2.048
2.3371
3.0498

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

07.06.2018 15:00

ЛЕТАСЬ ПРЫБАВІЛІ КАЛЯ ТЫСЯЧЫ КІЛАГРАМАЎ

У мінулым годзе жывёлаводы падсобнай сельскай гаспадаркі  “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў” надаілі ад кожнай фуражнай каровы па 5875 кілаграмаў малака, прыбавіўшы да папярэдняга года амаль тысячу кілаграмаў.

ЛЕТАСЬ ПРЫБАВІЛІ КАЛЯ ТЫСЯЧЫ КІЛАГРАМАЎ

Станоўчая тэндэнцыя нарошчвання вытворчасці малака захоўваецца ў гаспадарцы і сёлета. Так, за чатыры месяцы бягучага года ад 410 кароў тут надаілі 826 тон малака, у той час як летась за адпаведны перыяд было надоена 757 тон. У сярэднім на карову надоена па 2015 кілаграмаў. Прыбаўка да леташняга ўзроўню па ўдою на карову склала 174 кілаграмы, а па валаваму надою – 68 тон.
Паводле слоў галоўнага заатэхніка Веры Дуброўскай, поспехам гаспадаркі ў павелічэнні вытворчасці малочнай прадукцыі спрыяюць трывалая кармавая база і старанная праца жывёлаводаў малочнатаварнай фермы “Шабынькі”, на якой утрымліваецца ўвесь дойны статак, а калектыў узначальвае вопытны брыгадзір Сяргей Іллюшонак. Летась лепшых вынікаў дабілася аператар машыннага даення Лілія Ключнік, якая надаіла ад кожнай каровы па 5971 кілаграму малака, прыбавіўшы да паказчыка папярэдняга года 834 кілаграмы.
Сёлета за прайшоўшыя 4 месяцы Лілія Ключнік атрымала 2247 кілаграмаў, прыбавіўшы 372 кілаграмы, а Іна Козел надаіла па 2127 кілаграмы і прыбавіла 354 кілаграмы.
Між іншым, тэхнік-асемянатар гаспадаркі Святлана Ісаёнак па выніках мінулага года была прызнана пераможцай раённага спаборніцтва сярод аператараў па асемяненню жывёлы.
Спецыялісты зоаветслужбы і радавыя жывёлаводы ўвесь час прыкладваюць намаганні не толькі для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, а і павышэння якасці атрымліваемага малака. І гэтыя намаганні прыносяць добры вынік –78 працэнтаў здадзенага за чатыры месяцы на перапрацоўчае прадпрыемства малака адпавядала сорту “экстра”, а ўсё астатняе – вышэйшаму гатунку. І пасля пераводу дойнага статка на пашавае ўтрыманне якасць малака не пагоршылася. Дарэчы, таварнасць малака складае каля 93 працэнтаў. І гэта пры тым, што на выпайку цялятам, як і патрабуецца па схеме, выдаткоўваецца па 360 кілаграмаў сырадою.
На пашу дойны статак у гаспадарцы вывелі ў першых чыслах мая. Ён разбіты на тры гурты, якія пасвяцца на асобных участках многакампанентнай пашы інтэнсіўнага тыпу ва ўрочышчах “Шабынькі”, “Цешкаўка” і “Каза”. Спачатку пасвілі жывёлу па дзве-тры гадзіны ў суткі, з кожным днём паступова павялічваючы час. А пазней перайшлі практычна на кругласутачную пасьбу. Выганяюцца каровы на пашу ў чатыры гадзіны раніцы і пасвяцца да дзесяці гадзін. Пасля даення крыху адпачываюць у памяшканнях, а потым зноў пасвяцца да дзевяці гадзін вечара. Пасля вячэрняй дойкі жывёла зноў адпачывае ў кароўніках, а ў чатыры гадзіны раніцы выходзіць на сакавітую траву.
Рацыён кармлення кароў на першым часе заставаўся зімовым, таму з вывадам іх на пашу не дапушчана зніжэння прадуктыўнасці. І зараз у якасці падкормкі каровам даецца кормасумесь з сянажу. Ну і, зразумела, канцэнтраты, з разліку па 300 грамаў на кожны літр надоенага малака для дойных кароў, а для навацельных – па 400 грамаў.
Кожны гурт кароў на пашы забяспечаны ў дастатковай колькасці вадой, соллю і мінеральнымі дабаўкамі. Падвозам вады займаецца механізатар Сяргей Ліпніцкі, які кожную раніцу а палове пятай гадзіны па чарзе завозіць на пашу для ўсіх трох гуртоў свежую ваду.
Арганізавана франтальная пасьба кароў з дапамогай электрапастухоў, па 8-10 метраў у загонках. Мнагакампанентнай пашы інтэнсіўнага тыпу прыходзіцца на карову не менш чым па 45 сотак. Прычым, кожны год паша абнаўляецца. Малапрадуктыўныя ўчасткі выводзяцца з абароту і перазалужаюцца, а на іх месца высяваюцца сумесі злакавых і бабовых траў розных тэрмінаў паспявання, таму сакавітай травой каровы забяспечаны з ранняй вясны і да позняй восені. Вось і сёлета з мэтай абнаўлення многакампанентнай пашы інтэнсіўнага тыпу ўжо перазалужана 50 гектараў і яшчэ плануецца перазалужыць 35 гектараў. Для ўмацавання каранёвай сістэмы пашы першага года выкарыстання першы ўкос траў скошваецца на сена, а пасля наступнага адрастання травастою страўліваецца жывёлай.
Паколькі сваіх жывёлаводаў не хапае, пасуць кароў прыезджыя пастухі са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, з якімі заключаны адпаведныя дагаворы. Іх заработная плата, як і зарплата аператараў машыннага даення кароў, залежыць ад аб’ёмаў надоенага малака, і ад яго якасці.
У гэтыя дні ўдоі на карову складаюць звыш 18 кілаграмаў малака, што перавышае мінулагодні паказчык.

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

17.08.2018 10:26