be en ru
Плюс тры літры: за кошт чаго жывёлаводы Барысаўшчыны павышаюць вытворчасць малака
26 октября 2023
Сельское хозяйство

Плюс тры літры: за кошт чаго жывёлаводы Барысаўшчыны павышаюць вытворчасць малака

Два гады запар малочна-таварны комплекс «Зачысце» філіяла «Зачысце Агра» Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў па выніках першага паўгоддзя лідзіруе ў спаборніцтве, аб’яўленым абкамам прафсаюза работнікаў АПК. Сёлета тут ёсць таксама добрыя падставы для гонару.

На МТК у аграгарадку Зачысце ўтрымліваецца 2100 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 880 кароў. Побач з ім будуецца новы комплекс на 800 буронак. З яго ўводам у эксплуатацыю пагалоўе значна вырасце.

— У кастрычнiку надоi складаюць 23,5 л на карову, — паведаміў галоўны заатэхнік гаспадаркі Ігар Шкурдзюк. — Плюсуем больш чым на тры літры да леташняга ўзроўню. Па выніках жа года плануем выйсці на ўдой 7800 л малака на карову, што на 400 л больш мінулагодняга. Апошнія два гады мы займалі першыя месцы ў вобласці. Гэта дасягнута, дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву: ад аператараў машыннага даення і даглядчыкаў да спецыялістаў.

На вялікай тэрыторыі комплексу парадак, на ёй разбіты кветнікі і ўстаноўлены малыя архітэктурныя формы. Жывёла дагледжана і накормлена. Тут асобая ўвага надаецца выкананню тэхналогіі, таму і вынікі радуюць.

— У каровы малако на языку, гаворыць народная мудрасць. Як пакорміш жывёлу, такую ад яе і атрымаеш прадукцыю, — заўважыў галоўны заатэхнік. — Таму ўсе кармы ў нас першага класа: і сянаж, і сілас. Камбікармы пастаўляюцца цэнтралізавана з камбіната хлебапрадуктаў. Яны поўнарацыённыя, таму дасягаюцца высокія сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку. У цёлак яны складаюць 830-840 г у суткі.

Дзякуючы паўнацэннаму кармленню і добраму дагляду, цялушак на комплексе асемяняюць у 12-13 месяцаў, калі яны дасягаюць вагі ў 380-400 кг. Такім чынам зніжаюцца выдаткі на вырошчванне жывёлы.

Першацёлак на МТК «Зачысце» дояць тры разы за суткі, у астатніх кароў двухразовая дойка. Яна на комплексе пачынаецца ў пяць гадзін раніцы і працягваецца да двух ночы з гадзінным перапынкам.

— За суткі мы надойваем каля 20 тон малака, 19 з якіх ідзе на рэалізацыю (усё класам экстра), і адну тону пакідаем сабе на выпайку цялят, — удакладніў Ігар Леанідавіч. — На комплексе працуюць 52 чалавекі, ён цалкам укамплектаваны і рабочымі, і спецыялістамі. Падтрымліваецца высокая дысцыпліна працы. У перадавіках па надоях на МТК сямейная пара — Сяргей і Ірына Стальмаховіч. На вырошчванні цёлак высокіх прыбаўленняў у вазе дасягнулі Алена Панкавец і Ала Данілава. Добра даглядае за каровамі Сяргей Заляшчонак.

Перадавы аператар машыннага даення Ірына Стальмаховіч якраз была на працы, а вось яе муж Сяргей пайшоў у водпуск. Дваццаць год таму жанчына змяніла горад на вёску, і не шкадуе.

— Мае бацькі родам з Неманіцы, але жылі мы ў Барысаве, дзе я і пазнаёмілася з будучым мужам, — расказала Ірына. — Выйшла замуж і пераехала ў вёску. Пайшла працаваць на ферму. Сяргей спачатку быў даглядчыкам, а потым стаў аператарам машыннага даення. Гэта яму было не ў навіну, бо з дзяцінства дапамагаў маці даіць кароў. Ён усё ўмее. У нас двое дарослых дзяцей: сын і дачка, жывуць у горадзе.

Працуюць аператары машыннага даення суткі праз двое, гэта няпроста, але ўжо прывыклі да такога стылю жыцця.

— У нас свая хата, ёсць чым заняцца ў вольны час, — заўважыла Ірына. — Працаваць у сельскай гаспадарцы цяжка, але я сябе ўжо ў горадзе не бачу, думаю, не змагла б там жыць. Мне наша вёска мілей. Нас у гаспадарцы паважаюць і шануюць. Вось і на Дошку гонару занеслі!

Доўга размаўляць у Ірыны Стальмаховіч не было часу, бо каровы самі сябе не падояць. Яна накіравалася назад у даільную залу. Ад таго, як спрацуе Ірына і яе калегі, залежыць, ці здолее малочна-таварны комплекс выканаць пастаўленыя перад ім мэты.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара      

Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~Gi8kT

Архив сайта

Перейти