2.113
2.3339
3.4178
14.06.2019 12:00

Не вал павінен правіць баль…

Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, сёлета перад сельскагаспадарчымі арганізацыямі Барысаўшчыны пастаўлена задача нарыхтаваць для грамадскай жывёлы больш чым 5,5 тысячы тон сена, звыш 158,1 тысячы тон сіласу і 158,9 тысячы тон сенажу. З такім разлікам, каб на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы мелася не менш чым па 32,4 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў.

Перакласці артыкул на ※

Не  вал  павінен  правіць  баль…

Але не вал павінен правіць баль. Як і ў мінулыя гады, асаблівую ўвагу кіраўнікі, спецыялісты і радавыя работнікі гаспадарак павінны ўдзяляць якасці нарыхтоўваемых кармоў. З тым, каб атрымаць ад іх найбольшую аддачу пры скармліванні жывёле.
Для захавання ў кармах максімальнай колькасці пажыўных рэчываў касіць травы неабходна ў найбольш аптымальнай фазе іх развіцця: злакавыя – у пачатку выхаду ў трубку, а бабовыя – у пачатку бутанізацыі. Пры закладцы сенажу і сіласу ў траншэі павінны строга вытрымлівацца ўстаноўленыя тэхнічным рэгламентам параметры даўжыні травяной рэзкі, вільготнасці і тэмпературы закладваемай масы. За гэтым павінны пастаянна сачыць спецыялісты агранамічнай і зоаветэрынарнай службаў гаспадарак.
Для агульнага кантролю за якасцю нарыхтоўваемых кармоў з ліку спецыялістаў раённай ветэрынарнай станцыі створаны дзве тэхналагічныя групы, якія што-
дзённа выязджаюць у гаспадаркі і правяраюць выкананне тэхрэгламенту непасрэдна на месцах. Ва ўзятых пробах у раённай лабараторыі аналізуецца ўтрыманне ў корме караціну, нітратаў і нітрытаў, а ў абласной – клятчаткі і пратэіну. І робіцца папярэдняя ацэнка якасці корму.
У мінулую сераду да ранішняй паездкі адной з тэхналагічных груп у складзе намесніка галоўнага ветэрынарнага ўрача па дыягнастычнай рабоце ДУ “Барысаўская райветстанцыя” Веранікі Дударонак і вядучага ветэрынарнага ўрача-радыёлага Зінаіды Жук далучыўся і карэспандэнт газеты “А”. На жывёлагадоўчым комплексе СУП “Зачысце Агра” адна траншэя была ўжо запоўнена сянажнай масай і ўкрыта двухслойнай поліэтыленавай плёнкай. Падыходзіла да завяршэння запаўненне і другой траншэі ўмяшчальнасцю паўтары тысячы тон.
Улік паступлення правяленай здробненай травяной сумесі з канюшыны і цімафееўкі вяла загадчыца МТК Тамара Чарнуха. Яна паведаміла, што спецыялісты зоаветслужбы праз кожныя тры гадзіны правяраюць вільготнасць і тэмпературу закладваемай масы. І не было ні аднаго выпадку адхілення ад параметраў тэхрэгламенту, таму што сонечнае надвор’е спрыяе хуткаму правяльванню скошанага травастою, а бесперабойная кругласутачная трамбоўка двума пагрузчыкамі “Амкадор-352” дае магчымасць забяспечыць неабходны тэмпературны рэжым. Праверка спецыялістаў райветстанцыі пацвердзіла праўдзівасць слоў загадчыцы комплексу: вільготнасць масы складала 49 працэнтаў, а тэмпература – 34 градусы.
Поводле слоў дырэктара СУП “Зачысце Агра” Аляксандра Курэцкага, сёлета на перыяд зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарцы запланавана нарыхтаваць 9 тысяч тон сянажнай масы і столькі ж сіласу, каб у структуры дзённага рацыёна вытрымліваліся іх суадносіны 1:1. А таксама 250 тон сена.
Падчас наведвання гаспадаркі на нарыхтоўцы кармоў былі задзейнічаны два падборшчыкі – КВК-800 і КЗР, на якіх працавалі Мікалай Мядзел і Андрэй Кашко, а таксама 8 транспартных адзінак на адвозцы здробненай правяленай масы ад вёскі Карнюшкаў Засценак да сянажнай траншэі. Бесперапынную трамбоўку забяспечвалі Дзмітрый Курыловіч і Дзмітрый Клімковіч. На касьбе траў шчыравалі Іван Ластоўскі і Віталь Васілеўскі на трактарах МТЗ-1221 з касілкамі КДН-3, а таксама Валерый Боршч на самаходнай касілцы КПР-9.
Усяго пад кашэнне ў гаспадарцы мелася 800 гектараў шматгадовых траў і 150 гектараў аднагадовых. На сілас будзе выкарыстана кукуруза, якой вясной пасеяна 420 гектараў. Праўда, паўсотні гектараў “каралевы палёў” пры спрыяльных умовах вяскоўцы маюць намер убраць на зерне, таму што каля 3 тысяч тон кукурузнага сіласу засталося з мінулагодніх запасаў. Між іншым, і леташняга сена засталося каля 70 тон. Гэты від корму, як правіла, рыхтуецца з другога ўкосу траў, размешчаных на асушаных тарфяніках на плошчы больш чым 250
гектараў.
…У аграрна-жывёлагадоўчай гаспадарцы ААТ “Барысаўскі завод “Аўтагідраўзмацняльнік” трэці дзень закладвалі масу ў сянажную траншэю ўмяшчальнасцю каля тысячы тон у вёсцы Кастрыца. Загадчыца склада Святлана Клімковіч апрыходавала паступаючую травяную сумесь, а галоўны ветэрынарны ўрач Анатоль Жукоўскі і галоўны заатэхнік Сяргей Мазынскі кантралявалі паказчыкі вільготнасці і тэмпературы закладваемай масы. Кантрольная праверка паказала, што яны адпавядаюць тэхнічнаму рэгламенту.

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

24.01.2020 10:00
21.01.2020 08:00
10.01.2020 10:00