і Андрэй Бондараў на айчынных камбайнах “КС-1218”, якія ў той дзень таксама ўжо набліжаліся па намалотах да заветнай адзнакі ў тысячу тон.
З мэтай скарачэння прастояў камбайнаў у напружаны час уборачнай кампаніі прама ў полі арганізавана двухразовае гарачае харчаванне ўсіх удзельнікаў жніва. Вопытныя работнікі сваёй сталовай рыхтуюць смачныя, каларыйныя стравы і кожны дзень прапануюць разнастайнае меню. Пры гэтым варта адзначыць, што ўдзельнікі ўборачнай кампаніі аплачваюць толькі нязначную частку кошту абедаў і падвячоркаў, а ўсе астатнія расходы на іх прыгатаванне кампенсуюцца гаспадаркай.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
19.09.2019 14:30
06.08.2019 15:12