be en ru
Сацработнік – не прафесія, а стан душы
12 июня 2020
Общество

Сацработнік – не прафесія, а стан душы

У сучасным свеце эгаістаў і аднаасобнікаў далёка не кожнаму ёсць справа да лёсаў тых, хто жыве побач. Па-за ўвагай часцей за ўсё застаюцца адзінокія і маламабільныя людзі, адзінай падтрымкай і дапамогай якім становяцца сацыяльныя работнікі. Жыхарка аг. Вяляцічы Тамара Хмялеўская, якая амаль 24 гады аддала гэтай высакароднай прафесіі, ужо не ўяўляе сябе ў іншай сферы дзейнасці. Кожны падапечны, даручаны ёй, за гады цеснага ўзаемадзеяння амаль што становіцца родным. Уявіце, як балюча з імі развітвацца, калі прыйшоў час…

Па адукацыі Тамара – заатэхнік, некаторы час працавала швачкай, але, калі ёй прапанавалі быць сацыяльным работнікам, згадзілася, і не прагадала. Яна лічыць гэту прафесію ні чым іншым, як станам душы. Набрацца вопыту дапамагла ўласная бяда: захварэла мама, і Тамара даглядала роднага чалавека. З падапечнымі ўсё тое самае. Хоць і не сваякі, але ад самага першага дня хвалюецца за іх, клапоціцца аб кожным.

На абслугоўванні Т. Хмялеўскай зараз знаходзяцца 12 чалавек: самай пажылой за 90 гадоў, маладзейшай – 75. І пра ўсіх жанчына рапавядае з цеплынёй і любоўю.

– Абавязкаў у нас хапае: адным медыкаменты ці прадукты купіць, другім вады або дроў прынесці. Хтосьці ўвогуле патрабуе проста ўвагі: прысядзеш ля яго, паслухаеш, падтрымаеш добрым словам, – расказвае сацработнік.  – Ды і падапечныя заўсёды чымсьці падзеляцца: пажартуюць, параду добрую дадуць або новы рэцэпт печыва падкажуць.

Тамара Фёдараўна ніколі не прытрымліваецца ўсталяванай нормы знаходжання ў сваіх падапечных, якая складае крыху болей за дзве з паловай гадзіны. Жанчына прызнаецца, што ўлоўлівае настрой бабулечак і дзядулек адразу: бачыць, хто настроены на зносіны, а да каго лепш зараз не падыходзіць.

Сацработнік не ведае значэння слоў “дрэннае надвор’е” – заўсёды бяжыць да сваіх падапечных. Таму лепшым сябрам у рабоце лічыць веласіпед – хутка дамчыць туды, дзе чакаюць. Бывае, што і сярод ночы жанчыне даводзіцца прачынацца ад тэлефоннага званка: гэта родныя не змаглі дазваніцца да блізкага чалавека, хвалююцца. І Тамара едзе: а можа, раптам і сапраўды што здарылася? У большасці выпадкаў усё абыходзіцца добра, але часам…

Імгненна вочы Тамары напаўняюцца слязьмі, вусны пачынаюць дрыжэць… Гэта успомніліся тыя, хто ўжо пайшоў з жыцця.

– За дваццаць з лішнім гадоў, як я працую сацработнікам, давялося абслугоўваць каля 70 чалавек. Большасць з іх, на жаль, ужо не з намі, – расказвае Тамара Фёдараўна. На гэтых словах голас яе цішэе, і размова прыпыняецца, а ле хутка пачынаецца зноў:

– Страту кожнага з іх перажываць цяжка. Асабліва няпроста, калі смерць прыходзіць нечакана: толькі ўчора гаварыў з чалавекам, а сёння яго ўжо няма…

Жанчына ўпэўнена, што да смерці нельга прывыкнуць, але гэта абавязковы момант жыцця, які з’яўляецца самым складаным у першую чаргу для родных памерлага. Іх Тамара таксама стараецца падтрымаць: дапаможа аформіць дакументы, арганізаваць жалобны стол, з дзеткамі пасядзіць, калі трэба.

Усё гэта, безумоўна, аднімае энергію. Набрацца сіл і не апусціць рукі жанчыне дапамагае любімае хобі: Тамара з’яўляецца ўдзельніцай народнага ансамбля народнай песні “Спадчына”. Спявае не толькі падчас выступленняў і на рэпетыцыях, але і нават тады, калі едзе ад адной сваёй падапечнай да другой. Па яе словах, песні – сапраўдная разгрузка і лякарства ад смутку. Добрым памочнікам у рабоце таксама з’яўляецца муж, ды і дзеці, пакуль былі малымі, часта дапамагалі. Зараз выраслі, разляцеліся птушаняты, але, як толькі атрымліваецца, вяртаюцца ў Вяляцічы. Добра помняць яны тыя ісціны, якім з дзяцінства вучыла маці: трэба падтрымліваць слабога, дапамагаць старому.

Пра тое, што Тамара выбрала правільны шлях у жыцці, безумоўна, сведчаць дасягненні: у 2008 і 2009 гадах яна станавілася прызёрам раённых конкурсаў “Лепшы па прафесіі”. Аднак сама жанчына лічыць лепшай узнагародай шчырыя вочы тых, каго абслугоўвае, і цёплыя словы ўдзячнасці за яе працу – яны грэюць болей за нават самыя ганаровыя дыпломы і граматы.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~WimOC

Архив сайта

Перейти