be en ru
Свята цудоўнай маленькай радзімы, якая выхавала выдатных людзей, адбылося на Барысаўшчыне
15 августа 2023
Культура

Свята цудоўнай маленькай радзімы, якая выхавала выдатных людзей, адбылося на Барысаўшчыне

Вёсачка Прáбарнае, якая на Барысаўшчыне, зусім маленькая: усяго 6 асабістых гаспадарак і 9 чалавек па прапісцы. Але яе жыхары свой родны кут любяць усім сэрцам. І таму звесткам, што тут пройдзе свята вёскі, вельмі ўзрадаваліся.

Цудоўны летні суботні дзень. Над наваколлем разліваліся беларускія песні. На пляцоўцы размясцілася выстава народнай творчасці работ удзельнікаў гурткоў па ДПІ Вяляціцкага СДК (кіраўнік Ганна Дзеравяшка). Працавалі дзіцячая гульнёвая пляцоўка і выяздны гандаль.

Каб свята адбылося прыгожым, старанна працавалі дырэктар Вяляціцкага СДК ДУК “Раённы цэнтр народнай творчасці” Наталля Цішкавец, іншыя супрацоўнікі Дома культуры і старшыня Вяляціцкага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Ільюшонак.

Нельга лепей сказаць, чым гэта зрабіла Наталля Цішкавец:

— Зямля мая! Весачка любая! Калі ўбачыш яе хоць раз ў жыцці, не забудзеш. Калі з чыстых яе крыніц вып’еш глыток вады — прыбавіцца сіл і радасці. Калі пройдзеш па гэтай зямлі — палюбіш яе. А калі нарадзіўся на гэтай зямлі, то, дзе б ні апынуўся, сэрца будзе неадступна клікаць да лясных даляў, духмянага чабору на ўзгорку, жытнёвага полю. Усе, хто нарадзіўся і вырас сярод гэтай прыроднай прыгажосці, увабраў у сябе з малаком маці лепшыя традыцыі роднай зямлі, стаў сапраўдным чалавекам, носьбітам важных людскіх каштоўнасцяў.       

Сярод жыхароў вёскі — толькі прыстойныя, цудоўныя людзі. Іх праца — гэта крыніца чалавечай мудрасці і самаадданасці.

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне — незагойная рана. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў. Удзельнікі мерапрыемства ўспомнілі жыхароў Прабарнага, якія ваявалі з ворагам. Гэта Алексей Аўдзеевіч Шышпаронак і Васілій Сямёнавіч Сідла. Загінуў у баях Аляксандр Андрэевіч Белы. Былі забіты на фронце сужэнцы Ганны Фядосаўны Гразноўскай і Марыі Сцяпанаўны Юданавай. У сям'і Ісака Цімафеевіча Белага сына Міхаіла сілком сагналі ў Нямеччыну… Памяць аб тых, каго забрала вайна, вяскоўцы ўшанавалі хвілінай маўчання.

Шмат добрых пажаданняў і прыгожых слоў прагучала ў гонар самых сталых вяскоўцаў — Надзеі Елісееўны Шышпаронак, якой зараз 102 гады, і 93-гадовай Галіны Данілаўны Сідла (на фотаздымку). Ім — шчырае віншаванне са святам і памятныя падарункі, у тым ліку і ад Барысаўскай раённай арганізацыі ветэранаў. І падзячнасць іх дзецям, якія даглядаюць сваіх матуль.

Ёсць сярод жыхароў вескі тыя, хто сёлета адзначыў свой юбілей: Уладзімір Генадзьевіч Сакалоў — 70-годдзе, Валянціна Федараўна Князева (на фотаздымку) —  65-годдзе. У іх адрас таксама прагучалі пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту, ім былі ўручаны падарункі.

А вось Андрэю Князеву (на фотаздымку) ў гэтым годзе споўнілася 32. Розніца паміж ім і самым сталым жыхаром — 70 год. Усяго найлепшага маладому чалавеку!

Не абыйшлі арганізатары ўвагай і працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны — дзяквалі і ўручылі падарункі ад прадпрыемства “БарысаўАграАльянс”.

Веска Прабарнае сёння: гэта і жыхары, і дачнікі — дружная сям'я. У ёй ёсць павага адзін да аднаго і ўтульнасць. З кожным годам весачка становіцца дагледжаней і ярчэй ад багацця кветак. На свяце віншавалі пераможцаў конкурсу “Куточак сэрцу дарагі” на лепшы падворак Васіля Прахарэвіча (на фотаздымку)і Надзею Шчаўкун.

Барысаўская райарганізацыя РГА “Белая Русь” і Вяляціцкі сельскі выканаўчы камітэт падрыхтавалі падарункі для ўсіх, хто дапамагаў рыхтаваць свята.

На гульневай пляцоўцы прайшлі конкурс малюнкаў “Прыгажосць прыроды навокал” і турнір па шашкам і шахматам. Пераможцы атрымалі салодкія пачастункі.

А добры настрой удзельнікам свята надаваў народны ансамбль народнай песні “Спадчына” Вяляціцкага СДК (кіраўнік Ірына Ходас). У рэпертуары былі песні пра Беларусь, родную старонку, любоўная лірыка, жартоўныя народныя песні. Слухачы не жалелі далоняў — так моцна апладзіравалі артыстам. Нядзіўна: гэта адзін з вядучых мастацкіх калектываў раёна, удзельнік шматлікіх раённых і абласных мерапрыемстваў: «Зажынак» і «Дажынак», кірмашоў, фестываляў і конкурсаў.

Святлана ЧЭКАЛАВА, фота арганізатараў свята

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~nG4yg

Архив сайта

Перейти