2.047
2.2714
3.1033

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

10.02.2019 14:09

ЛАВІСЯ, РЫБКА, ВЯЛІКАЯ І МАЛЕНЬКАЯ…

Напрыканцы студзеня на возеры Святое, якое размешчана сярод лесу непадалёку ад пасёлка Зялёны Бор Смалявіцкага раёна, па ініцыятыве кіраўніцтва Барысаўскай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” былі праведзены Х раённыя асабіста-камандныя спаборніцтвы па падлёднай лоўлі. У іх прынялі ўдзел 27 рыбаловаў-аматараў, членаў БТПР, а таксама два юніёры.

ЛАВІСЯ, РЫБКА, ВЯЛІКАЯ І МАЛЕНЬКАЯ…


Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў і фарміравання каманд, па тры рыбаловы ў кожнай, галоўны суддзя – дырэктар раённай арганізацыйнай структуры Віталь Мікулёнак нагадаў умовы спаборніцтваў, якія павінны пачынацца і заканчвацца строга па яго камандзе. Члены кожнай каманды павінны былі заняць месцы ў адным з трох сектараў возера, межы якіх былі загадзя абазначаны чырвонымі сцяжкамі. У склад адной з каманд уключылі і карэспандэнта газеты, якому па жэрабю дастаўся першы сектар.
Пасля правядзення жараб’ёўкі па традыцыйнай завядзёнцы большасць рыбакоў пашыбавала ў накірунку супрацьлеглага берага, але некаторыя неўзабаве “забурыліся” на сярэдзіне возера. Мяне ж прывабіла месца непадалёку ад выступу чароту. І вось ражок галоўнага суддзі абвясціў аб тым, што можна пачынаць лоўлю рыбы. Да гэтага часу бывалыя рыбакі паспелі ўжо не толькі прасвідраваць па некалькі лунак, але і “закарміцца” прызапашанай прыкормкай.
У той дзень было ўмерана марознае, амаль бязветранае надвор’е, таму ўмовы для рыбакоў можна назваць камфортнымі. Думалася, што і клёў рыбы павінен быць выдатным. Але на самай справе аказалася не так. Не толькі я, але і больш вопытныя рыбакі час ад часу пераходзілі ад адной лункі да другой, не бачачы ні адной паклёўкі. І толькі не-дзе праз паўгадзіны нарэшце здрыгануўся ківок маёй вуды, і на кручку мармышкі затрапятаў невялікі акунёк.
За астатні час, а ўсяго для лоўлі рыбы рэгламентам было адведзена тры гадзіны, мне ўдалося злавіць яшчэ чатырох такіх жа невялікіх акунькоў-“піратаў”, а таксама трох крыху большых, пузаценькіх ёршыкаў. Агульная вага васьмі галоў склала ўсяго…125 грамаў.
Абыйшоўшы з фотаапаратам усе тры сектары, я пераканаўся ў тым, што дрэнны клёў у той дзень быў не ў аднаго мяне. Хаця некаторыя ўдзельнікі спаборніцтваў аказаліся спрытнейшымі ці, можа, больш удачлівымі і паспелі “насцёбаць” па некалькі дзясяткаў акунькоў і ёршыкаў. А аднаму з іх удалося на мармышку злавіць нават шчучку вагой каля 500 грамаў. Але яна не “ўпісалася” ў вызначаны правіламі лоўлі памер па даўжыні, таму рыбаку давялося выпусціць яе назад у возера.
Пасля ўзважвання ўлову кожнага ўдзельніка спаборніцтваў на электронных вагах былі падведзены вынікі з вызначэннем і ўзнагароджваннем пераможцаў і прызёраў як індывідуальна, так і ў складзе каманд.
Трэцяе месца заняла каманда агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Другое – з розніцай усяго ў 10 грамаў – дасталося зборнай камандзе рыбаловаў-аматараў Барысаўскай раённай арганізацыі БТПР. А першынство заваявала каманда забашавіцкага пярвічнага калектыву рыбаловаў у складзе Максіма Камчыцкага, Аляксандра Абрамава і Міхаіла
Пшонкі.
У індывідуальным заліку сярод юніёраў другое месца заняў Уладзіслаў Козік, а першынстваваў сярод юніёраў пераможца летніх спаборніцтваў Яўген Бельскі.
Трэцяе месца сярод дарослых рыбакоў у індывідуальным заліку заняў Максім Салодкі, другое дасталося Юрыю Ергібаеву. А пераможцам спаборніцтваў стаў Максім Камчыцкі з забашавіцкага калектыву.
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны
адпаведнымі дыпломамі, а заняўшым прызавыя месцы ў індывідуальным заліку былі ўручаны яшчэ і каштоўныя прызы – ледабур, рыбацкая скрынка і рыбацкія саначкі. У якасці прыза атрымаў палатку і Уладзімір Парцянка, які злавіў самую буйную рыбіну.
Каманда-пераможца з забашавіцкага пярвічнага калектыву рыбаловаў будзе прадстаўляць Барысаўскі раён на абласных спаборніцтвах па падлёднай лоўлі, якія пройдуць на тым жа самым возеры Святое 9 лютага.

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
15.08.2019 09:50
10.07.2019 10:18
06.08.2019 15:12