2.1174
2.3472
3.3171
Предложить новость

Предыдущая версия сайта ※ перейти ››

26.03.2018 16:00

Клуб «Субацея» адзначыў свой юбілей

10 гадоў творчай дзейнасці адзначыў клуб «Субацея», створаны ў вёсцы Леванова Барысаўскага раёна. Яго ўдзельніцы – таленавітыя і энергічныя жанчыны, у асноўным, сталага ўзросту, якія спяваюць народныя песні і прыпеўкі, танчаць, вышываюць ручнікі і накідкі.

Клуб «Субацея» адзначыў свой юбілей

Назва «Субацея» пахо-дзіць ад слова «Субота» – дня, калі ў людзей выхадны, і яны адпачываюць, – распавядае кіраўнік клуба і адначасова бібліятэкар мясцовай бібліятэкі М.М. Несцяровіч. – Першапачаткова, калі ствараўся клуб, так і меркавалася, што ён будзе для адпачынку душы. Зараз гэта крыху інакш атрымоўваецца: некаторым жанчынам ужо 80 гадоў, здароўе не дужа моцнае, а падрыхтоўка да мерапрыемстваў патрабуе шмат сіл ... Але ўсё роўна яны вельмі любяць тое, чым займаюцца.
У ліку пастаянных удзельнікаў клуба адзін мужчына – гарманіст В.І. Савіч. Ён камфортна адчувае сябе ў жаночым калектыве, а пад мелодыі яго гармоніка немагчыма ўсядзець на месцы.
Кожная жанчына клуба не толькі спявае, але і валодае іншым пэўным талентам. Напрыклад, М.В. Баравуля рыхтуе самы смачны хлеб. А М.В. Савіч шые касцюмы, і, дарэчы, адзін з такіх яна ра-
зам з іншымі ўдзельніцамі падрыхтавала для дырэктара бібліятэкі ім.І.Х. Каладзеева Алены Капыток. Упрыгожыць гэтую вопратку (і не толькі яе) дапамагла Н.І. Галуза – яна зрабіла на ёй вышыванкі. Прыцягвае ўвагу да сябе бойкая жанчына – ураджэнка гэтых мясцін (сёлета жыве ў Барысаве) Галіна Сманцар, якая іграе на бубне.
–П ершы раз выступленні «Су-бацеі» я ўбачыла на сустрэчы землякоў, якая праходзіць кожны год летам у вёсцы, – распавядае Галіна Васільеўна. – Жанчыны мяне так уразілі, што і сама захацела да іх далучыцца. Тым больш, мяне ласкава запрасіла ў гурт кіраўнік Марыя Несцяровіч. Інтарэс да народных песен у мяне з маладосці – я займалася творчай дзейнасцю, а, дарэчы, мая любімая спявачка – Людміла Зыкіна.
10 гадоў таму ў Леванове таксама пачаў працаваць невялікі музей народнай творчасці і побыту. На той час гэта была першая падобная ўстанова ў Мінскай вобласці. Падказку аб яго стварэнні М.М. Несцяровіч атрымала ад Г.М. Слесарэнка – на той час дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева. Трэба адзначыць, што асноўнымі дарыцелямі экспанатаў сталі менавіта ўдзельнікі клуба «Субацея». Але ж самую вялікую дапамагу аказалі М.М. Несцяровіч і Т.І. Багаслаў, якія ўдваіх на кані аб’ездзілі наваколле і назбіралі цэлы воз цікавых рэчаў. Экспанаты размешчаны ў бібліятэцы-музеі паўсюль: на ўваходзе, ва ўсіх пакоях прысутнічаюць прадметы побыту, прылады для апрацоўкі лёну, посцілкі, вышыўкі, ручнікі, карункі. Сярод экспанатаў ёсць асабліва каштоўныя рэчы. Напрыклад, ручнік 1915 года, калыска 1940 г., калаўрот 1890 г., калекцыя карункаў, сплеценых рукамі мясцовых майстрых, абразоў канца 19 стагоддзя. Дарэчы, пры бібліятэцы створана музейна-этнаграфічная экспазіцыя «Беларуская хата», якая запрашае пазнаёміцца з прыладамі працы і хатняга побыту.
На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілеям клуба «Субацея» і бібліятэкі-музея, завіталі прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўніцтва Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева, ураджэнцы, жыхары вёскі. Прыехала да землякоў старшыня Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Лілія Ананіч. Няўзброеным вокам было відаць, як дорага для Ліліі Станіславаўны гэтае месца. Звяртаючыся да землякоў, яна падкрэсліла, што, сталеючы, кожнага чалавека цягне да сваёй малой радзімы. Не выключэнне ў гэтым плане і яна – нягледзячы на вялікую занятасць, Лілія Станіславаўна заўсёды імкнецца знайсці магчымасць прыехаць у Леванова. Грамадскі дзеяч уручыла ўдзельнікам клуба «Субацея» салодкія падарункі, кветкі. Ганаровай граматай саюза жанчын была адзначана бібліятэкар сельскай бібліятэкі М.М.Несцяровіч. Таксама ўзнагароды атрымаў клуб «Субацея» і бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту вёскі Леванова.
– Леваноўская зямля дала нашай краіне шмат цікавых і таленавітых людзей. Вы паглядзіце на жанчын, якія прадстаўляюць клуб: яны працуюць на энтузіязме. І робяць гэта для таго, каб у вёсцы цяплілася і захоўвалася жыццё. Я думаю, у год малой радзімы кожны грамадзянін павінен зрабіць нешта добрае для сваёй краіны: хто можа – адрамантаваць дарогі, хто можа – захаваць нейкія культурныя аб’екты. Але самае галоўнае – трэба душой быць са сваёй радзімай, – сказала Лілія Ананіч.
Дарэчы, леваноўская зямля з’яўляецца малой радзімай для былых міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь І.І. Шчэрбы і старшыні камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама У.К. Шчэрбы.
Гледачы ўважліва назіралі за выступленнем удзельнікаў клуба «Субацея»: хтосьці спрабаваў падпяваць, хтосьці не шкадаваў далоняў, а ў некага гэта выклікала настальгію…
– Я нарадзілася тут, але пасля 10 класа паступіла вучыцца ў Барысаў і з’ехала ад бацькоў, – кажа дырэктар сельскага Дома культуры п.Усяж Смалявіцкага раёна Наталля Сташкевіч. – А потым жыццё так склалася, што я выйшла замуж і ўжо не вярнулася ў Леванова. Але сюды прыязджаю даволі часта: тут жывуць маці і цётка. Бясспрэчна, вёска змянілася моцна, раней тут бурліла жыццё – столькі моладзі было, працавала школа. Зараз усяго гэтага няма. Аднак усё роўна раз у год улетку мы збіраемся на сустрэчу землякоў, куды прыязджае шмат людзей.
У той дзень удзельнікі клуба зараджалі ўсіх гасцей энер-гічнымі песнямі і танцамі, весялілі прыпеўкамі, і, вядома ж, частавалі хатнімі стравамі. Думаю, у памяці ўсіх гасцей надоўга застанецца гэты дзень, бо ён быў такім шчырым, душэўным, цёплым ... І хочацца пажадаць удзельнікам клуба «Субацея», каб яны яшчэ доўга-доўга маглі захоўваць культуру сваёй вёскі і радаваць усіх сваёй творчасцю.

Кацярына ВАРАБ’ЁВА

Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
2184
05.12.2019 08:00
05.12.2019 08:00