Да выхаду ў поле тэхніка гатова

Згодна з зацверджаным рашэннем Барысаўскага райвыканкама графікам, у ліку першых у раёне штогадовы дзяржаўны тэхнічны агляд транспартных сродкаў праведзены ў мехатрадзе ААТ “Барысаўская Аграпрамтэхніка”. Паводле слоў начальніка раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду Уладзіміра Мурашкі, прадстаўленыя для агляду транспарт-ныя сродкі адпавядалі ўсім патрабаванням, таму паспяхова прайшлі тэхагляд і дапушчаны да ўдзелу ў дарожным руху ў 2017 годзе.
– У гэтай арганізацыі заўсёды рыхтуюцца да штогадовых тэхаглядаў трактарнага парку сур’ёзна і з вялікай адказнасцю, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Не стаў выключэннем і сёлетні год. Усе трактары былі своечасова адрамантаваны, ачышчаны ад бруду, дзе патрэбна – пафарбаваны. Яны ўкамплектаваны медыцынскімі аптэчкамі, вогнетушыцелямі, знакамі аварыйнага прыпынку, таму не мелі ніякіх заўваг і атрымалі допуск да работы. Заслуга ў гэтым як саміх механізатараў, так і кіраўніка мехатрада Яўгена Уладзіміравіча Сурмы, які працуе ў гэтай арганізацыі больш за чатыры дзесяцігоддзі, пачынаў простым вадзіцелем і дарос да вядучага інжынера-механіка, таму добра ведае ўсе нюансы даручанай справы. Апошнія дзесяць гадоў Яўген Уладзіміравіч узначальвае вытворчае падраздзяленне і ўмела арганізоўвае работу сваіх падначаленых…
Паводле слоў кіраўніка механізаванага атрада Яўгена Сурмы, у яго састаў уваходзяць 24 трактары, у ліку якіх адзін “Кіравец”, сем энерганасычаных трактароў “МТЗ-3022” і “МТЗ-3522”, чатыры пагрузчыкі маркі “Амкадор”, а таксама трактары “МТЗ-1221”. Для трактароў маюцца прычэпы адпаведнай грузападымальнасці, раскідвальнікі арганічных і мінеральных угнаенняў, спецыяльныя прычэпы для ўнясення даламітавай мукі падчас вапнавання кіслай глебы, а таксама шлейф прычапнога і навяснога інвентару для выканання практычна ўсіх палявых работ: плугі, дыскатары, шыроказахватныя камбінаваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты.
Механізатары мехатрада аказваюць сельскагаспадарчым арганізацыям па іх заяўках і распараджэнню раённага кіраўніцтва дапамогу практычна па ўсіх відах палявых работ: у вывазцы і ўнясенні арганічных і мінеральных угнаенняў, даламітавай мукі, падрыхтоўцы глебы, сяўбе і ўборцы вырашчанага ўраджаю – у атрадзе ёсць два высокапрадукцыйныя збожжаўборачныя камбайны. Аказваюць таксама і самыя розныя транспарт-ныя паслугі.
– Вось і сёлета нашы механізатары ўжо аказвалі дапамогу ў вывазцы арганічных угнаенняў ААТ “Птушкафабрыка Вяляцічы”, ААТ “БарысаўСаюзАгра”, ААТ “Аграфірма імя Суворава”, – паведаміў Яўген Уладзіміравіч. – Трактары ўсе спраўныя і гатовы да выхаду ў поле. Згодна з патрабаваннямі вышэйстаячых арганізацый і органаў мясцовай улады да канца лютага нашы механізатары закончылі рамонт замацаваных за імі глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Механізатары маюць багаты вопыт работы і высокую кваліфікацыю – ва ўсіх першы клас, адносяцца да даручанай справы добрасумленна, таму на якасць іх работы нараканняў з боку вяскоўцаў не бывае. Асаблівым стараннем вызначаюцца Ігар Колбік, які працуе на трактары “МТЗ-1221”, Віктар Пятрушын – на “МТЗ-3022”, а таксама Уладзімір Лыскавец – на пагрузчыку “Амкадор”.
Як запэўніў Яўген Сурма, пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я механізатары мехатрада гатовы ўключыцца ў веснавыя палявыя работы. Было б толькі ў дастатку паліва ў сельскагаспадарчых арганізацый, таму што “Райаграпрамтэхніка” закупляе паліва для атрада толькі для перагонаў тэхнікі.
P.S. Штогадовы тэхнічны агляд транспартных сродкаў сельскагаспадарчых арганізацый раёна, згодна з графікам, будзе праводзіцца ў сакавіку.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

ВЯСНА ЗНЯНАЦКУ НЕ ЗАСТАНЕ

На пясчаных, не вельмі багатых па натуральнай урадлівасці землях аграрна-жывёлагадоўчай гаспадаркі “Траянаўка” ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты” стабільна больш высокія ўраджаі даюць азімыя збожжавыя культуры. Вось і летась пры сярэдняй ураджайнасці па гаспадарцы 36 цэнтнераў з гектара азімых збожжавых сабралі больш чым па 40 цэнтнераў. 

Улічыўшы гэту акалічнасць, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемства рашылі пашырыць плошчы пад азімымі культурамі. І мінулай восенню іх пасеялі 1000 гектараў, што склала 70 працэнтаў ад агульнага аб’ёму збожжавага кліна.
Паводле сцвярджэння галоўнага агранома гаспадаркі Уладзіміра Гудзя, азімыя збожжавыя культуры былі пасеяны ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, да 25 верасня, у добра апрацаваную і запраўленую пад запланаваную ўраджайнасць неабходнай колькасцю мінеральных угнаенняў глебу. На тых палетках, дзе папярэднікам быў азімы рапс і было многа самасею, восенню правялі хімпраполку пасеваў.
Дарэчы, акрамя азімых збожжавых культур, восенню ў АЖГ “Траянаўка” пасеялі яшчэ 350 гектараў азімага рапсу, 30 гектараў азімай свірэпіцы, а таксама некалькі дзясяткаў гектараў азімага жыта на зялёны корм. Таму агульны аб’ём засеянай восенню плошчы склаў каля паўтары тысячы гектараў.
Вясной яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры, без кукурузы, застаецца пасеяць на плошчы 380 гектараў. Яшчэ на 270 гектарах павінна размясціцца “каралева палёў”, 50 з якіх тамтэйшыя земляробы мяркуюць убраць на зерне, для забеспячэння грамадскай жывёлы энергетычным кормам уласнай вытворчасці.
Як запэўніў галоўны аграном, вясна хлебаробаў гаспадаркі знянацку не застане, таму што да сяўбы яравых культур у “Траянаўцы” практычна ўсё гатова. Тут своечасова засыпалі і давялі да неабходных пасяўных кандыцый насенне яравых культур, забяспечанасць якім, уключаючы страхавы фонд, складае 160 працэнтаў да патрэбнай колькасці. Апошнім часам насенны матэрыял збожжавых культур рыхтуецца непасрэдна ў гаспадарцы, толькі для сорта-змены і сортаабнаўлення ў элітгасах закупляецца эліта і суперэліта. Сёлета для гэтага ўжо завезена з даччынага прадпрыемства НПЦ па земляробству НАН Беларусі “Шыпяны АСК” Смалявіцкага раёна 13 тон эліты ячменю і яравой пшаніцы, а таксама 10 тон элітнага насення аўса.
Яшчэ напрыканцы першай дэкады лютага практычна поўнасцю была вырашана праблема і з забеспячэннем гаспадаркі мінеральнымі ўгнаеннямі. Пры агульнай патрэбнасці пад яравую сяўбу 212 тон дзеючага рэчыва NPK, фактычна мелася звыш 238 тон.
– Дзякуючы намаганням генеральнага дырэктара ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу” Аўтакампаненты” Анатоля Анатольевіча Капскага і яго памочніка па сельскагаспадарчай вытворчасці Уладзіміра Мікалаевіча Несцяронка нам удалося адкрыць крэдытную лінію, і за кошт гэтага 1 мільярд недэнамінаваных рублёў крэдытных сродкаў пералічылі на набыццё азотных угнаенняў, – паведаміў Уладзімір Уладзіміравіч. – Закупілі КАС, карбамід. Днямі прыбылі вагоны і з фосфарнымі ўгнаеннямі з Гомельскага хімзавода. А яшчэ 300 мільёнаў рублёў пералічылі аблаграсервісу за хлорысты калій, якога нам павінны завезці 250 тон. Для сяўбы яравых культур мінеральныя тукі назапашваюцца цяпер, а для летніх падкормак будуць завезены пазней, каб яны не зляжаліся і не страцілі свае ўласцівасці.
Да канца першай дэкады лютага ў гаспадарцы было ўжо вывезена на палі дзве трэціх ад запланаваных 20 тысяч тон арганічных угнаенняў. Па меры накаплення на жывёлагадоўчых фермах, арганіка дастаўляецца на палі і складзіруецца ў бурты, а вясной будзе ўнесена ў глебу. На вывазцы арганічных угнаенняў часцей за ўсё задзейнічаны механізатары, якія працуюць на энерганасычаных трактарах з вялікагрузнымі прычэпамі. Сяргей Быкаў на імпартным трактары “ФЭНДТ”, а таксама браты Ігар і Дзмітрый Стаяглазавы на айчынных трактарах “МТЗ-3522” і “МТЗ “3022” адпаведна. Пры неабходнасці да гэтай работы падключаюцца Аляксандр Стаховіч і Сяргей Мыцько на “МТЗ-82”, а таксама Пётр Дубіна і Юрый Калтуноў на “МТЗ-1221”. Пагрузку арганічных угнаенняў забяспечвае Пётр Галадок на пагрузчыку “Амкадор-352”.
Уносіцца арганіка ў пераважнай большасці пад кукурузу, з разліку па 70-75 тон на гектар. Яе выкарыстанне ў пэўнай ступені дае магчымасць эканоміць мінеральныя ўгнаенні, у прыватнасці, азотныя. Кукуруза вырошчваецца ў гаспадарцы на адным полі два гады запар, пасля чаго з’яўляецца добрым папярэднікам для пшаніцы. А гэта культура інтэнсіўнага тыпу займае каля паўтысячы гектараў, што складае амаль 40 працэнтаў ад агульнай плошчы збожжавых. Пшаніца дае на тамтэйшых землях найбольшую ўраджайнасць, ды і цана рэалізацыі яе вышэйшая ў параўнанні з іншымі збожжавымі культурамі. Другое месца па плошчы – звыш 400 гектараў – зай-мае азімая трыцікале, якая таксама з’яўляецца для гаспадаркі эканамічна выгаднай культурай інтэнсіўнага тыпу.
Паводле слоў Уладзіміра Гудзя, цяпер у гаспадарцы вядзецца рамонт і падрыхтоўка да веснавых палявых работ пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі, якая да канца лютага павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці. Фінансавую дапамогу гаспадарцы ў набыцці запасных частак, як, дарэчы, і элітнага насення, мінеральных угнаенняў, аказала ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты”.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

ЧАС ПРЫСПЕШВАЕ, а ў некаторых гаспадарках раёна прамарудзілі з падрыхтоўкай насення да веснавой сяўбы

Згодна з патрабаваннямі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, усе сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны былі завяршыць падрыхтоўку насення збожжавых і зернебабовых культур пад яравую сяўбу 2017 года да пачатку студзеня, а шматгадовых траў – да пачатку лютага. Аднак не ва ўсіх гаспадарках Барысаўшчыны аграрыі справіліся з гэтай задачай ва ўстаноўленыя тэрміны.
Як паведаміла начальнік Барысаўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Наталля Антошына, да пачатку лютага з засыпаных 4233 тон насення збожжавых і зернебабовых культур, уключаючы і страхавы фонд, толькі 80 працэнтаў былі кандыцыйнымі. І ў 10 гаспадарках працягваліся работы па ачыстцы і давя-дзенню насеннага матэрыялу да патрэбных пасяўных кандыцый.
Так, у ААТ “БарысаўСаюзАгра” толькі ў канцы студзеня закончылі дапрацоўку насення бабовых культур, а ў ААТ “Лошніцкі край” завяршылі ачыстку насення пшаніцы на зерневую групу ў пачатку лютага. У гэты ж час у ААТ “Зембінскі” яшчэ дапрацоўвалі насенне аўса на зерневую групу, а ў ААТ “ДАК-Агра” і аграрна-жывёлагадоўчай гаспадарцы ААТ “Барысаўскі завод “Аўтагідраўзмацняльнік” працягвалі працаваць з насеннем збожжавых культур як на зерневую групу, так і на сумесь аднагадовых культур для скармлівання жывёле ў выглядзе “зялёнага канвеера”.
Вялікую занепакоенасць у спецыялістаў раённай насеннай інспекцыі выклікала становішча спраў з падрыхтоўкай насеннага матэрыялу ў ТАА “Мётча-Агра”, дзе на пачатак лютага з агульнага аб’ёму насення збожжавых і зернебабовых культур было кандыцыйным толькі 41 працэнт. У гэтай гаспадарцы 246 тон насення забракавана па прычыне засмечанасці культурнымі прымесямі. Некандыцыйнымі па чысціні аказаліся партыі насення ячменю і аўса, таму што ў ячмені меліся прымесі зерня аўса, а ў аўсе – ячменю. І больш за ўсё спецыялістаў насеннай інспекцыі здзівіў “алімпійскі спакой” галоўнага агранома гаспадаркі, які замест таго, каб арганізаваць паўторную ачыстку насеннага матэрыялу, пайшоў у адпачынак. Таму ў сельгаспрадпрыемстве не была арганізавана і дапрацоўка насення шматгадовых траў.
– Што тычыцца стану насеннага матэрыялу шматгадовых траў у цэлым па раёне, то да пачатку лютага ў сельскагаспадарчых арганізацыях мелася толькі 32 працэнты кандыцыйнага насення з засыпаных 123 тон, – адзначыла Наталля Віктараўна. – І хаця да таго часу была зроблена пярвічная ачыстка ўсяго насеннага матэрыялу, аднак гэтага аказалася недастаткова, і патрэбна ў бліжэйшы час паўсюдна арганізаваць паўторную яго дапрацоўку і давядзенне да неабходных пасяўных кандыцый.
Паводле слоў Наталлі Антошынай, прыкладам для астатніх гаспадарах можа служыць арганізацыя работы з насеннем у філіяле “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”, дзе яшчэ да канца снежня мінулага года ўсё насенне не толькі збожжавых і зернебабовых культур, але і шматгадовых траў было дапрацавана і даведзена да неабходных пасяўных кандыцый. Належным чынам арганізавана гэта работа і ў адасобленым структурным падраздзяленні – філіяле “Ніўкі” УП “Папяровая фабрыка” Дзярж-знака, дзе не толькі своечасова ачышчаецца насенне ўласнай вытворчасці, але і закупляецца эліта і суперэліта. Як, дарэчы, гэта робіцца ў СУП “Божадары”, якое з’яўляецца насенняводчай гаспадаркай па вытворчасці насення шматгадовых траў. А вось у такіх гаспадарках, як ТАА “Мётча-Агра”, ААТ “Зембінскі”, ААТ “Лошніцкі край”, падсобная сельская гаспадарка “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў”, па стану на 2 лютага наогул не мелася кандыцыйнага насення шматгадовых траў. Больш таго, з названых вышэй сельгаспрадпрыемстваў да 2 лютага ў раённую насенную інспекцыю для праверкі не было перададзена ні адной партыі насеннага матэрыялу.
Спецыялісты раённай насеннай інспекцыі ажыццяўляюць кантроль за станам захоўвання і насення бульбы, якога засыпана 887 тон, або 115 працэнтаў да плану. Сёлета гэта культура будзе вырошчвацца ў трох гаспадарках на плошчы 220 гектараў: на 70 гектарах – у ААТ “Аграфірма імя Суворава” і СУП “Божадары”, а яшчэ на 80 – у ААТ “Міраполле”.
Рэзультаты праведзеных маніторынгаў сведчаць аб тым, што стан насення бульбы не выклікае трывогі. У спецыялізаваных бульбасховішчах неабходны мікраклімат падтрымліваецца аўтаматычна па зададзенай камп’ютару праграме. А ў прыстасаваных для гэтай мэты памяшканнях сцены дадаткова ўцеплены саломай, а неабходная тэмпература ўнутры падтрымліваецца ў марознае надвор’е з дапамогай печак-буржуек. Пры гэтым варта адзначыць, што ў аграфірме імя Суворава 100 працэнтаў насеннага матэрыялу бульбы складае эліта, у СУП “Божадары” ўсё насенне другой рэпрадукцыі, а ў ААТ “Міраполле”– 89 працэнтаў насення другой рэпрадукцыі, а астатнія 11 працэнтаў – першай.
Пад пастаянным кантролем спецыялістаў раённай насеннай інспекцыі знаходзіцца і стан захоўвання вяскоўцамі ядахімікатаў. На пачатак лютага іх мелася ў гаспадарках 18 тон, і ўсе яны захоўваюцца пад надзейнай аховай у памяшканнях з ацяпленнем. Аднак у ТАА “Мётча-Агра”, ААТ “Аграфірма імя Суворава”, ААТ “Боркі Агра”, ААТ “Міраполле” меліся хімпрэпараты, у якіх скончыўся тэрмін прыгоднасці. Іх патрэбна абавязкова праверыць у кантрольна-таксікалагічнай лабараторыі, якая знаходзіцца ў пасёлку Сенніца Мінскага раёна. І зрабіць гэта неадкладна, пакуль там няма ажыятажнай чаргі. І з завяршэннем дапрацоўкі насеннага матэрыялу таксама нельга марудзіць, бо час прыспешвае, хутка пачнуцца веснавыя палявыя работы.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

КОЖНАЯ ПЯТНІЦА – САНІТАРНЫ ДЗЕНЬ

Раней газета “А” паведамляла пра тое, што па выніках раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельскагаспадарчых арганізацый для работы ў зімовых умовах па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ 2017 года другое месца заняў машынны двор ПСГ “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў”.

Паводле сцвярджэння галоўнага інжынера Васіля Ярашэнкі, на машынным двары гаспадаркі пастаянна падтрымліваецца належны парадак. Дзеля гэтага кожную пятніцу праводзяцца так званыя санітарныя дні, падчас якіх заасфальтаваная тэрыторыя двара ў зімовы час ачышчаецца ад снегу, а ўлетку – ад смецця і пустазелля. Наводзіцца парадак і ў рамонтнай майстэрні, а таксама ў боксах для захоўвання складанай тэхнікі.

На машынным двары гаспадаркі выдзелена спецыяльнае памяшканне для рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, якое ў зімовы час забяспечваецца цяплом ад працуючага на дрывах абагравальніка. Абсталяваны зварачнае і такарнае аддзяленні, пункт тэхнічнага абслугоўвання, склад запасных частак і расходных матэрыялаў, а таксама абменны пункт. У гардэробе для рамонтнікаў і занятых на рамонце механізатараў маюцца асобныя шафы для зменнага адзення, круглы год функцыяніруе душ з гарачай і халоднай вадой. У час абедзеннага перапынку можна падсілкавацца ў пакоі для адпачынку і прыёму ежы, дзе ёсць халадзільнік і электрачайнік.

  • У нас стала ўжо добрай традыцыяй пасля завяршэння асноўных палявых работ ачышчаныя ад бруду і пажніўных рэшткаў пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты, збожжаўборачныя камбайны, кормаўборачную і іншую тэхніку без прамаруджвання ставіць на зімовае захоўванне згодна з патрабаваннямі Дзяржстандарта, – запэўніў Васіль Барысавіч. – Вось і мінулай восенню ўся сельскагаспадарчая тэхніка гаспадаркі была пастаўлена на зімовае захоўванне ва ўстаноўленыя тэрміны. Самаходныя кормаўборачныя агрэгаты “УЭС-250”, навясныя касілкі, прэс-падборшчыкі, выраблены на заводзе “БАТЭ” айчынны апырсквальнік, а таксама жняяркі і нахільныя камеры ад збожжаўборачных камбайнаў захоўваюцца ў закрытых памяшканнях боксаў або пад павецямі. А самі чатыры збожжаўборачныя камбайны на зіму перагналі ў ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў”, дзе пазней будзе наладжаны іх рамонт і зроблены ўсе неабходныя рэгуліроўкі.

Пасля праведзенай дэфектоўкі і складання дэфектовачных ведамасцей, па меры набыцця запасных частак арганізаваны рамонт пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі. Гэтай справай займаецца звяно рамонтнікаў пад кіраўніцтвам загадчыка машыннага двара Фёдара Петракова. Паспяхова спраўляюцца з выкананнем даведзеных заданняў слесары Уладзімір Жызнеўскі, Арцём Саскавец і Юрый Шэлястовіч, а таксама навучэнец-практыкант Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый Ісаёнак. Пры неабходнасці да рамонту прыцягваюцца электрагазазваршчыкі, токары і фрэзероўшчыкі завода агрэгатаў, якія не толькі рэстаўрыруюць сапсаваныя дэталі, але і вырабляюць новыя не вельмі складаныя вузлы і агрэгаты. На прадпрыемстве пры непасрэдным удзеле завадчан робіцца капітальны рамонт камбінаванага шыроказахватнага глебаапрацоўчага агрэгата “АКШ-6”.

Як паведаміў галоўны інжынер, да пачатку студзеня ў гаспадарцы былі ўжо адрамантаваны ўсе дзесяць камплектаў барон, трое плугоў, два культыватары “КНЧ-4,2”, машына для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў “МТТ-4” і раскідвальнік арганічных угнаенняў “ПРТ-10”. Падчас наведвання гаспадаркі слесары-рамонтнікі заканчвалі мяняць зношаныя рабочыя органы ў дыскатары, а таксама ў граблях-валкавальніках.

  • На падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ у нас прымяняецца пагадзінная аплата працы рамонтнікаў, таму што з-за недахопу ўласных фінансавых сродкаў мы не маем магчымасці своечасова забяспечыць іх усімі неабходнымі запаснымі часткамі для выканання акордных нарадаў у вызначаныя тэрміны, – са скрухай у голасе канстатаваў Васіль Ярашэнка. – Напрыклад, для камбінаванага шыроказахватнага глебаапрацоўча-пасяўнога агрэгата “АПП-6” паступова накапліваем запасныя часткі з тым, каб пазней адным заходам ліквідаваць усе яго няспраўнасці. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў” за аказваемую завадчанамі дапамогу і ў набыцці запасных частак, і ў арганізацыі рамонту тэхнікі. Менавіта агульнымі намаганнямі нам удаецца ў апошнія гады ў вызначаныя тэрміны і якасна рамантаваць і рыхтаваць да веснавых палявых работ усю сваю тэхніку, якая не падводзіць у адказныя перыяды пасяўной кампаніі, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі вырашчанага ўраджаю. Нягледзячы на тое, што большасць збожжа- і кормаўборачных камбайнаў эксплуатуецца больш чым па сем гадоў. Перакананы, што і сёлета паспяхова справімся з пастаўленымі задачамі…

На здымку: слесар Юрый ШЭЛЯСТОВІЧ, практыкант Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый ІСАЁНАК і слесар Арцём САСКАВЕЦ (злева направа) заканчвалі замену зношаных рабочых органаў у граблях-валкавальніках

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

ТРЭЦІ ГОД МАЛАКО ПРЫБАЎЛЯЕЦЦА

Летась жывёлаводы падсобнай сельскай гаспадаркі “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў” надаілі ад кожнай каровы ў сярэднім па 4920 кілаграмаў малака, перавысіўшы аналагічны паказчык папярэдняга года на 378 кілаграмаў. А пазалетась у гаспадарцы была атрымана яшчэ большая прыбаўка ў надоях на карову ў параўнанні з 2014 годам – ажно 658 кілаграмаў. Сёлета, нават у студзеньскія маразы, у сельгаспрадпрыемстве штодзённа надойвалі ад кожнай каровы па 13,5 кілаграма малака – на паўтара кілаграма больш, чым у адпаведны перыяд мінулага года.

Дзякуючы чаму жывёлаводам гаспадаркі ўдаецца трэці год запар атрымліваць даволі важкую прыбаўку ў надоях малака? З такім пытаннем карэспандэнт “А” звярнуўся да Сяргея Іллюшонка, брыгадзіра вытворчай брыгады “Шабынькі”, на ферме якой размяшчаюцца ўсе 402 галавы дойнага статка.

– У сціплых поспехах работнікаў малочнай галіны сельгаспрадпрыемства няма ніякіх асаблівых сакрэтаў, – адзначыў Сяргей Сцяпанавіч. – Гэта заканамерны вынік паўсядзённай карпатлівай працы нашых жывёлаводаў. А таксама планамернай і мэтанакіраванай работы кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі па павышэнню прадуктыўнасці дойнага статка і ўмацаванню кармавой базы, паляпшэнню якасці нарыхтоўваемых кармоў. Падчас штучнага асемянення кароў тэхнік-асемянатар Святлана Ісаёнак выкарыстоўвае семя быкоў з высокім генетычным патэнцыялам, таму штогод дойны статак абнаўляецца не менш чым на 30 працэнтаў высокапрадуктыўнымі першацёлкамі.

Як вядома, немалаважную ролю ў павышэнні надояў і валавой вытворчасці малака адыгрывае захаванне ўсіх тэхналагічных патрабаванняў утрымання, кармлення і даення кароў. Пасля праведзенай рэканструкцыі малочна-таварнай фермы “Шабынькі” там створаны нармальныя ўмовы як для размяшчэння жывёлы, так і для работы і адпачынку жывёлаводаў. І работнікі, паводле сцвярджэння Сяргея Іллюшонка, па меры магчымасці стараюцца прытрымлівацца ўсіх тэхналагічных норм і патрабаванняў, што і прыносіць добры плён.

Каровы раздзелены на гурты, у якіх асобна выдзелены запускныя і навацельныя. У залежнасці ад фізіялагічнага стану і прадуктыўнасці жывёлы арганізавана дыферэнцыраванае кармленне. Увогуле рацыёны сбалансаваны па абменнай энергіі і асноўных пажыўных рэчывах. Выдаюцца кармы ў выглядзе сянажна-сіласнай кормасумесі, у якую дадаткова ўводзяцца іншыя кампаненты, бялкова-вітамінныя дабаўкі і мікраэлементы. Недабор цукру, напрыклад, кампенсуецца патакай ад цукровых буракоў, а пры недахопе бялку ў кормасумесь дадаткова ўводзіцца шрот або іншыя бялковаўтрымліваючыя дабаўкі. А ўлетку выдаецца зялёная падкормка з бабовым кампанентам люцэрны ці канюшыны.

Дарэчы, для пасьбы кароў у летне-пашавы перыяд непадалёку ад фермы закладзена многакампанентная паша інтэнсіўнага тыпу з наборам злакавых і бабовых траў розных тэрмінаў паспявання. Своечасовая падкормка страўленых участкаў і апераджальнае падкошванне перарастаючага травастою даюць магчымасць выкарыстоўваць многакампанентную пашу з вясны і да позняй восені. Што таксама спрыяе павышэнню прадуктыўнасці жывёлы і павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі малака.

Мінулым летам у ПСГ “Чарневічы” нарыхтавалі на ўмоўную галаву БРЖ больш чым па 32 цэнтнеры кармавых адзінак травяністых кармоў, забяспечыўшы іх паўтарагадавы запас. Таму зімоўка жывёлы павінна прайсці нармальна. Але, паводле меркавання вядучага эканаміста гаспадаркі Людмілы Ліпніцкай, важна не толькі мець добры запас кармоў для грамадскай жывёлы, але і па-гаспадарску імі распарадзіцца. Выкарыстаць як мага больш рацыянальна, каб атрымаць найбольшую аддачу.

У пацвярджэнне сваіх слоў спецыяліст прыгадала мінулагоднюю зімоўку, калі з-за неспрыяльнага надвор’я на ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана травяністых кармоў менш чым па 20 цэнтнераў кармавых адзінак. І тым не менш, дзякуючы ашчаднаму выкарыстанню кожнага кілаграма кармоў, жывёлаводам удалося атрымаць прыбаўку ў надоях малака.

Варта адзначыць, што кіраўніцтва і спецыялісты ПСГ “Чарневічы” нацэльваюць радавых працаўнікоў гаспадаркі не толькі на павелічэнне аб’ёмных паказчыкаў, а і на зніжэнне выдаткаў і сабекошту атрымліваемай прадукцыі, а гэта значыць, і на павышэнне эфектыўнасці гаспадарання. І ўжо ёсць станоўчыя зрухі ў гэтым кірунку. Так, за кошт скарачэння затрат і выдаткаў на вытворчасць малака за 11 месяцаў мінулага года сабекошт аднаго цэнтнера гэтага віду прадукцыі знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на 8 працэнтаў. Дзякуючы гэтаму рэнтабельнасць вытворчасці малака павысілася з мінус 10 да плюс 0,6 працэнта. Расход кармоў на атрыманне цэнтнера малака ў гаспадарцы склаў 0,95 цэнтнера кармавых адзінак, што нават ніжэй даведзенага нарматыўнага паказчыка.

Падчас размовы са спецыялістамі і радавымі работнікамі жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі высветлілася, што там застаецца яшчэ нямала і нявырашаных праблем. Адна з іх – павышэнне якасці малака: сортам “экстра” яго здаецца на перапрацоўку пакуль вельмі мала. Як зазначыў галоўны ветэрынарны ўрач сельгаспрадпрыемства Валерый Будзько, адна з прычын такога становішча – змешванне малака ад здаровых кароў з малаком кароў, хворых мастытам. Для ліквідацыі гэтай прычыны “праблемныя” каровы выдзелены ў асобную “транзітную” групу, і малако ад іх пасля стэрылізацыі ідзе на выпайку малым цялятам. Вылечаныя жывёліны пасля дасканалай праверкі папаўняюць асноўны дойны статак, а хранічна хворыя пераводзяцца ў групу адкорму і пазней здаюцца на мясакамбінат. Пасля такога новаўвядзення якасць здаваемага на перапрацоўку малака стала прыкметна паляпшацца.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

Лепшы машынны двор – у філіяле “Вялікія Навасёлкі”

Напярэдадні Новага года былі падведзены вынікі традыцыйнага раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельскагаспадарчых арганізацый для работы ў зімовых умовах па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ 2017 года, арганізаванага ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Барысаўскага райвыканкама.
Пераможцам конкурсу прызнаны машынны двор аддзялення “Навасёлкі” філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”. Другое месца прысуджана машыннаму двару ПСГ “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў”. Трэцяе прызавое месца заняў машынны двор філіяла “Траянаўка” ААТ “БАТЭ” – кіруючая кампанія холдынгу “Аўтакампаненты”.
Пераможцам і прызёрам конкурсу ўручаны Ганаровыя граматы Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі. За першае месца вызначана прэмія ў памеры 40 базавых велічынь, а за другое і трэцяе – 30 і 20 базавых велічынь адпаведна.
Дарэчы, калектыў рамонтна-механічнай майстэрні аддзялення “Навасёлкі” філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” заняў першае месца і па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшую рамонтна-механічную майстэрню і мехдвор па навядзенню парадку і стварэнню належных умоў працы і быту, аб’яўленага летась Барысаўскім раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК. За перамогу ў конкурсе калектыў майстэрні атрымаў Дыплом раённага камітэта прафсаюза і каштоўны падарунак.
Як адзначыў галоўны інжынер філіяла Васіль Шамятавец, атрыманыя ўзнагароды – гэта вынік планамернай, карпатлівай, стараннай працы кіраўніцтва, спецыялістаў інжынернай службы і радавых работнікаў сельгас-прадпрыемства па ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Пры падтрымцы галаўнога прадпрыемства – УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” – у філіяле гаспадарчым спосабам пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю новы адміністрацыйна-бытавы корпус, у якім размясціліся сучасная прахадная з турнікетам і сістэмай відэаназірання, кабінеты спецыялістаў і тэхнічнага персаналу, іншых работнікаў інжынернай службы, гардэроб, душ, санітарны вузел. У суседнім будынку абсталяваны дыспетчарская і клас для вывучэння вадзіцелямі, механізатарамі і рамонтнікамі правілаў тэхнікі бяспекі.
Сваімі сіламі зроблена рэканструкцыя аўта-
матызаванай мыйкі тэхнікі, робіцца рамонт дахаў памяшканняў для захоўвання трактароў і аўтамашын, праводзіцца бетанаванне пляцоўкі машыннага двара. Тэрыторыя машыннага двара абнесена капітальнай жалезабетоннай агароджай, на ёй вы-дзелены спецыяльныя месцы для складзіравання металалому, зношаных шын, а таксама асфальтаваная пляцоўка для захоўвання пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, іншая складаная тэхніка на-дзейна захоўваюцца пад замком у памяшканні ангара-арачніка.
У дзвюх рамонтных майстэрнях створаны належныя ўмовы для работы механізатараў і рамонтнікаў у зімовы час. Цяплом майстэрні забяспечваюць абагравальнікі, якія працуюць на мясцовых відах паліва, на дрывах. Там абсталяваны гардэробы і пакоі для адпачынку.
Асобна выдзелены такарнае і зварачнае аддзяленні, электрацэх і склад для захоўвання запасных частак, вузлоў і агрэгатаў.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

У рамках акцыі “Наш жывёлавод”

У прынятай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады асаблівая ўвага ўдзелена развіццю жывёлагадоўлі, і ў прыватнасці яе мяса-малочнага накірунку, таму што менавіта жывёлагадоўля ў сельскагаспадарчай вытворчасці дае большую частку таварнай прадукцыі. З мэтай далейшага павышэння эфектыўнасці вытворчасці і якасці работы з выкарыстаннем прагрэсіўных тэхналогій, актывізацыі дзейнасці працоўных калектываў, прыцягнення моладзі ў сельскагаспадарчы сектар эканомікі, павышэння прэстыжу чалавека працы, маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў жывёлагадоўчай галіны прэзідыум Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК пастанавіў правесці з 1 лістапада 2016 па 1 красавіка 2017 года рэспубліканскую акцыю “Наш жывёлавод”.
З нагоды правядзення акцыі раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК сумесна з сацыяльнымі партнёрамі даручана арганізаваць сустрэчы з калектывамі жывёлаводаў на кожнай МТФ раёна (незалежна ад вытворчых паказчыкаў) і ўручэнне лепшым работнікам дыпломаў і каштоўных падарункаў. Вось і на Барысаўшчыне ў рамках рэспубліканскай акцыі ў гэтыя дні старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Зінаіда Басарэўская сустракаецца з жывёлаводамі малочна-таварных ферм і комплексаў сельгасарганізацый. Зінаіда Аляксандраўна гаворыць работнікам жывёлагадоўчай галіны шчырыя словы ўдзячнасці за іх паўсядзённую нялёгкую, але так патрэбную краіне працу і ўручае дыпломы і каштоўныя падарункі раённага камітэта прафсаюза перадавікам, якіх вылучыла кіраўніцтва і прафкамы гаспадарак для ўзнагароджвання за добрасумленную працу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы.
На МТК “Жыцькава” ААТ “Міраполле” такога гонару ўдастоена аператар машыннага даення Галіна Юрзанава, якая працуе на комплексе на працягу шасці гадоў, з пачатку ўводу яго ў эксплуатацыю. І пастаянна дабіваецца добрых вынікаў. Гэтай жанчыне даручаны адзін з найбольш адказных участкаў– раздой кароў пасля цялення.
Галіна Леанідаўна шчыра прызнаецца, што ўпраўляцца з каровамі ёй удаецца без асаблівых праблем, а вось прывучыць да даільных апаратаў першацёлак бывае не так проста. Але за многія гады работы з жывёлай яна прызвычаілася і да нораву першацёлак, знаходзіць падыход да кожнай з іх. А раздойваць жанчыне даводзіцца па 50–60 першацёлак і кароў на працягу першага месяца пасля расцёлу. І нават у гэты зімовы час ад кожнай з іх яна штодзённа атрымлівае больш чым па 23 кілаграмы малака.
– Рэзультаты работы аператара машыннага даення залежаць не толькі ад яго адносін да працы, ад старання і добрасумленнага выканання сваіх службовых абавязкаў, але і ад забеспячэння жывёлы высакаякаснымі кармамі, – зазначае суразмоўца. – А таксама і ад работы падменнага аператара, які дае выхадныя асноўнаму і падмяняе яго падчас штогадовага працоўнага водпуску. У нас з падменным аператарам Таццянай Шалак поўнае ўзаемапаразуменне, яна таксама з пачуццём адказнасці адносіцца да выканання даручанай справы і з жывёлай абыходзіцца належным чынам. Мы стараемся не падводзіць адна адну, і калі часам узнікаюць нейкія праблемы, то стараемся вырашаць іх агульнымі намаганнямі, не перакладваючы ўзнікаючыя цяжкасці на калегу. Гэтаксама добрасумленна выконвае свае абавязкі і цялятніца Святлана Карнюшка, якая даглядае нованароджаных цялят, а пры неабходнасці прыходзіць і нам на дапамогу. У нас склаўся дружны, згуртаваны калектыў, дзякуючы чаму мы і дабіваемся нядрэнных вытворчых паказчыкаў…
Паколькі сустрэча з жывёлаводамі на МТК “Жыцькава” адбылася напярэдадні Новага года, я запытаў у Галіны Юрзанавай, як яна адносіцца да таго, што жывёлаводам даводзіцца даіць кароў увечары, перад наступленнем Новага года, а назаўтра рана ўставаць і ісці на ранішнюю дойку.
Жанчына, не задумваючыся, адказала, што не бачыць у гэтым нічога незвычайнага, не раз сама працавала ў навагодняе свята, уставала ў 4 гадзіны раніцы і спяшалася на комплекс. Дарэчы, і мужу Васілю, які працуе на гэтым жа комплексе вартаўніком, таксама не адзін раз даводзілася дзяжурыць у навагоднія ночы. Сёлета і ў Галіны, і ў яе мужа першага студзеня па графіку выхадныя, таму назаўтра пасля сустрэчы Новага года будзе магчымасць адпачыць дома.
…У той дзень старшыня Барысаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Зінаіда Басарэўская ў рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” сустрэлася і з калектывам работнікаў малочна-таварнага комплексу “Навасёлкі” філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаў-скі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”. Гэты комплекс прызнаны пераможцам раённага агляду-конкурсу па навядзенню парадку і стварэнню дастойных умоў працы і быту работнікам у 2016 годзе, аб’яўленага раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК. Зінаіда Аляксандраўна за перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе ўручыла калектыву комплексу мікрахвалевую печ, а аператарам па гадоўлі маладняку БРЖ Алене Дашкевіч і Ірыне Шкробат за добрасумленную працу і дасягненне высокіх рэзультатаў у працы ў зімова-стойлавы перыяд утрымання дывёлы – дыпломы і каштоўныя падарункі ад раённага камітэта прафсаюза.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

 

 

 

 

 

 

Начальнік МТК “Навасёлкі”  філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” Валянціна КАПТУР, аператары па гадоўлі маладняку БРЖ Алена ДАШКЕВІЧ і Ірына ШКРОБАТ (злева направа)

 

 

 

 

 

 

 

Старшыня Барысаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Зінаіда БАСАРЭЎСКАЯ ўручае Дыплом і каштоўны падарунак аператару машыннага даення МТК “Жыцькава” ААТ “Міраполле” Галіне ЮРЗАНАВАЙ

Час патрабуе абнаўлення ведаў

У нашы дні вяскоўцы, як іх дзяды і бацькі, па-ранейшаму заняты спрадвечным сялянскім клопатам – вырошчваннем збожжа і іншых сельскагаспадарчых культур, а таксама гадоўляй жывёлы. Толькі сёння рабіць гэта яны павінны на больш высокім узроўні, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і высокапрадукцыйнай тэхнікі. Каб атрымліваць больш важкія рэзультаты, як таго патрабуе час.
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму назад барысаўскія аграрыі радаваліся ўраджайнасці збожжавых культур у межах 40 цэнтнераў з гектара, а цяпер не заўсёды задаволены і 80 цэнтнерамі. Добра памятаю, як у 80-я гады мінулага стагоддзя ўрачыста ўшаноўвалі аператараў машыннага даення, якія атрымалі ад каровы па 5 тысяч кілаграмаў малака, тады нават стварылі клуб даярак-пяцітысячніц. А летась аператар машыннага даення ААТ “Міраполле” Аксана Верхаводка па ўдою малака на карову пераадолела ўжо дзесяцітысячны рубеж.
Безумоўна, дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў без атрымання новых ведаў вяскоўцам наўрад ці ўдалося б. Кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый раёна пастаянна абнаўляюць веды і павышаюць свой прафесійны ўзровень на разнастайных семінарах і курсах павышэння кваліфікацыі, а кадры масавых прафесій – праз дзяржаўную ўстанову дадатковай адукацыі дарослых “Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Барысаўскага райвыканкама”.
Для сельскагаспадарчых арганізацый раёна на базе гэтай установы адукацыі традыцыйна праводзіцца падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў масавых прафесій – трактарыстаў-машыністаў, аператараў машыннага даення, слесараў па абслугоўванню абсталявання жывёлагадоўчых ферм і аператараў па абслугоўванню збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў. Вось і за прайшоўшыя 11 месяцаў года ў цэнтры падрыхтавана 9 трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “А”, прайшлі перападрыхтоўку 15 аператараў машыннага даення, 30 трактарыстаў-машыністаў катэгорый “В”, “D”, “F” і 6 аператараў па абслугоўванню абсталявання пад ціскам. Акрамя гэтага, павысілі сваю кваліфікацыю 120 аператараў машыннага даення, 61 трактарыст-машыніст, 20 слесараў па абслугоўванню абсталявання жывёлагадоўчых ферм і 10 аператараў па абслугоўванню збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў.
– Сёлета ўпершыню мы арганізавалі вучобу аператараў па абслугоўванню абсталявання пад ціскам і падрыхтавалі 6 такіх спецыялістаў па заяўцы УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў” ААТ “Мінскаблхлебапрадукт”, – адзначыў дырэктар цэнтра Мікалай Цалко. – У будучым годзе ў дадатак да ранейшых плануем наладзіць навучанне спецыялістаў яшчэ па некаторых новых прафесіях – вадзіцеляў акумулятарных пагрузчыкаў, акумулятаршчыкаў, рамшчыкаў, электрагазазваршчыкаў, машыністаў кіруемага з падлогі крана, а таксама слесараў па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, якія апошнім часам запатрабаваны на рынку працы. Для сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, якія падпарадкаваны Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, навучанне праводзіцца бяс-платна, а для старонніх арганізацый і фізічных асоб – на платнай аснове. Так, напрыклад, за 2,5-3 месяцы навучання па спецыяльнасці “трактарыст-машыніст” староннім арганізацыям ці прыватным асобам патрэбна заплаціць 400 рублёў…
Пасля праведзенай у раёне рэканструкцыі і мадэрнізацыі малочна-таварных ферм і ўвядзення ў эксплуатацыю новых малочна-таварных комплексаў, аснашчаных сучасным абсталяваннем, была наладжана планавая вучоба аператараў машыннага даення і слесараў па абслугоўванню малочнага абсталявання непасрэдна ў гаспадарках. Вопытны, высокакваліфікаваны майстар вытворчага навучання Тамара Маўчанская згодна з загадзя зацверджаным графікам штодзённа, акрамя выхадных, выязджае ў сельгаспрадпрыемствы і непасрэдна на месцы знаёміць работнікаў ферм і комплексаў з перадавымі тэхналогіямі ўтрымання, кармлення і даення кароў, а таксама з асаблівасцямі работы сучаснага малочнага абсталявання. Апроч гэтага нярэдка, па просьбе кіраўнікоў гаспадарак, праводзіцца і пазапланавая вучоба так званых навічкоў – прынятых на работу новых аператараў машыннага даення і слесараў. Сёлета такая пазапланавая вучоба праведзена з пачынаючымі жывёлаводамі ААТ “БарысаўСаюзАгра”, пасля чаго паступіла заяўка на падрыхтоўку спецыялістаў непасрэдна на месцы ад кіраўніцтва ААТ “Аграфірма імя Суворава”.
Паводле сцвярджэння дырэктара цэнтра, для арганізацыі вучобы механізатараў, аператараў машыннага даення і работнікаў іншых катэгорый непасрэдна ў горадзе выкарыстоўваюцца класы і лабараторыі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Тэарэтычныя веды слухачам даюць як выкладчыкі самога цэнтра, так і прыцягнутыя з іншых навучальных устаноў і арганізацый высокакваліфікаваныя спецыялісты. А для правядзення практычных заняткаў цэнтр арандуе сучасную тэхніку ў спецыялізаваных прадпрыемстваў і арганізацый.
Што ж тычыцца вучобы жывёлаводаў непасрэдна ў гаспадарках, то іх вучаць на тым самым абсталяванні, якое яны выкарыстоўваюць у сваёй паўсядзённай працы. Пры гэтым майстар вытворчага навучання абавязкова звяртае ўвагу на тое, каб гэта абсталяванне адпавядала ўсім патрабаванням тэхналогіі і тэхнічных рэгламентаў. А калі заўважае нейкія адхіленні ў рабоце абсталявання, то складае адпаведны акт і перадае яго кіраўніцтву гаспадаркі для неадкладнага прыняцця неабходных мер па ліквідацыі выяўленых недахопаў.
З пачатку снежня ў цэнтры пачалася вучоба чарговай групы па перападрыхтоўцы трактарыстаў-машыністаў катэгорый “В”, “D”, “F”. У складзе групы – прадстаўнікі ААТ “Аграфірма імя Суворава”, ААТ “Барысаўская Аграпрамтэхніка”, ААТ “Боркі Агра”, ААТ “Зембінскі”, ААТ “Міраполле”, філіяла “Вялікія Навасёлкі” УП “Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў”, а таксама некалькі слухачоў, якія вучацца на платнай аснове. Падчас наведвання заняткаў карэспандэнтам “А” выкладчык Леанід Стахоўскі знаёміў слухачоў з сістэмай змазкі рухавіка энерганасычанага трактара маркі “МТЗ”.

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

ПАВІННЫ ПРЫБАВІЦЬ БОЛЬШ ЧЫМ ПАЎТОНЫ

Сёлета жывёлаводы ААТ “Лошніцкі край” маюць намер надаіць ад кожнай фуражнай каровы не менш чым па 6600 кілаграмаў малака. Гэта значыць, што прыбаўка да мінулагодняга ўдою на карову павінна скласці больш чым паўтоны – каля 600 кілаграмаў.

— Задача стаіць перад нашымі жывёлаводамі няпростая, але рэальная, – запэўніў галоўны заатэхнік гаспадаркі Мікалай Лосеў. – Рэальнасць дасягнення пастаўленай мэты пацвярджаюць вынікі работы калектываў малочна-таварных ферм і комплексу за прайшоўшыя дзесяць месяцаў. Дзякуючы забеспячэнню жывёлы патрэбнай колькасцю кармоў, належнай арганізацыі ўтрымання, кармлення і даення кароў, а таксама стараннай працы радавых жывёлаводаў, спецыялістаў зоаветэрынарнай службы і кіраўнікоў усіх узроўняў, у гаспадарцы на працягу года забяспечваецца прыбаўка як па вытворчасці, так і па рэалізацыі малака. Вось і ў гэтыя зімовыя дні ў сярэднім ад каровы па гаспадарцы надойваецца каля 19 кілаграмаў малака, што амаль на два кілаграмы перавышае мінулагодні паказчык. Тэмп росту валавой вытворчасці малака ў параўнанні з леташнім складае звыш 107 працэнтаў. Прыкладна на столькі ж павялічылася і яго рэалізацыя, пры таварнасці малака каля 92 працэнтаў.

Як паведаміў Мікалай Уладзіміравіч, у гаспадарцы своечасова падрыхтавалі да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ўсе памяшканні малочна-таварных ферм: адрамантавалі стойлы і кармушкі, уцяплілі тамбуры і дзверы, “зашклілі” полікарбанатам аконныя праёмы. А з наступленнем халадоў дойны статак паставілі ў кароўнікі, арганізаваўшы кармленне жывёлы па зімовых рацыёнах.

Травяністых кармоў у гаспадарцы сёлета нарыхтавана ўдосталь, і падчас прыгатавання кормасумесяў вытрымліваюцца суадносіны сенажу і сіласу 1:1, як рэкамендуюць вучоныя аграрнай навукі. Прычым больш чым 1140 тон сенажу скручана ў рулоны і ўпакавана ў стрэйч-плёнку, у якой на працягу доўгага часу захоўваюцца практычна ўсе пажыўныя рэчывы корму. Недабор зернефуражу па прычыне зніжэння ўраджайнасці і валавога намалоту збожжавых і зернебабовых культур будзе часткова кампенсаваны зернем кукурузы, 326 тон якога сплюшчана і ўпакавана ў поліэтыленавы рукаў. Паводле слоў Мікалая Лосева, гэты высокаэнергетычны корм будзе дадаткова ўведзены ў рацыёны кармлення кароў пасля расцёлаў і пры значным паніжэнні тэмпературы паветра. З мэтай павелічэння ўтрымання ў корме абменнай энергіі. Увогуле ж на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы прыходзіцца больш чым па 33 цэнтнеры кармавых адзінак.

На малочна-таварным комплексе “Сялітранка” дойны статак круглы год знаходзіцца на бяспрывязным утрыманні з аднатыпным кармленнем. Жывёла па-дзелена па секцыях у залежнасці ад яе фізіялагічнага стану і прадуктыўнасці. З улікам гэтых асаблівасцей для кожнага гурта складаюцца і сутачныя рацыёны. Цяпер на комплексе штодзень у сярэднім ад каровы надойваюць больш чым па 20 кілаграмаў малака. Прыбаўка да леташняга паказчыка за адпаведны перыяд складае каля трох кілаграмаў.

Дояцца каровы на комплексе ў даільнай зале тры разы ў дзень, і прадуктыўнасць кожнай жывёліны фіксуецца камп’ютарам. А вось вызначыць рэзультатыўнасць работы кожнага аператара машыннага даення па паказчыках камп’ютара не ўяўляецца магчымым, паколькі каровы не замацаваны за канкрэтнымі жывёлаводамі. Тым не менш Мікалай Уладзіміравіч адзначыў асаблівае старанне ў рабоце аператара машыннага даення Любові Пахомчык, якая працуе на комплексе з самага пачатку ўводу яго ў эксплуатацыю, набыла немалы вопыт, якім жанчына ахвотна дзеліцца з калегамі.

Каля 19 кілаграмаў малака ад каровы надойваюць цяпер на радавой МТФ “Негнавічы”, дзе штодзённая прыбаўка складае 2 кілаграмы. На гэтай ферме прыкладам для астатніх служыць работа аднаго з вопытнейшых аператараў машыннага даення Ірыны Крыкштуль, якая працуе ў жывёлагадоўлі чвэрць стагоддзя. Начальнік аддзялення МТФ “Негнавічы” Ірына Ільясава пры размове з карэспандэнтам адзначыла выключную прыстойнасць гэтай жанчыны, яе старанне і добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў, дзякуючы чаму Ірына Сцяпанаўна дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў і не адзін раз выходзіла пераможцай спаборніцтва сярод жывёлаводаў гаспадаркі і раёна.

Дарэчы, на ферме “Негнавічы” працуе лепшы на Барысаўшчыне тэхнік-асемянатар Ніна Гаеўская. Ніна Мікалаеўна прызнавалася лепшым спецыялістам сталічнай вобласці, а сёлета ў чарговы раз выйшла пераможцай раённага конкурсу. На гэтай жа ферме сканцэнтраваны маладняк буйной рагатай жывёлы, які потым ідзе на ўзнаўленне дойнага статку. А аснову развіцця і станаўлення будучых кароў закладвае дбайная і працавітая жанчына Галіна Хорава, якая даглядае малых цялят, ва ўзросце з 21 дня ад нараджэння, займаецца іх выпайкай і прывучае да паядання грубых кармоў. Праз месяц цялушкі фарміруюцца ў асобныя гурты, у якіх гадуюцца да злучнога ўзросту, а пасля расцёлаў папаўняюць дойны статак ферм і комплексу…

Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара