be en ru
Беларуская спадчына — наша гісторыя, наш гонар
19 июля 2020
Общество

Беларуская спадчына — наша гісторыя, наш гонар

Неверагодна прыгожы старадаўні абрад «Пашлі, Божа, шмат збожжа», альбо «Зажынкі» прайшоў сёння ў вёсцы Старая Мётча Барысаўскага раёна.

— Раней усе гаспадыні прыходзілі ў адзін з двароў усёй талакой, каб разам дружна жаць, а потым, увосень, весела адпачываць, — распавядае Людміла Кажэўка, дырэктар Мётчанскага сельскага Дома культуры, кіраўнік фальклорнага гурту «Мядоцкая талака». — Ішлі на полі нарадныя. Зажыналі першы сноп, а потым на ніўцы астаўлялі падарункі для зямелькі: кавалачак хлеба, кавалачак сала, яйкі, і ўсё гэта клалі пад першыя зжатыя калоссі. Першы сноп неслі ў хату да гаспадара, які іх дзякваў: даваў грошы, частаваў усю талаку.

На наступны дзень (зноў усёй талакою) ішлі да таго ж самага гаспадара — ужо ў рабочай вопратцы — і жалі ўсё яго поле. Затым ішлі да другога гаспадара. Так і абыходзілі ўсе надзелы.

— Гэты абрад у Старой Мётчы існуе спакон вякоў, — працягвае Людміла Уладзіміраўна. — Я была яшчэ дзяўчынкай, але памятаю, як мая бабулька зажынала першы сноп, як прыгожа яна спявала. Мы, дзеці, назіралі за дарослымі, збіралі каласочкі і смажылі іх на агні, а потым церабілі зярняткі і імі частаваліся — смачна было вельмі.

А як сялянкі спявалі! Вось па полі ідзе шмат жанчын, усе ў святочным адзенні, і спяваюць, снапы зажынаюць. А песні жаласлівыя — праца ж нялёгкая, так і разліваюцца галасы па акрузе, нібы вецер стогне. Прыгожа аж да слёз...

Наш калектыў ужо 11 разоў прымаў удзел у раённых «Зажынках». А колькі для вяскоўцаў было спета! Заўседы прыцягваем да ўдзелу ў святах дзяцей, нават на свае рэпетыцыі іх запрашаем, каб вучыліся. І многія нашы песні яны ўжо таксама пяюць. Так і захоўваецца наша спадчына: ад бацькоў веды перадаюцца нам, а мы аддаем іх сваім дзецям. І калі вяскоўцы, якія глядзяць нашы выступы, апладзіруюць і дзякуюць, — хіба гэта не шчасце! Гэта наша з вамі беларуская спадчына — наша гісторыя, наш гонар.

Святлана ЧЭКАЛАВА, фото аўтара

Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~4QdTR

Архив сайта

Перейти