2.0255
2.28
3.215

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

10.07.2019 11:00

Свірэпіца больш даходная, чым рапс

У падсобнай сельскай гаспадарцы “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў” апошнім часам адмовіліся ад вырошчвання як яравога, так і азімага рапсу. А ўзамен рапсу паступова сталі пашыраць плошчы пад азімай свірэпіцай, якая летась была пасеяна на 80 гектарах. Раней усю свірэпіцу ўбіралі “зялёнкай” на корм жывёле, а сёлета 69 гектараў яе абмалацілі на зерне.

Свірэпіца больш даходная, чым рапс

– На нашых малаўрадлівых землях, дзе банітэт большай часткі ворыва не перавышае 25 балаў, нават пры запраўцы палёў патрэбнай колькасцю мінеральных угнаенняў, а таксама правядзенні падкормак і ўсяго комплексу работ па ахове раслін ад хвароб і шкоднікаў не ўдавалася атрымаць больш-менш прымальнай ураджайнасці гэтай культуры, – дзеліцца меркаваннямі кіраўнік падсобнай сельскай гаспадаркі Уладзімір Пулькач. – Ураджайнасць азімага рапсу не перавышала 7-8 цэнтнераў з гектара, а яравога была яшчэ ніжэйшай. Таму, параіўшыся са спецыялістамі, мы рашылі адмовіцца ад гэтай тэхнічнай культуры, а больш прадметна заняцца вырошчваннем азімай свірэпіцы. Гэта маслічная культура ў нашых прыродна-кліматычных умовах дае больш высокія ўраджаі. Да таго ж у параўнанні з рапсам пры вырошчванні свірэпіцы патрабуецца менш сіл і сродкаў, матэрыяльных затрат. А гэта значыць, што для нашай гаспадаркі гэта культура прыносіць большую эканамічную выгаду. Сёлета з плошчы 69 гектараў намалацілі 83 тоны зерня пры ўраджайнасці 12 цэнтнераў з гектара.
На ўборцы свірэпіцы працавалі экіпажы Леаніда Паўловіча і Аляксандра Шышлы. Праверка камбайнаў непасрэдна ў рабоце паказала, што падрыхтаваны яны да адказнага перыяду жніва належным чынам. Дарэчы, і ў спецыялістаў раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду падчас праверкі тэхнічнага стану камбайнаў, іх герметычнасці і забеспячэння сродкамі пажарнай бяспекі ніякіх заўваг не было.
Паводле сцвярджэння кіраўніка, і сушыльная тэхніка гаспадаркі своечасова была падрыхтавана да работы ў кругласутачным рэжыме і праверана ў рабоце падчас сушкі 83 тон насення свірэпіцы. Аператары Дзмітрый Шышла і Антон Весніч маюць дастатковы вопыт і чакаюць паступлення зерня новага ўраджаю. У збожжаачышчальна-сушыльным комплексе ЗСК-15 давялося замяніць некаторыя каўшы на норыях і адрамантаваць топку. Гэта было зроблена на працягу месяца.
А збожжаўборачныя камбайны, як паведаміў Уладзімір Іванавіч, рамантуюцца з восені, адразу ж пасля завяршэння жніва, калі кожны камбайнер трымае ў памяці ўсе слабыя месцы і хібы сваіх агрэгатаў. Пры неабходнасці некаторыя вузлы і дэталі рэстаўрыруюцца і рамантуюцца з дапамогай спецыялістаў галаўнога прадпрыемства – Барысаўскага завода агрэгатаў, дзе камбайны і захоўваюцца ў зімовы час. А прыкладна за тыдзень перад уборачнай кампаніяй камбайны яшчэ раз пераправяраюцца. Праводзіцца іх канчатковая даводка, патрэбныя рэгуліроўкі і праверка на герметычнасць.
Усяго збожжавыя і зернебабовыя культуры ў ПСГ “Чарневічы” размешчаны на плошчы 1003 гектары, з якіх азімыя займаюць 663, а яравыя – 340 гектараў. Акрамя гэтага, у гаспадарцы пасеяна каля 200 гектараў аднагадовых сумесей, таму пры спрыяльных умовах надвор’я і частка гэтых пасеваў можа быць убрана на зерне. На ўборцы будуць задзейнічаны тры збожжаўборачныя камбайны – два КЗС-1218 і адзін КЗС-10. На мінулым жніве працаваў яшчэ адзін камбайн КЗС-7, але на ім летась лопнула рама, і яго давялося спісаць, паколькі, паводле заключэння спецыялістаў завода-вытворцы, на рамонт спатрэбілася б амаль столькі фінансавых сродкаў, як і на набыццё новага.
Нагрузка на адзін камбайн складае 334 гектары. Аднак экіпажы ўкамплектаваны вопытнымі механізатарамі, таму ў кіраўніцтва ёсць упэўненасць у тым, што яны паспяхова справяцца з пастаўленай задачай. У склад экіпажаў камбайнаў КЗС-1218 уваходзяць Леанід Паўловіч з памочнікам Аляксандрам Ліпніцкім і Сяргей Саскавец з памочнікам Васілём Палонікам, а на КЗС-10 – Аляксандр Шышла з памочнікам Алегам Кандратцовым. Настроены камбайнеры заўсёды па-баявому, выязджаюць на жніво па першай камандзе і часам так захапляюцца работай, што ўвечары нярэдка іх даводзіцца амаль што сілком праганяць з поля.
Усё зерне новага ўраджаю звозіцца на цэнтральны збожжаток, размешчаны ў вёсцы Чарневічы, дзе маюцца асобныя сховішчы для насеннага матэрыялу і для фуражнага зерня. Іх памяшканні своечасова прадэзінфіцыраваны і падрыхтаваны да прыёмкі зерня спецыялістамі сталічнай арганізацыі, якая дае гарантыю абароны зерня ад шкоднікаў на працягу сезона. Насенне для сваіх патрэб рыхтуюць непасрэдна ў гаспадарцы. Толькі для сортазмены і сортаабнаўлення закупляюць ад 15 да 20 працэнтаў ад агульнага аб’ёму эліты ў элітгасах вобласці і рэспублікі.
Віды на ўраджай збожжавых культур пакуль нядрэнныя, паводле папярэдніх прагнозаў можна атрымаць каля 30 цэнтнераў з гектара і мець валавы намалот у межах трох тысяч тон. Гэта значыць, што кожны камбайнавы экіпаж будзе мець магчымасць стаць экіпажам-тысячнікам. Праўда, пры ўмове, калі і надалей гэтаму паспрыяе надвор’е.

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
16.07.2019 15:31
10.07.2019 10:18
27.06.2019 12:30